Скрундзі. Лістападаўская рапсодыя



Дом Уладзіміра Пятровіча і Ядвігі Вікенцьеўны стаіць пры шашы, якая шэрай стужкай мінае лес і бяжыць праз вёску Скрундзі. Прозвішча нашых землякоў поўнасцю супадае з назвай вёскі, паказваючьі, што менавіта тут бярэ пачатак іх сямейны радавод. На дварэ лістапад, апошні месяц восені. Нягледзячы на пейзажы за акном, якія становяцца ўсё больш сціплымі, Уладзімір і Ядвіга Скрундзі лічаць гэтую пару года адметнай для сябе.

Для мудрай сямейнай пары лістапад багаты на святы і ўспаміны аб мінулым. Наперадзе нашых землякоў чакае прафесійнае свята - Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, якой Скрундзі аддалі шмат сілаў і большую частку жыцця.

Ядвіга Вікенцьеўна была даяркай у калгасе "Слава працы", там жа спачатку падвозчыкам, а затым малаказборшчыкам працаваў Уладзімір Пятровіч. За працоўныя дасягненні Скрундзі неаднаразова былі адзначаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Працавалі шмат, стараліся, нягледзячы на цяжкасці, - дзеліцца ўспамінамі Ядвіга Скрундзь. - Трыццаць два гады я была даяркай на ферме ў Скрундзях. Даілі рукамі па трынаццаць кароў, радзюжкамі на сваіх плячах падносілі корм. Стала лягчэй, калі для падвозу кармоў выдзелілі каня, а на дапамогу даяркам прыйшлі даільныя апараты, тады мы паспявалі даіць ужо па 20 жывёлін. У 1991 годзе я выйшла на пенсію, але яшчэ некаторы час клікалі ў гаспадарку папрацаваць на замене - адгукалася на просьбы, дапамагала.

- Майму гаспадару, - расказвае пра мужа Ядвіга Вікенцьеўна, - давялося зарабляць на жыццё з дванаццаці гадоў, бо яго старэйшы брат хварэў, рана памёр. Работа была звязана з коньмі: ён і араў, і адвозіў угнаенні, і доўгі час працаваў малаказборшчыкам. Безумоўна, вельмі прывязаўся да разумных жывёлін, таму ва ўласнай гаспадарцы мы ўжо шаснаццаць гадоў трымаем каня.

Цікаўлюся, якія заняткі яшчэ па душы Уладзіміру Скрундзю, і даведваюся, што ў гэтага шчырага працаўніка - залатыя рукі, здольныя справіцца з любымі будаўнічымі работамі і работай па гаспадарцы. Нягледзячы на перасцярогі жонкі, ён не сядзіць без справы і на восьмым дзясятку жыцця.

- А як жа, - уключаецца ў размову гаспадар, - ці можна жыць без працы? Я без яе сумую. Яна, як музыка, - акрыляе душу.

Дарэчы, з музыкай Уладзімір Пятровіч таксама на "ты". 3 юных гадоў іграў на гармоніку. За добрае сэрца і музычны талент Уладзіміра і палюбіла Ядвіга з суседняй Чарлёнкі. Маладыя людзі згулялі вяселле 2 лістапада 1959 года, а сёлетняй восенню Скрундзі адсвяткавалі брыльянтавы юбілей сумеснага жыцця. Шэсцьдзясят гадоў поруч прайшлі разам праз радасці і выпрабаванні і ніколі не пашкадавалі, што сталі мужам і жонкай.

- За ўвесь час мы ні разу сур'ёзна не пасварыліся, - дзеліцца сакрэтамі сямейнага ладу Ядвіга Вікенцьеўна, - ды і навошта: з праблемамі лягчэй спраўляцца разам, а зло ў сабе трымаць нельга, яно "раз'ядае" душу. Родным людзям трэба сябраваць, шкадаваць адзін аднаго, я і дочак гэтаму заўсёды вучу.

На дочак Скрундзям пашанцавала, вырасцілі цэлы кветнік - пяць дзяўчынак. За гэта Ядвіга Вікенцьеўна адзначана ордэнам Маці, але галоўнай сваёй узнагародай лічыць тое, што дзеці выраслі годнымі людзьмі.

- Нашы дзяўчаты заўсёды нас радавалі. Настаўнікі хвалілі іх за вучобу, дапамагалі яны і па гаспадарцы, і на работу да мяне прыбягалі кароў даіць - шкадавалі нас з бацькам і цяпер вельмі шкадуюць, стараюцца парадаваць пры кожным сваім прыездзе. Старэйшая Ліда жыве ў Верцялішках, працуе на птушкафабрыцы. 3 дзяцінства яна прыгожа чытае вершы, таму яе часта запрашаюць выступаць на мерапрыемствах, аднойчы нават перад прэзідэнтам верш чытала. А летась яна была адзначана рэспубліканскай узнагародай у намінацыі "Гаспадыня сяла". Галіна засталася на Дзятлаўшчыне, працуе ў Наваяльнянскім доме быту швачкай, цешыць і мяне абноўкамі - то новую сукенку пашые, то сарафан. Раіса - выхавальніца ў дзіцячым садку ў Слоніме. Ёй блізка, таму часта прыязджае нас адведваць. Вельмі любіць хадзіць у лес па грыбы. Лена жыве ў вёсцы Студзянец Ваўкавыскапа раёна. Яна настаўніца пачатковых класаў, але таксама працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Жанна працуе бухгалтарам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Добрыя ў нас дзяўчаты, працавітыя, уважлівыя, дружныя.

Уладзімір і Ядвіга Скрундзі дачакаліся сямёра ўнукаў і чатырох праўнукаў. Расказваюць, што калі дзеці з сем'ямі прыязджаюць на святы, то дом святлее, поўніцца галасамі, у ім цеснавата для такой вялікай сям'і, але цёпла і дружна пад адным дахам.

Сямейная гісторыя гэтых простых і шчырых людзей гучыць, як лістападаўская рапсодыя, дзе галоўныя ісціны, як сем звонкіх нот, ствараюць мелодыю. Яе хочацца слухаць, бо яна натхняе на жыццё, а ў такт ёй, як песня, гучаць мудрыя словы Уладзіміра і Ядвігі Скрундзёў: "Любіце адзін аднаго, шкадуйце, падтрымлівайце, бо на свеце няма большай каштоўнасці, чым блізкія людзі".

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/