Сувязныя вякоў і пакаленняў: Францыск Скарына і Ігнат Дварчанін



Грамадскасць Беларусі рыхтуецца адзначыць у верасні 2017 года 500-годдзе кнігадрукавання, якое ў нашым уяўленні цесна звязана з асобай Францыска Скарыны. Па карпатлівых падліках бібліёграфаў, Францыску Скарыну прысвечана больш за 6 тысяч публікацый. Лічба значная. А хто былі тыя першыя даследчыкі, якія звярнуліся да асобы першадрукара, усебакова асэнсавалі ролю Францыска Скарыны ў нашай нацыянальнай гісторыі?

Шукаючы адказ на гэта пытанне, можна даведацца, што сярод скарыназнаўцаў згадваецца імя і нашага земляка Ігната Дварчаніна.

Ігнат Сымонавіч Дварчанін (1895-1937 гг.) — яркая асоба ў нашай айчыннай гісторыі. Ён быў таленавітым педагогам і літаратуразнаўцам, вучоным і вядомым грамадскім дзеячам, паэтам і перакладчыкам. Прырода шчодра надзяліла яго талентамі, паставіла ў шэраг выбітных асобаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Яму як і многім беларусам таго часу, прыйшлося прайсці праз шматлікія выпрабаванні. Мяркуйце самі: удзельнік Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі, актыўны барацьбіт за правы працоўных у Заходняй Беларусі, дэпутат польскага сейма, вязень лагера ў Салаўках.

Нарадзіўся Ігнат Дварчанін у вёсцы Погіры ў сям'і дробнага арандатара ў 1895 годзе. Пасля атрымання пачатковай адукацыі жыццёвыя дарогі прывялі яго ў Дзятлаўскую царкоўнана-стаўніцкую школу, дзе правучыўся тры гады (1909-1912). Аб гэтым перыядзе яго жыцця расказвае мемарыяльная дошка, прымацаваная на будынку былога палаца Радзівілаў: "Тут у настаўніцкай семінарыі з 1909 па 1912 год вучыўся наш зямляк Ігнат Сымонавіч Дварчанін, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, доктар філасофіі".

Гістарычныя падзеі пачатку 20 стагоддзя захапілі маладога беларуса. Ён шмат друкуецца, супрацоўнічае са шматлікімі перыядычнымі выданнямі, выступае з лекцыямі. Паказальным з'яўляецца яго ўдзел у правядзенні ў ліпені 1918 года ў Маскве нарады настаўнікаў школ Беларусі. Газета "Дзянніца" паведамляе: "Ігнат Дварчанін выступіў на нарадзе з дакладам пра задачы школьнай справы на Беларусі, падкрэсліўшы пры гэтым, што неабходна вывучаць 6еларускую мову, літаратуру, каб народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым пасярод другіх, а чуў сябе як роўны з роўнымі".

Восенню 1921 года ён становіцца студэнтам Пражскага ўніверсітэта. У гэты час Ігнат Дварчанін піша вершы, змяшчае іх у рукапісным часопісе "Перавясла", вядзе навуковую працу ў галіне гісторыі беларускай літаратуры. У 1925 годзе абараняе доктарскую дысертацыю па тэме: "Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве". Чаму іменна гэту тэму абраў для сваёй доктарскай працы малады даследчык?

Верагодна, на выбар тэмы для даследавання паўплываў той факт, што ў гэты час у многіх славянскіх краінах ішла падрыхтоўка да святкавання 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, і захацелася расказаць аб лёсе і працы чалавека, які ўнёс велізарны уклад у беларускую культуру. Як адзначаюць даследчыкі, лёсы Францыска Скарыны і Ігната Дварчаніна шмат у чым падобныя. Па-першае, свой духоўны і інтэлектуальны патэнцыял яны змаглі рэалізаваць у Пра-зе. Па-другое, у сваёй дзейнасці абапіраліся на здабыткі чэшскай культуры. І, нарэшце, іх з поўным правам можна назваць абуджальнікамі, адраджэнцамі нацыянальнай свядомасці, хоць і на розных адрэзках часу.

Наколькі пленным быў пражскі перыяд дзейнасці Францыска Скарыны, сведчыць той факт, што, пачынаючы з 1517 года, за два з паловай гады ён выпусціў 23 кнігі амаль у 2400 старонак. Гэта было сапраўдным подзвігам першадрукара. "Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению", — так вызначыў сэнс і мэту сваёй галоўнай справы — выдання Бібліі на роднай мове сам асветнік.

Наш слаўны суайчыннік абвергнуў пашыранае сярод свецкай і духоўнай знаці на Захадзе ўяўленне, быццам на Беларусі пануе цемра і невуцтва. Ён, Францыск, сын Скарыны з Полацка, сцвердзіў, што ідэалы Адраджэння, асабліва культ ведаў і дзейснага, плённага жыцця, прызнаюцца і шырацца ў яго краі.

Асветнікам і прадаўжальнікам справы Францыска Скарыны з'яўляецца Ігнат Дварчанін. Нягледзячы на тое, што маштаб іх дзейнасці розны, аб'ядноўвае іх вялікае жаданне служыць свайму народу.

Пражскі перыяд і для Ігната Дварчаніна быў вельмі плённым. Гады вучобы ў Пражскім універсітэце сталі трывалым інтэлектуальным падмуркам для маладога навукоўца. У аўтабіяграфіі пра сваю дысертацыю ён пісаў: 'Тэта кніга пісалася па-чэшску як дысертацыйная доктарская праца пры выпуску са Старога Пражскага ўніверсітэта. Хацелася выкарыстаць матэрыял пра Францыска Скарыну ў месцы, з якім звязана найлепшая парадзейнасці нашага гуманіста". Ён сцвердзіў думку, што рознабаковая дзейнасць пачынальніка беларускага Адраджэння адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай культуры, шмат у чым вызначыла яе нацыянальную спецыфіку і асноўныя напрамкі будучага развіцця.

Лёс гэтай працы склаўся драматычна. Напісаная ў 1926 годзе, яна была незапатрабаванай больш за 60 гадоў і толькі нядаўна была перакладзена на беларускую мову і ўведзена ў навуковы ўжытак. Як сцвярджалі тагачасныя даследчыкі, a іх падтрымліваюць і сучасныя навукоўцы, дысертацыя Ігната Дварчаніна з'явілася самым сапраўдным адкрыццём невядомых старонак жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Яна не страціла сваёй актуальнасці і цяпер.

Рыхтуючыся да слаўнай даты — 500-годдзя кнігадрукавання, нельга забываць імя таго, хто падарыў нам друкаваную кнігу, хто стаяў ля вытокаў тых мільёнаў тамоў, што выдаюцца цяпер.

К. МІХАЛЕВІЧ, настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/