Сонейка купаецца ў ззянні яе таленту



Самае прыгожае, што ёсць на свеце, - гэта песня. Яна стварае настрой, вымушае радавацца і сумаваць, пражываць жыццё разам з яе выканаўцай. Чароўным майстэрствам захапляць песняй сэрцы людскія валодае гераіня нашага праекта, шчыры таленавіты чалавек і вялікая працаўніца - Ганна Харлінская.

Жыццё на колах

Сёмы год вядомая дзятлаўчанам выканаўца народнай і эстраднай песні Ганна Харлінская - кіраўнік сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, работа якога заключаецца ў тым, каб радаваць людзей па ўсёй Дзятлаўшчыне. Новы 2015 год яна сустрэла на пасадзе загадчыка і адзінага работніка сектара ў адной асобе.

Сёння разам з ею ў камандзе працуюць двое калег-аднадумцаў - Ірына Бакшук і Марына Варган. Разам ім пад сілу любыя задумкі і праекты. За гады працы нястомныя творчыя жанчыны даведаліся нямала сакрэтаў даўгалецця мясцовых жыхароў, добрым словам і песняй павіншавалі шмат юбіляраў Дзятлаўшчыны, далі безліч канцэртаў на свежым паветры.

Ганну Валяр'янаўну і яе калектыў чакаюць у кожным куточку раёна, нават у самых аддаленых вёсках. Як кажа сама жанчына, гэта праца - яе аддушына, у кожнай вёсцы пакідае яна часцінку свайго сэрца.

- Любоў да песні і да творчасці ў мяне ад бабулі Соф'і Іосіфаўны, якая сама была весялухай і пявунняй. Калі я выконваю песні для пажылых вяскоўцаў, бьщцам размаўляю з ею. Шчыра люблю кожнага са сваіх гледачоў.

Канцэрты для жыхароў сельскай мясцовасці, колькасць якіх за год вымяраецца на сотні, праходзяць у любы дзень, пры любым надвор'і. Каб яны былі не абузай, а радасцю для вяскоўцаў, іх правядзенне прымяркоўваецца да іншых важных для вёскі мерапрыемстваў - прыезду аўталаўкі, сустрэч з ратаўнікамі або мясцовай адміністрацыяй. Зімой гэта кароткія праграмы і персанальныя віншаванні, летам - святы вёсак, якія становяцца сапраўды маштабнай падзеяй. Першыя памочнікі ў арганізацыі выступленняў - старасты вёсак.

- Падчас кожнага нашага выезду ў вёскі раёна мы па крупінках збіраем інфармацыю пра край, яго жыхароў, ад цікавых людзей запісваем гісторыю і традыцыі нашай зямлі.

Калектыву сектара няма калі сумаваць. Акрамя штогадовага канцэртнага графіка па вёсках раёна, яны рэалізуюць новыя праекты, да якіх з задавальненнем далучаюцца пажылыя і не толькі жыхары раёна. Сярод апошніх - выязныя экскурсе па святых месцах Беларусі, якія прыйшліся даспадобы дзятлаўчанам.

"Ятранка" - праект жыцця

Мінулы год для Ганны Харлінскай стаў юбілейным. Сярод адметных датаў - дваццаціпяцігоддзе з дня заснавання народнага ансамбля песні і музыкі "Ятранка", які ведаюць у нашым раёне і за яго межамі. Хлеб-соль з рук пявунняў і прыгажуняў прымаюць самыя дарагія госці Дзятлаўшчыны, а задорныя песні і цікава пастаўленыя танцы калектыву становяцца ўлрыгажэннем любой канцэртнай праграмы. Ансамбль сёння налічвае дзесяць удзельніц: усе яны непрафесіянальныя спявачкі, але пад натхнёным кіраўніцтвам Ганны Валяр'янаўны па-майстэрску авалодалі трохгалоссем. Час ад часу ансамбль гучыць пад акампанемент інструментальнай групы, якую складаюць педагогі Дзятлаўскай школы мастацтваў.

Для Ганны гісторыя "Ятранкі" даўжынёй у чвэрць стагоддзя пачалася з яе прыходам на працу ў раённы Дом культуры. Згодна з запісам у працоўнай кніжцы, жанчына была хармайстрам, таму атрымала пад апеку ансамбль народнай песні "Весялухі". Калектыў быў пераважна жаночы, але акампанемент, які тады выконваўся пад баян і час ад часу пад бас-гітару, быў у мужчынскіх руках, у першым саставе ігралі Васіль Шыцько і Валерый Герасіменка.

Калі надышоў час атэстацыі на званне "народны", высветлілася, што калектыў "Весялухі" ўжо ёсць. Параіўшыся, удзельнікі ансамбля падабралі для яго новае імя, якое сёння ва ўсіх на слыху - "Ятранка", па назве рэчкі на Дзятлаўшчыне. За час існавання "Ятранка" тройчы пацвярджала званне народнага калектыву.

Да 500-годдзя горада Дзятлава ў ансамбля з'явіліся новыя сцэнічныя касцюмы. Дзякуючы майстрыхам-удзельніцам калектыву, не так даўно да народных дадаліся новыя, арыгінальныя строі. Калектыў не толькі ўпрыгожвае раённыя мерапрыемствы, але і шмат гастралюе - наведвае абласныя "Дажынкі" і творчыя фестывалі.

У рэпертуары "Ятранкі" - народна-эстрадныя песні беларускіх і расійскіх калектываў, якія яго ўдзельнікі аранжыруюць для сябе, таксама самі "ставяць" танцавальнае суправаджэнне. Як адзначае Ганна Харлінская, самае складанае для калектыву - сабраць разам яго ўдзельніц: усе людзі працоўныя, занятыя, але знаходзяць час для творчасці, бо вельмі любяць спяваць.

"Жыву, пакуль спяваю!"

Жыла-была дзяўчынка Ганначка. Ад самага ранняга дзяцінства яна ведала, кім стане, калі вы-расце - будзе спяваць і выступаць для людзей. Сёння Ганна Харлінская збірае ўжо трэці свой бенефіс на сцэне раённага Центра культуры, амаль усе білеты на які ўжо рэалізаваны.

Шлях ад мары да яе ўвасаблення быў няблізкі, але на ім Ганна Валяр'янаўна сустракала добрых, спагадлівых людзей, да якіх і сама заўжды ішла з адкрытым сэрцам.

Са шкадаваннем артыстка ўзгадвае, што пакінула вучобу ў музычнай школе па класе скрыпкі. Аднак гэты перыяд даў ёй сустрэчу з двума выдатнымі педагогамі па вакале - Святланай Мазырка са школы мастацтваў і Ганнай Жадзейка, якая кіравала школьным хорам. Яны і дапамаглі Ганне падрыхтавацца да паступлення ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў.

Паспяховае наступленне стала для дзяўчыны нагодай яшчэ больш працаваць. Увесь свой вольны час яна бавіла на занятках па вакале, павышаючы свой выканальніцкі ўзровень.

Калі прыехала на Дзятлаўшчыну, напачатку спявала сольна ў народнай манеры, пад баян. Сцэнічныя касцюмы шылі разам з мамай, ад якой Ганна Харлінская атрымлівала нязменную падтрымку і адабрэнне. Матуля, а таксама сястра Іна і сёння стараюцца наведваць усе канцэрты свайго самага дарагога чалавека. Натхненнем для самой Ганны з'яўляецца яе сям'я, асабліва сын Ілья, які атрымаў у спадчыну ад матулі выдатны голас і спагадлівы характар.

Ганна Харлінская заўжды гарэла спевамі і не страціла гэты агмень дагэтуль. Напачатку яна шукала сябе, наведвала разнастайныя творчыя спаборніцтвы. Сярод іх быў нават конкурс украінскай народнай песні ў Гродне, адкуль спявачка вярнулася з дыпломам пераможцы.

Раз у пяць гадоў адбываецца важная падзея ў жыцці спявачкі - сольны канцэрт на дзятлаўскай сцэне, і кожнае наступнае пяцігоддзе мае новы сэнс: У будучым зрабіць яшчэ лепш. Кожны канцэрт - новае шоу з адметнай песеннай праграмай і цікавымі запрошанымі гасцямі. На сцэне яна, простая і выдатная Ганна Харлінская, якая спявае для сваіх родных, сяброў, для кожнага гледача, якому прысвячае сваю творчасць. У падрыхтоўцы канцэртных праграм спявачка натхняецца песнямі Сафіі Ратару, Таісіі Павалій і Ірыны Алегравай, з якой яе часам параўноўваюць.

- Калі ты паднімаеш планку высока, павінен ведаць, што наступным разам яна павінна быць яшчэ вышэйшай. Мне здаецца, так цікавей жыць. Калі ёсць мары і жаданні, з'яўляюцца і сілы іх увасобіць, - кажа пра сваю творчасць артыстка.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/