Сустрэча праз сорок гадоў



У жніўні выпускнікі 1977 года Вензавецкай сярэдняй школы вырашылі сабрацца на доўгачаканую сустрэчу праз сорак гадоў пасля заканчэння школы.

Прыехалі чатырнаццаць чалавек, каб пабачыцца, падзяліцца сваімі радасцямі, успомніць мінулыя школьныя гады, сваіх настаўнікаў і аднакласнікаў, якія жывуць і якіх ужо няма побач.

Здаецца, зусім нядаўна прывялі нас матулі прыгожых, з вялікімі букетамі кветак у першы клас, дзе першая настаўніца Ганна Міхайлаўна Каско прыняла нас, як сваіх родных дзетак. I вось прайшло з таго часу ўжо сорак гадоў.

Спачатку мы вырашылі наведаць сваіх настаўнікаў. Да класнага кiраўніка Зінаіды Іванаўны Дудзіч паехалі на могілкі: на жаль, за тыдзень да нашай сустрэчы яна пайшла з жыцця. За гады вучобы ў школе Зінаіда Іванаўна стала нам блізкім чалавекам, да якога можна было прыйсці са сваімі радасцямі і непрыемнасцямі, і яна заўсёды выслухае, дапаможа слушнай парадай. Ад усіх прагучалі словы ўдзячнасці за яе неацэнную працу.

Затым мы паехалі да нашай першай настаўніцы Ганны Міхайлаўны Каско — з кветкамі, падарункамі, пажаданнямі здароўя і дабрабыту. Колькі ва ўсіх было радасці ад гэтай сустрэчы, прыемных успамінаў.

Не менш цікавай і цёплай стала сустрэча з настаўніцай біялогіі Ганнай Міхайлаўнай Клімко, настаўніцай алгебры і геаметрыі Ліліяй Фёдараўнай Дзянісік, настаўніцай хіміі Фаінай Канстанцінаўнай Абрамчык. Усе яны прымалі нас гасцінна, цікавіліся нашымі поспехамі, сем'ямі, дзякавалі за сустрэчу.

А потым, за святочным сталом, пачаліся вандроўкі па нашых жыццях: прафесія, сям'я, дзеці, унукі. Кожны з нас мае багаты жыццёвы вопыт за плячыма. Мы сталі педагогамі, медыкамі, праграмістамі, вадзіцелямі, работнікамі сельскай гаспадаркі, інжынерамі.

I за ўсё гэта варта сказаць вялікі дзякуй тым, хто нам у гэтым дапамог — нашым педагогам, пажадаць ім здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця.

Калі яшчэ будзе новая сустрэча — невядома, але самае галоўнае, што мы захавалі ў сваіх сэрцах дарагія ўспаміны пра дзяцінства, пра нашы школьныя гады.

А. БЕЛУШ, выпускніца 1977 года Вензавецкай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/