ШЧЫРЫЯ СЛОВЫ ПАВАГІ — НАСТАЎНІКУ



"Крынічанька, крынічанька, святой вады глыток"... Так спявалі ў вёсцы дзяўчаты, спявала і яна, Ірына, моцна не задумваючыся над сэнсам песні. Не верыла, што вельмі хутка прабягуць гады і надыдзе час, калі захочацца хоць адзін глыток вадзіцы ды з роднай крыніцы...

— А цяпер, — расказвае былая настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы Ірына Казіміраўна Кулеш, да якой мы завіталі ў госці, — на маёй радзіме мала што нагадвае аб тым, што тут віравала жыццё.

— Ірына Казіміраўна, а дзе і калі вы нарадзіліся?
— Было гэта ў далёкім 1928 годзе ў фальварку Калодзіські, што недалёка ад вёскі Бярнатаўшчына. Напэўна, такую паэтычную назву мая малая радзіма атрымала таму, што каля кожнай хаты быў калодзеж са смачнай крынічнай вадой. А побач на лузе біла некалькі крыніц, якія ніколі не пересыхалі. Хата наша знаходзілася ў маляўнічым куточку. Адным бокам яна тулілася да маладога бярэзніку, а з другога быў цудоўны сад, які пасадзіў мой бацька. Гаспадарку мелі вялікую, усім хапала работы: і дарослым, і малым.

Сям'я лічылася заможнай, а для гэтага ўсім даводзілася шмат працаваць.

— Хто былі вашы бацькі?
— Мой бацька, Казімір Кулеш, паходзіў з заможнай сям'і, якая мела больш за 80 гектараў уласнай зямлі. Ён нідзе не вучыўся, хоць і хацеў. За жонку ўзяў дзяўчыну з вёскі Кабыльнікі (цяпер веска Клёны). Мая маці, Зінаіда Андрэеўна, атрымала добрую хатнюю адукацыю, была знаёма з польскай, рускай, беларускай літаратурай, вельмі любіла чытаць, пазней нават у дзевяностагадовым узросце наведвала бібліятэку. Яна лічыла, што за адукацыяй — будучыня, таму і я, і мая сястра Яніна сталі настаўніцамі, а брат Эдуард доўгі час працаваў кіраўніком "Белаграпрамбанка". Маці заўсёды ганарылася намі.

— А дзе вы атрымалі адукацыю? Ці складана гэта было ў той час?
— Вучылася ў пачатковай польскай школе вёскі Кабыльнікі, працягвала вучобу ў сямігодцы ў Наваельні. Вучылася з перапынкамі, бо была вайна, і школа не працавала. Пасля вайны паступіла ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Вось і ўся адукацыя, а калі па праўдзе, то вучыцца настаўніку даводзіцца ўсё жыццё. Змяняюцца падыходы да выкладання, прыходзяць новыя пакаленні школьнікаў, і настаўнік не мае права стаяць на месцы.

— Раскажыце пра сваю работу ў школе?
— Працавала ў Круцілавіцкай пачатковай школе. Праз некалькі гадоў перавялася ў Наваельнянскую сярэднюю школу, дзе адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў больш за 30 гадоў і выйшла на заслужены адпачынак. Але без справы не сядзела: даглядала маму, дапамагала, калі ў школе ўзнікала неабходнасць замяніць настаўніка. Нават некалькі гадоў ездзіла ў суседнюю вёску Данілавічы, калі там спатрэбіўся настаўнік.

— Ірына Казіміраўна, на пенсіі таксама бывае шмат прыемных хвілін. Што ўспамінаецца?
— Успамінаецца 100-гадовы юбілей мамы, на які з'ехалася ўся наша сям'я: дзеці, унукі, праўнукі. Многа фатаграфаваліся, жартавалі. А яшчэ радасць прыносяць сыны. Яны мяне не забываюць. Адзін прыязджае з Масквы, другі — з Гродна. Радуюся іх поспехам, жыву іх клопатамі. Раней часта наведвала касцёл, не прапускала ніводнай урачыстай службы. Цяпер сілы ўжо не тыя, а жаданне сустракацца з людзьмі засталося. Выручае тэлефон, з дапамогай якога і падтрымліваю сувязь з сябрамі і сваякамі. Ды і калегі не забываюць, віншуюць са святамі вучні школы.

Напрыканцы нашай сустрэчы мы таксама павіншавалі Ірыну Казіміраўну з Днём нараджэння, пажадалі моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, увагі і цеплыні з боку родных і блізкіх людзей.

К. МІХАЛЕВІЧ, настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/