СПРАВА САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН



Дзень пажарнай службы - добрая нагода пагутарыць з прадстаўнікамі гэтай мужнай прафесіі аб іх справе, яе пазітыўных момантах і складанасцях. Пра тое, як служаць сучасныя пажарныя, карэспандэнтка газеты "Перамога" даведалася ў камандзіра аддзялення пажарна-выратавальнага паста №14 "Наваельня" Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Трафімчыка.

— Аляксандр Міхайлавіч, як даўно вы служыце пажарным ? 3 чаго ўсё пачыналася ?
— У пажарнай службе я з 1994 года. Усе перадумовы для таго, каб я абраў прафесію ратаўніка, склаліся яшчэ ў час тэрміновай службы ў войску, якую я праходзіў у пасёлку Пагранічнае Бераставіцкага раёна. У часці быў пазаштатны пажарны аўтамабіль, на якім мы выязджалі ў дапамогу ратаўнікам тушыць пажары ў навакольных вёсках, у лясах. Пасля службы папрацаваў крыху па спецыяльнасці прадаўцом у магазіне ў Наваельні.

— Хто натхніў на службу пажарным?
— Зацікавіў прафесіяй мяне былы начальнік ваенізаванай пажарнай аховы Анатоль Сямёнавіч Урублеўскі. Ён час ад часу заходзіў да нас з планавымі праверкамі. Калі ён прапанаваў мне працу ў Дзятлаўскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях, я доўга не вагаўся. Быў назначены інструктарам прафілактыкі па Наваельні, у хуткім часе пачалася ваенізацыя пажарнай часці, перайшоў на пасаду камандзіра аддзялення.

— Вялікая адказнасць — быць камандзірам аддзялення?
— Сапраўды, немалая. У час дзяжурства ў маім падпарадкаванні чатыры чалавекі, дзве адзінкі тэхнікі — адна баявая і адна рэзервовая. Калі я заступаю на дзяжурства — асабіста адказваю перад кіраўніцтвам аддзела за людзей, машыны і пажарабяспечную сітуацыю на вызначанай тэрыторыі.

— Ці помніце самы першы пажар, які давялося ліквідаваць?
— Такое не забываецца. Прыкладна праз два месяцы пасля таго, як стаў камандзірам аддзялення, выязджалі ліквідаваць пажар. Вопыту тады моцна бракавала, але дапамагалі, накіроўвалі саслужыўцы, якія былі побач. За гады працы прыйшла ўпэўненасць у дзеяннях, адчуванне каманднай работы. Нароўні з астатнімі ратаўнікамі я прымаю ўдзел у тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

— Якія людзі служаць пажарнымі ў Наваельні?
— Супрацоўнікі нашай часці талковыя, вопытныя, большасць іх працуе тут з сярэдзіны 90-х гадоў. Усе калегі — надзейныя як у службовых буднях, так і ў надзвычайных сітуацыях.

— А калі нехта малады прыходзіць, як прымаеце?
— На месца тых, хто ідзе на заслужены адпачынак, да нас працаўладкоўваюцца маладыя. У асноўным гэта мясцовыя хлопцы, мы кожнага з іх добра ведаем, усе навідавоку. Так што калі ўзялі чалавека на службу ў пажарныя, можна ў ім не сумнявацца.

— Што пажадаеце саслужыўцам і ветэранам пажарнай службы з нагоды прафесійнага свята?
— Усім, хто носіць і насіў званне ратаўніка-пажарнага, жадаю моцнага здароўя, упэўненасці ў будучыні, саслужыўцам — паменш баявых выездаў. Няхай у жыхароў нашай Дзятлаўшчыны будзе ўсё добра!

А.БЯЛЕНКА
Н.АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/