А Шырокіх: "У юрыспрудэнцыі ўсё дакладна"



Юрыдычная прафесія шматгранная і налічвае вялікую колькасць спецыялізацый — адвакат, пракурор, суддзя, следчы, спецыяліст па кадрах, юрысконсульт, медыятар. Аднак усе гэтыя сферы дзейнасці аб'яднаны адзінай мэтай — служыць закону, праўдзе, справядлівасці. Прафесія юрыста прываблівае сур ёзных, адказных, моцных духам людзей. У свой час зацікавіла яна і Аляксандра Шырокіх, які цяпер з'яўляецца загадчыкам юрыдычнага сектара Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Напярэдадні свята — Дня юрыста — карэспандэнтка газеты "Перамога цікавілася ў яго аб прафесійных буднях.

— Аляксандр Сяргеевіч, чаму выбралі прафесію юрыста?
— У дзяцінстве большасць хлопчыкаў мараць стаць касманаўтамі, ваеннымі, ратаўнікамі. Былі такія думкі і ў мяне: меркаваў паступіць на праваахоўніка або ваеннага. Пасля заканчэння школы на выбар далейшай спецыяльнасці значны ўплыў аказалі бацькі. Пераканалі мяне, што выпускнікі юрыдычнага факультэта ў далейшым маюць магчымасць працаваць як на грамадзянскіх пасадах, так і ў органах пракуратуры, міліцыі, спецыялізаваных войсках. У 2000 годзе я паступіў у ГрДУ імя Я. Купалы на спецыяльнасць "правазнаўства".
Пры першай сустрэчы з аднакурснікамі даведаўся, што большасць з іх — прадаўжальнікі сямейных дынастый юрыстаў, дасведчаныя ў многіх пытаннях, а мне давялося пачынаць, як кажуць, з нуля.

— Было складана?
— Дзякуючы былым настаўнікам, а я выпускнік Наваельнянскай сярэдняй школы, асаблівых цяжкасцяў не адчуваў. У школе нас навучылі думаць, самастойна адшукваць патрэбную інфармацыю, аналізаваць яе, запамінаць самае галоўнае. Выкладчыкі ВНУ даюць студэнтам базісныя веды, а паглыбляць і пашыраць іх — задача саміх навучэнцаў, Хто з ею спраўляецца, той у далейшым зможа стаць добрым спецыялістам.

— Дзе пачыналі сваю прафесійную дзейнасць?
— Юрысконсультам у СВК "Жукоўшчына". А ў снежні 2007 года прыняў прапанову перайсці ў Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт. Працаваў тут на розных пасадах. Са жніўня 2014 года ўзначальваю юрыдычны сектар.

— У чым спецыфіка вашай работы?
— Поле дзейнасці юрыдычнага сектара шырокае. Заглыбляцца даводзіцца ва ўсе сферы кампетэнцыі раённага выканаўчага камітэта, сярод якіх будаўніцтва, землеўпарадкаванне, кадравыя, фінансавыя і бухгалтарскія пытанні, многае іншае. Усе распараджэнні і рашэнні службаў райвыканкама праходзяць праз юрыдычны сектар. Мы адказваем за законнасць гэтых дакументаў. Адказнасць і нагрузка вялікія. Даводзіцца ўнікаць у розныя галіны права, каб праверыць законнасць прымаемых рашэнняў. Помніць усё немагчыма, таму наша задача — ведаць, дзе знайсці неабходную інфармацыю, умець ёю скарыстацца. Для юрыдычнага сектара забяспечаны доступ да нарматыўных базаў, што спрыяе выніковай рабоце.

— Як лічыце, юрыдычная прафесія і надалей будзе запатрабавана, ці ў сувязі з перанасычанасцю рынка спецыялістамі стане непапулярнай?
— Часта даводзіцца чуць, што рынак перанасычаны юрыстамі, эканамістамі, бухгалтарамі. Але ж на практыцы знайсці добрага спецыяліста даволі складана, Можна атрымаць дыплом і ніколі ім не скарыстацца. А можна працаваць, расці прафесійна, самаўдасканальвацца.
Мяркую, што ў бліжэйшы час значнасць прафесіі юрыста ўзрасце, паколькі няўхільна ўзрастае роля і значэнне юрыспрудэнцыі ў грамадстве. Менавіта на юрыстаў ва ўсім свеце ўскладзена абарона жыцця, гонару, годнасці грамадзян, ад іх у значнай ступені залежыць эфектыўнасць работы дзяржаўных органаў.

— Работа ў вас насычаная, складаная. Як ад яе адпачываеце?
— Сярод родных і блізкіх, а дакладней — дома з сям'ёй. Нам з жонкай Наталляй шмат радасці і пазітыўных эмоцый дастаўляюць шасцігадовы сын Ягор і трохгадовая дачка Ульяна. 3 дзецьмі стараемся выязджаць да бабуляў і дзядуляў, бываць у кіно, на тэатральных пастаноўках. Калі сын з дачкой падрастуць, збіраемся больш падарожнічаць.

— Чаго пажадаеце калегам да прафесійнага свята?
— Настойлівасці, умення адстойваць сваю пазіцыю, аргументавана яе даказваць, цярпення, якое заўжды патрабуецца ў рабоце з людзьмі, і надзейнага тылу, сямейнага цяпла і дабрабыту.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/