Страхавы агент з амаль паўвекавым стажам



10 жніўня свой 70-гадовы юбілей адзначыць Мечыслаў Скібінскі - страхавы агент СТАА "Белкаапстрах", жыхар горада Дзятлава. Калегі Мечыслава Іосіфавіча характарызуюць яго як чалавека, з якім лёгка і камфортна працаваць, гавораць, што яму ўласцівы чуласць, прафесіяналізм, скіраванасць на вынік, сумленнасць, адказнасць. Ён хварэе душой за даручаную справу і валодае невычэрпнай энергіяй.

Сам юбіляр прызнаецца, што ў сферу страхавых паслугаў прыйшоў у 1973 годзе, прычым, на пачатку кар'еры не чакаў, што застанецца на такі працяглы тэрмін.

- Лічыў, што не спраўлюся, бо нязвыклым было хадзіць па вёсках, угаворваць людзей афармляць страхавыя полісы, выконваць даведзены план. Было цяжка. Мне далі Ахонаўскі сельсавет, і я пешшу, бо транспарту не меў, у любое надвор'е "падарожнічаў" па вёсках Ахонава, Боцкавічы, Марозавічы, толькі вечарам вяртаўся дахаты. Аднак з цяжкасцямі справіўся: за 35 гадоў работы ў "Белдзяржстраху" атрымаў звыш 50 падзячных запісаў у працоўную кніжку, і з кліентамі склаліся даверлівыя адносіны.

Цяпер адзінаццаты год працую ў "Белкаапстраху". За гады работы зразумеў, што поспех у любой справе залежыць ад старання. Таму заўсёды імкнуся быць пунктуальным, своечасова прыязджаць да людзей, тлумачыць ім выгоды і неабходнасць страхавання, культурна абслугоуваць кліентаў. Іх у мяне да 150 у месяц, і большасць - пастаянныя. Гэта не дзіўна, бо наша арганізацыя прадастаўляе шырокі спектр страхавых паслугаў, сярод якіх страхаванне транспарту і добраахвотныя віды страхавання, маёмасці, збудаванняў, кватэраў, страхаванне ад няшчасных выпадкаў, пры выездзе за мяжу. Кліенту самому выбіраць, дзе яму будзе камфортней і танней, дзе вышэй культура абслугоўвання.

Асабіста мне ў рабоце дапамагаюць цярпенне, прафесійная вытрымка, веданне псіхалогіі. З уласным часам не лічуся, заўсёды гавару кліентам, што працую кругласутачна 365 дзён на год. Нават калі тэлефануюць ноччу ці ў выхадны дзень, еду да чалавека. Сітуацыі бываюць розныя, і абавязкова трэба ісці насустрач людзям. Будзе культура абслугоўвання - будуць і кліенты.

Цікаўлюся ў Мечыслава Іосіфавіча аб ранейшай прафесіі. Аказваецца, па спецыяльнасці ён механік. У 1967-1969 гадах служыў у арміі, а з 1970-га па 1973-і працаваў трактарыстам у Мастоўскім ПМК-11. Брыгада была задзейнічана на меліярацыйных работах у Дзятлаўскім раёне. Калі ж работнікаў пачалі пераводзіць на Навагрудчыну, Мечыслаў Скібінскі звольніўся з ПМК і стаў страхавым агентам.

За плячыма ўжо 45 гадоў бесперапыннага стажу ў сферы страхавых паслугаў, а гэта амаль паўвека. На Дзятлаўшчыне пакуль ні адзін страхавы агент не перасягнуў "планку" Мечыслава Іосіфавіча, мала такіх і ў вобласці. Сам юбіляр не губляе працавітасці - і заўсёды гатовы падзяліцца вопытам з маладымі работнікамі. На адпачынак таксама не збіраецца, кажа, "трымаюць" кліенты, якія чакаюць і давяраюць.

У вольны ад работы час у Мечыслава Скібінскага справаў таксама хапае: дома агарод і свая гаспадарка, завітваюць у госці дзеці. Разам з жонкай Галінай Валяр'янаўнай яны выгадавалі дзвюх дачок, дачакаліся трох унучак. Таму наперадзе яшчэ шмат працоўных і асабістых планаў.

Калегі з СТАА "Белкаапстрах" жадаюць Мечыславу Іосіфавічу, каб усе яго задумкі ажыццявіліся, зычаць яму здароўя, дабрабыту, удачы і асабістага шчасця.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/