Шляхі, перакрэсленыя Афганістанам



Раніцай 14 лютага каля будынка ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна сустрэліся ўдзельнікі "Вахты памяці" па месцах пахавання загінулых у Афганістане воінаў, а таксама памерлых пасля вываду войскаў з Афганістана.

Месца сустрэчы невыпадковае: менавіта ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна стаў злучальнай ніткай паміж тым мінулым, калі яшчэ маладыя хлопцы прыйшлі на тэрміновую ваенную службу, і часам, калі дарослыя мужчыны вярнуліся дадому пасля ваенных падзей у Афганістане.

Сто трыццаць чалавек нашага раёна прайшлі цяжкую дарогу Афганскай вайны. На жаль, два з іх назаўжды засталіся ў памяці блізкіх маладымі.

Воіны-інтэрнацыяналісты Дзятлаўшчыны разам з прадстаўнікамі ваеннага камісары-ята Дзятлаўскага раёна адправіліся па двух маршрутах: Дзятлава-Дукрава-Дварэц-Наваельня-Яцукі і Дзятлава-Казлоўшчына-Пацаўшчына-Чырвоны Бор-Хвінявічы-Страла. У гэтых паселішчах знаходзяцца магілы тых, хто змагаўся за справядлівасць на чужой зямлі.

Мітынг-рэквіем у Дварцы прайшоў у памяць Дзмітрыя Лазовіка, які загінуў у час ваенных дзеянняў у Афганістане.

Ушанаваць памяць земляка прыйшлі таксама старшыня Дварэцкага сельсавета Канстанцін Вінцукевіч, работнікі Дварэцкага дома культуры, навучэнцы мясцовай школы, блізкія воіна-інтэрнацыяналіста. Айцец Сергій Антошкаў правёў малебен за спачын душы Дзмітрыя Лазовіка.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Аляксандра Шылава каля яго магілы ў гарадскім пасёлку Наваельня. Старшыня Наваельнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец адзначыла, што імя героя Афганскай вайны не забудзецца жыхарамі гарадскога пасёлка ніколі.

Школьнікі, якія ведаюць пра тыя жорсткія выпрабаванні лесу воінаў-інтэрнацыяналістаў па гістарычных звестках, прачыталі вершы пра пачуцці бацькоў, чые сыны больш не ўбачылі мірнага неба.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец заклікаў моладзь больш цікавіцца мінулым, тым больш, што ў яе ёсць магчымасць асабіста пагутарыць з удзельнікамі вайны, якія і сёння носяць у сабе той афганскі боль.

На магілы тых, чые жыццёвыя шляхі былі перакрэслены Афганістанам, удзельнікі "Вахты памяці" ўсклалі вянкі і кветкі.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/