Стараста і майстар фельетона



У межах праекта "Глыбінкай жыве Беларусь" работніцы сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры наведалі вёску Студзераўшчыну, каб пагутарыць з мясцовым старастам, стваральнікам легендарнага Студзераўшчынскага народнага калектыву, Антонам Гузарыкам і даведацца яго сакрэт даўгалецця.

- Мы тут размаўляем і па-беларуску, і па-руску, выскокваюць і ўкраінскія, і польскія словы, - стараста найперш пачынае размову пра сваіх аднавяскоўцаў. - Але ўсе адзін аднаго разумеем, жывём мірна, па-суседску. Можа, і вы зразумееце, што вам раскажу.

Нарадзіўся Антон Фёдаравіч тут, у Студзераўшчыне, акурат на праваслаўныя Каляды. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, з якой многія мужчыны не вярнуліся жывымі, давялося рана пачаць працоўную дзейнасць. Дзевяцігадовы Антон выходзіў на працу разам з аднавяскоўцамі, як дарослы. Працаваў на нарыхтоўцы сіласу, адвозцы кукурузы, якая ў часы Хрушчова была вельмі папулярнай сельскагаспадарчай раслінай, акучваў бульбу, падграбаў сена, а як пасталеў - сам пайшоў з касою на калгасны палетак.

У красавіку 1964 года Антон Гузарык прыняў кіраўніцтва над мясцовым Домам культуры, у якім працаваў усё свае жыццё. У клубе быў старэнькі баян, пад які ладзіліся танцы, настольныя гульні. Яшчэ за савецкім часам тут з'явіўся магнітафон і нават більярд - мабыць, адзіны ў ваколіцы, на які прызджалі падзівіцца з суседніх вёсак. Апе галоўным налрамкам дзейнасці Дома культуры была самадзейнасць. Рабілі культурны абмен з суседнімі вёскамі: або самі ехалі туды, або запрашалі гасцей. Спявалі франтавыя песні або жартоўныя.

Праз некаторы часу ў запявалы ансамбля памерла дачка, ён перастаў удзельнічаць у самадзейнасці, а разам з ім перастаў існаваць і калектыў. Аднак на той час ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ўсё актыўней пачалі звяртацца да фальклору.

- Я падумаў, а чаму б не запрасіць жанчын і стварыць калектыў. Спачатку іх было шэсць, затым дванаццаць.
Развучвалі песні сваей мясцовасці. Перш выступалі па суседзях, затым выйшлі на раённую сцэну. У вёсцы з'явіліся свае Студзераўшчынскія вячоркі, якія сталі культурным здабыткам Беларусі. Калектыў нават запісваўся ў Мінску ў Белтэлерадыёкампаніі. Затым запісалі вясельны абрад выпякання каравая. Калектыву выпала зрабіць чатыры запісы на рэспубліканскім тэлебачанні, у якіх удзельнічалі не толькі студзераўшчынскія спявачкі, але і іншыя выбітныя народныя артысты Дзятлаўшчыны.

Студзераўшчынскі песенны калектыў атрымаў званне народнага, узяў сабе назву "Журавушка". Антон Фёдаравіч ездзіў на выступленні разам з калектывам. У перапынках паміж песнямі чытаў вершы і фельетоны. З'явііўся ў яго і свой "каронны" фельетон "Пра гасцёй, чарнілы і пра сябе", які падарыла яму галоўны бухгалтер Раготнаўскага сельсавета.

- Столькі год мінула, а я яго помню, - кажа Антон Фёдаравіч.

3 2000 года мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але адысці ад справаў яму не дазволілі аднавяскоўцы. Ужо 20 гадоў Антон Гузарык нязменны стараста вёскі Студзераўшчына. У свае восемдзясят гадоў мужчына бадзёры і рухавы. Падтрымлівае свой вясковы дом у парадку, дапамагае аднавяскоўцам, па-майстэрску пляце кошыкі з лазы і венікі.

- Рукі ўжо не слухаюцца, як у маладосці, але без справы сядзець не магу, таму і пачаў майстраваць.

Сёлета ў лютым Антон Гузарык і яго жонка адзначылі залатое вяселле. Аднавяскоўцы, яны пазнаёміліся тут на танцах і стварылі сям'ю. Тры дачкі жывуць у Слоніме, маюць свае сем'і, ёсць пяцёра ўнукаў і двое праўнукаў.

- 3 мяне жартуюць, што я жыву так, як расказваю ў фельетоне. Маю тры зяці.

На думку старасты, галоўны сакрэт даўгалецця, бадзёрасці - быць добрым да людзей, не сядзець без справы і не пакідаць творчасць.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/