Што такое ЗАГС



Патлумачыць, расказаць, паказаць работу ЗАГСа вучням Казлоўшчынскай школы паспрабавалі работнікі гэтай установы Вольга Бародзіч і Святлана Вінакурава. У іх атрымалася.

— Паняцце ЗАГС у вас асацыіруецца з месцам, дзе рэгіструюцца шлюбы: вясельны марш, віншаванне маладых, букеты кветак, пырскі шампанскага... Гэта так. Але ў аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану — ЗАГСе многа іншай, будзённай працы, не менш важнай, патрэбнай людзям, — ратлумачыла вучням начальнік аддзела ЗАГС Вольга Бародзіч. — Па самыя неабходныя, асноўныя дакументы людзі звяртаюцца менавіта сюды. У ЗАГСе не толькі рэгіструем шлюбы, але і выдаём пасведчанні пра нараджэнне дзіцяці. Сюды людзі звяртаюцца па пытаннях усынаўлення, устанаўлення бацькоўства, скасавання шлюбу, перамены прозвішча, імя, імя па бацьку і, урэшце, па пасведчанне аб смерці блізкіх. Можна сказаць, што ЗАГС вядзе па жыцці кожнага чалавека, скрупулёзна запісваючы кожны этап яго жыцця.

Вольга Бародзіч прапанавала адзінаццацікласнікам пераўвасобіцца ў жаніхоў і нявестаў, паспрабаваць самім запоўніць і падаць заявы на рэгістрацыю шлюбу. Пад марш Мендэльсона хлопцы і дзяўчаты зайшлі ў залу ўрачыстасцяў, паглядзелі слайд-шоу пра рэгістрацыю шлюбу, зачыталі клятву жаніха і нявесты. Усё гэта выклікала цікавасць у падлеткаў, якія праз пару гадоў могуць сапраўды самі прымаць адказныя рашэнні — ствараць сем'і.

Было шмат жартаў, смеху, калі выбіралі шлюбныя пары, запаўнялі дакументы. Некаторыя дзяўчаты вырашылі нават пажартаваць у дзень смеху над матулямі і паказаць ім "заявы" на рэгістрацыю шлюбу.

Асаблівую цікавасць у падлеткаў выклікала кніга запісаў актаў пра іх нараджэнне ў 2000 годзе. Для многіх было адкрыццём, якой вагі, росту, у які час яны з'явіліся на свет. А "немаўляткам", якія сёння маюць рост пад два метры, дасталося найбольш дружалюбных кпінаў.

Вандроўка ў ЗАГС, па водгуках, прайшла жыва, нязмушана. На памяць пра яе школьнікі атрымалі вокладкі для пасведчанняў аб нараджэнні.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/