Шчодрае сэрца Валянціны



У нашай краіне прыбывае шматдзетных сем'яў, і многія бацькі рашаюцца на трэцяе дзіця. А вось у Андрэя Іосіфавіча і Валянціны Віктараўны Аніскевічаў, якія самі гадаваліся, ў шматдзетных сем'ях, варыянт "менш за тры дзіцяці" нават не разглядаўся. I сёння іх сям'я з'яўляецца не толькі шматдзетнай, але і прыёмнай: гадуюць чацвёра сваіх і адно прыёмнае дзіця.

Вядома, што і радасцяў, і клопатаў у шматдзетных бацькоў нямала. Андрэй Іосіфавіч працуе вахтавым метадам у Расійскай Федэрацыі. Палову месяца ён знаходзіцца ў Маскве, другую палову — дома з жонкай і дзецьмі. А вось Валянціна Віктараўна працуе "мамай" і ўсе 24 гадзіны ў суткі знаходзіцца побач са сваімі дзецьмі, жыве іх патрэбамі, дасягненнямі, інтарэсамі.

Імя Валянціна ў перакладзе з лацінскай мовы абазначае "моцная". Валянціна Аніскевіч і сапраўды не схіляецца перад жыццёвымі выпрабаваннямі, умудраецца не толькі быць дбайнай гаспадыняй, клапатлівай матуляй, але і застаецца прыгожай, абаяльнай, цікавай жанчьінай.

Родам Валянціна Віктараўна з вёскі Ходараўцы, што на Лідчыне. Скончыла спачатку Лідскае педагагічнае вучылішча, а затым — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. Працавала настаўніцай малодшых класаў у Лідскім раёне ў вёсцы Дзітрыкі і аграгарадку Беліца. 3 будучым мужам Валянціна Віктараўна пазнаёмілася на першым месцы работы.

— Я разам з яшчэ дзвюма дзяўчынамі, таксама маладымі спецыялісткамі — поварам і фельчарам, жыла на кватэры, — успамінае Валянціна Аніскевіч.

— Аднойчы ў дзверы пастукалі. На парозе стаялі два маладыя чалавекі. Гэта былі мой будучы муж Андрэй і яго сябар, якому стала кепска. Прывёў па дапамогу сябра, а сустрэў мяне. Так мы і пазнаёміліся, закахаліся, пазней пажаніліся.

Праз некаторы час сям'я пераехала на Дзятлаўшчыну. Тут Валянціна Віктараўна працавала спачатку ў Жукоўшчынскай, затым ў Гезгалаўскай школе, а ў 2013 годзе Андрэй і Валянціна вырашылі адкрыць прыёмную сям'ю.

— Да гэтага мы з мужам не раз абмяркоўвалі такое рашэнне, і ён таксама згаджаўся, што мы можам падарыць цяпло сямейных адносінаў дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, якія мараць пра маму і тату. Памятаю, як аднойчы, праязджаючы міма гульнёвай пляцоўкі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, спынілі машыну, каб паназіраць, як там гуляюць дзеці. Тады я зразумела, што проста павінна дапамагчы хоць аднаму з гэтых маленькіх чалавечкаў, пакрыўджаных лёсам.

Арцём з'явіўся ў сям'і Аніскевічаў, калі ў іх падрасталі дзве свае дачкі. На той час хлопчыку было 10 гадоў. Напачатку яму было складана прызвычайвацца да жыцця ў новай сям'і. Перашкаджалі ранейшыя звычкі, многія з якіх былі сапраўдным выпрабаваннем для прыёмных бацькоў. Але педагагічная адукацыя і чулае сэрца Валянціны Віктараўны падказалі ёй, як выхоўваць прыёмнага сына. На дапамогу прыйшла і вера ў Бога. Аніскевічы — католікі, і дзяцей сваіх яны водзяць у касцёл. "Вера кепскаму не навучыць" — упэўнена матуля. Бог умацоўвае іх сям'ю, хрысціянскія запаведзі дапамагаюць дзецям расці годнымі людзьмі.

Пяцёра. Гэта многа ці мала? Для Андрэя і Валянціны — гэта нармальна. Пра кожнага са сваіх дзяцей яны могуць шмат расказаць.
Старэйшай Анастасіі ўжо 15 гадоў. Яна паспяхова вучыцца, захапляецца фізікай, любіць біялогію (летась заняла першае месца на абласным этапе алімпіяды). Ёсць у яе здольнасці да музыкі: скончыла клас фартэпіяна, цяпер асвойвае скрыпку, добра спявае. Нядаўна разам з сяброўкай па школе Эльвірай Задзярэй выстугіалі дуэтам на раённым этапе конкурсу патрыятычнай песні "Сэрца зямлі маёй" і сталі пераможцамі. Дома Насця — маміна памочніца.

Васьмігадовая Саша вучыцца ў другім класе. Я на вельмі актыўная дзяўчынка, таксама наведвае музычную школу, займаецца ў двух танцавальных гуртках. У вольны час майструе розныя вырабы, нават самастойна набыла для сябе спецыяльную кніжку на грошы, якія падарыла бабуля.

Стараецца быць падобнай на старэйшую сястрычку трохгадовая Аліса. Калі Саша рэпетыруе дома танцавальныя нумары, Аліса прыстройваецца побач і ўжо праз некалькі хвілін завучвае ўсе рухі.

Арцём, якому 14 гадоў, захапляецца спортам, наведвае секцыю па баскетболе і гурток турысцкай накіраванасці. У снежні 2016 года разам з гурткоўцамі ўдзельнічаў у абласным турысцкім конкурсе. Каманда заняла другое месца.

Маленькай Агнэшцы 30 студзеня споўніўся гадок. Яна толькі вучыцца размаўляць, але гамоніць нястомна.

Мама і тата лічаць, што дзеці павінны актыўна развівацца, наведваць гурткі, мець цікавыя захапленні, дапамагаць бацькам, расці годнымі людзьмі. На гэта і скіравана выхаванне ў сям'і Аніскевічаў, дзе дысцыпліна мяжуе з пяшчотай і дабрынёй, узаемападтрымкай.

Вольны час сямейнікі любяць бавіць разам. Ёсць у Аніскевічаў свой агарод, на якім яны разам вырошчваюць агародніну, клубніцы, а летась пасадзілі маладыя дрэўцы і ягадныя кусты. Сёлета ўзімку дзеці прарасцілі на падаконніку грэцкія арэхі. Стане цяплей, і маладыя саджанцы таксама зоймуць сваё месца на сямейным агародзе.

Галоўнае захапленне шматдзетнай сям'і — рыбалка. Яе любяць і дарослыя, і дзеці. У кожнага, акрамя матулі, ёсць свая вуда. А мама — спецыяліст па юшцы і турысцкім абедзе.

Любімыя святы Аніскевічаў — Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень, калі ў кватэры пахне смачнымі мамінымі булачкамі і ўсе дораць адзін аднаму падарункі. Вядома, і на 8 Сакавіка Валянціна Віктараўна не застаецца без падарункаў. Сваімі рукамі для любімай мамы іх майструюць дзеці. Але жанчына прызнаецца, што галоўныя яе падарункі — гэта дзіцячьія поспехі, радасці, дасягкенні, і здараюцца яны ў шматдзетнай сям'і кожны дзень.

Да свята матулям раёна Валянціна Віктараўна Аніскевіч жадае здароўя, цярпення, павагі ад дзяцей і мужоў і раіць не баяцца нараджаць дзетак, бо яны — падарункі ад Бога.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/