Слова пра дырэктара



Любая школа пачынаецца з дырэктара. Ён падобны да рэжысёра, які ставіць спектакль, хоць сам і не заўжды выходзіць на сцэну. Яго ўпэўненасць у поспеху зараджае аптымізмам, дапамагае паверыць у свае сілы. Такім чалавекам і кіраўніком шмат гадоў быў Іосіф Міхайлавіч Марцінчык. Яго імя вядома многім жыхарам нашага раёна. Аб ім з цеплынёй адгукаюцца былыя выпускнікі і работнікі Яварскай сярэдняй школы.

Усё пачыналася так. Шмат гадоў таму выпускнік Рудаяварскай школы Іосіф Марцінчык вырашыў стаць настаўнікам. Яго мара ажыццявілася пасля заканчэння Бераставіцкага педагагічнага вучылішча, Гродзенскага педагагічнага інстытута і службы ў арміі. 3 1969 года Іосіф Міхайлавіч пачаў настаўнічаць у Малашастакоўскай васьмігодцы. 3 1976 па 1978 гады працаваў на пасадзе дырэктара Падвялікаўскай васьмігадовай школы. У 1978 годзе ўзначаліў педагагічны калектыў Яварскай сярэдняй школы.

25 гадоў дырэктарства засталіся ў мінулым. Гэта шмат ці не для жыцця кіраўніка? Для любога чалавека чвэрць стагоддзя — не проста перыяд у жыцці, а доўгі шлях, на якім здараюцца ўзлёты і падзенні, радасці і турботы, перамогі і няўдачы.

Для Іосіфа Міхайлавіча Марцінчыка гэта была пастаянная, мэтанакіраваная работа па выхаванні дзяцей. Школа для гэтага чалавека стала яго жыццём, яго радасцю. Работа побач з такім дырэктарам вучыла многаму. Ён шчодра дзяліўся сваімі ідэямі, педагагічнымі задумкамі, дапамагаў настаўнікам стаць сапраўднымі прафесіяналамі, творчымі і цярплівымі.

Іосіф Міхайлавіч умела арганізоўваў адукацыйны працэс, мудра кіраваў калектывам, з пашанай адносіўся да педагогаў-ветэранаў, цаніў іх парады.

Кожная раніца дырэктара пачыналася з сустрэчы дзяцей, якія ішлі на заняткі. Адных — хваліў, іншых — ушчуваў. Затым кіраўнік браўся за вырашэнне вучэбных, выхаваўчых, гаспадарчых пытанняў. I так шмат гадоў запар. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагалі Іосіфу Міхайлавічу захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Сам ён ніколі не быў абыякавы да работы, за ўсё хварэў душою. Выпускнікі да гэтага часу ўспамінаюць цікавыя перапынкі, рамонт школы (а ей было больш за 100 гадоў) і класаў, замену пячнога ацяплення, будаўніцтва прасторнай спартыўнай залы, дзіцячай гульнявой і спартыўнай пляцовак, стварэнне дэндрарыя, штучных вадаёмаў.

У свой час Іосіф Міхайлавіч падтрымаў ідэю настаўніцы гісторыі, кіраўніка гуртка музеязнаўства Яніны Юльянаўны Марцінчык аб стварэнні школьнага музея "Мой родны кут". Багатыя матэрыялы, сабраныя Янінай Юльянаўнай і гурткоўцамі, сталі гонарам школы.

Удзельнікі гуртка на чале з яго кіраўніком неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў. Немагчыма пералічыць усе дасягненні тагачасных школьнікаў і педагогаў, і за ўсім гэтым стаяў дырэктар школы I. М. Марцінчык.

У Іосіфа Міхайлавіча цудоўная сям'я: клапатлівая жонка, унукі, дзеці, якія любяць сваіх бацькоў.

На жаль, ужо некалькі гадоў не працуе Яварская школа, але яе былыя вучні і педагогі з настальгіяй, радасцю і цеплынёй узгадваюць мінулае. I сярод гэтых усйамінаў ёсць месца асобе Іосіфа Міхайлавіча, да якога адносяцца з нязменнай павагай. Нядаўна былы дырэктар адсвяткаваў свой юбілейны дзень нараджэння. Усе, хто ведае юбіляра, зьічаць яму актыўнага даўгалецця.

С. БУЙКО, настаўніца Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/