"Свет фантазій" Іўліяніі Шах



У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна працавала выстава малюнкаў наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Іўліяніі Шах.

Яе апошнія работы - некалькі дзясяткаў жыццясцвярджальных запамінальных карцін з сакавітымі яркімі фарбамі, жыццёвымі і казачнымі сюжэтамі. Малюнкам Іўліяніі ўласцівы касмічнасць і міфалагічнасць, уражвае лёгкасць і дынамічнасць намаляваных ёю герояў. Сярод колераў, якім аддае перавагу аўтарка - блакітны, ружовы, ліловы.

На адкрыццё выставы былі запрошаны наведвальнікі аддзялення "Праменьчык" і навучэнцы старэйшых класаў гімназіі №1 горада Дзятлава. Пра юную аматарку выяўленчага мастацтва і яе захапленне прысутным расказала арганізатар выставы - псіхолаг Цэнтра Вольга Ступчык.

- Усё пачынаецца з сям'і. Наколькі творчым і шчаслівым вырасце чалавек, залежыць ад яго бацькоў. Іўліянія нарадзілася з несуцяшальным дыягназам ДЦП, аднак яна не скарылася цяжкасцям, а наадварот, годна пераадольвае іх, стараецца несці радасць жыцця іншым людзям. Юля - чалавек творчы, і вырасла яна такой дзякуючы сваёй матулі, якая ў свой час запісала дачку ў мастацкі гурток.

Цяпер Іўліяніі 26 гадоў, большую частку з якіх яна малюе. Вялікую ролю ў фарміраванні светапогляду юнай аматаркі мастацтва сыграла яе бабуля. Яна гаварыла ўнучцы, што не варта маляваць усё без разбору - з дапамогай фарбаў на паперы трэба адлюстроўваць прыгажосць і пяшчоту навакольнага свету, бо кепскага вакол нас і так хапае. Карціны Юлі паступова "засялілі" балярыны, анёлы, дзеці, прыгожыя дзяўчыны і кветкі.

Каб яшчэ шырэй пазнаёміць прысутных са сваёй творчасцю, у тым ліку ранейшымі работамі, Іўліянія Шах падрыхтавала мультымедыйную прэзентацыю, дзе да сваіх карцін падабрала філасофскія выразы з глыбокім сэнсам - аб людзях і галоўных духоўных каштоўнасцях.

Выстава Іўліяніі называецца "Свет фантазій". I сапраўды, яе работы заклікаюць у маляўнічы свет казкі, дзе дабро перамагае, дзе можна пакатацца на месяцы, пазнаёміцца з Дзюймовачкай і ўбачыць Анёла.

Сама Іўліянія Шах расказвае, што яе натхняюць карціны англійскай мастачкі Жазэфіны Уол з казачнымі сюжэтамі, а таксама балет, музыка і малюнкі дзяцей. Наогул, Юля лічыць, што "дзіцячыя душы нічым не абцяжараны, дзеці нараджаюцца з дарам бачыць свет непасрэдна і быццам жывуць не першае жыццё на гэтай планеце - у іх усё гарманічна".

У маляванні Іўліянія знаходзіць душэўны спакой, фарбы дапамагаюць ёй "збегчы" ад паўсядзённай мітусні ў свет фантазій, стварыць казку на лісце паперы. А яшчэ Юля ўпэўнена, што, "калі кепскі настрой - фарбы ўсё выправяць".

Працуе дзяўчына найчасцей дома, аднак шэсць дзён на тыдні наведвае Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў, якую скончыла яшчэ ў 2013 годзе. Педагогі ўстановы выдатна ведаюць Іўліянію Шах і не забараняюць ёй прыходзіць на заняткі.

У свой час Юля апякае юных наведвальнікаў школы, ведае пра іх планы і турботы, дапамагае ім пасля заняткаў прыбраць працоўныя месцы. Ёй падабаецца мець шмат сяброў і працаваць у групе.

Найчасцей для сваіх карцін Іўліянія выкарыстоўвае гуаш, часам - акварэль, у планах - навучыцца маляваць маслам. У юнай мастачкі ўжо ёсць вопыт удзелу ў конкурсах: яна прызёрка моладзевага фестывалю-конкурсу "Велікодны куліч", конкурсу Беларусбанка "Фінансавая азбука" і нават "Славянскага базара".

Наведаць выставу работ Іўліяніі Шах жадаючыя маглі на працягу некалькіх дзён. Паглядзець малюнкі наведвальніцы "Праменьчыка" былі запрошаны школьнікі і выхаванцы дзіцячага садка.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/