Шчасце, памножанае на пяць



Алёна і Дзмітрый Сухецкія - маладыя бацькі пецярых цудоўных дзетак. У гэтай сям'і лічаць, што сямейнага шчасця не трэба чакаць, яго трэба ствараць агульным жаданнем і ўласнымі намаганнямі. Каб даведацца пра іх сямейныя традыцыі і побыт, пра тое, як жыве маладая шматдзетная сям'я і як выхоўваюць яны сваіх дзетак, я накіравалася ў Войневічы.

- Алёна, вы самі са шматдзетнай сям'і?
- У маіх бацькоў двое дзяцей - я і мой брат. У кожнага з нас свая сям'я, мы часта сустракаемся, заўсёды дапамагаем адзін аднаму. А вось у мужа сям'я шматдзетная. Шматдзетнай была і сям'я маёй матулі. Нашы бацькі праз усё жыццё прайшлі поруч. Яны нас вельмі любяць, заўсёды падтрымліваюць, дапамагаюць, а пра сваіх унукаў кажуць, што гэта вялікае шчасце.

- Алёна, раскажыце пра сваіх дзетам.
- Усе нашы дзеці жаданыя, кожны з іх па-свойму ўнікальны, з кожным я атрымліваю бясцэнны вопыт мацярынства.
Першая дачушка нарадзілася, калі мне было васямнаццаць гадоў. Ангеліна адзіная дзяўчынка ў нашай сям'і, ужо школьніца. 3 яе нараджэннем, вядома, я змянілася: стала больш адказнай, прыйшло яскравае ўсведамленне таго, што цяпер я адказваю не толькі за сябе. Ангеліна спакойная, разважлівая, вельмі чулая і ветлівая. У ёй дзіўна спалучаюцца творчы парыў і ўменне даводзіць пачатую справу да канца. 3 ёй можна пра ўсё дамовіцца, шмат што даверыць.
3 кожным новым мацярынствам пачуццё адказнасці толькі ўзмацнялася. Калі нарадзіўся сынок, я ўпершыню адчула сябе мамай хлопчыка, вельмі ўзрадавалася гэтаму. Івану цяпер дзявяты год. Ён спакойны хлопчык, але, калі трэба, можа пастаяць за сябе і адстаяць свае інтарэсы. Актыўна ўключаецца ва ўсе справы, яго не трэба ні пра што прасіць, ён сам бачыць, дзе патрэбна яго дапамога. Адзін час Ваня марыў стаць вадзіцелем міжнародных перавозак, апошнім часам усё больш цікавіцца сельскагаспадарчай тэхнікай, гаворыць, што стане, як тата - механізатарам.
Трэцяму, Марку, ужо восьмы год. Менавіта з яго нараджэннем я атрымала магчымасць адчуць сябе шматдзетнай мамай. Марк любіць маляваць, радуе мяне сваім дзіцячым мастацтвам.
Раману пяць гадкоў, ён часта прастуджваецца, па рэкамендацыях дактароў знаходзіцца на хатнім рэжыме, а таму пад маім штодзённым наглядам. Безумоўна, у дамашніх хлопатах - ён мой першы памочнік. Самаму меншаму, Герману, крыху больш за год. Гэта наш пестунок, цэнтр сямейнай увагі і пяшчоты.

- Адной, напэўна, вельмі цяжка спраўляцца з сямейнымі абавязкамі. Хто вам дапамагае?
- Калі неабходна дапамога, першымі на выручку прыходзяць нашы бацькі: за гэта ім вялікі дзякуй і нізкі паклон.
Вельмі важным лічу тое, што мы з мужам пароўну размяркоўваем паміж сабой шматлікія бацькоўскія абавязкі. Зразумела, што з пяццю дзецьмі без форс-мажораў не абыходзіцца, аднак, калі дзеці жывуць па ўсталяваным рэжыме, гэта дазваляе захоўваць спакой і гармонію ў сям'і.

- Раскажыце, Алёна, як з такой колькасцю клопатаў вам удаецца знаходзіць час для сябе.
- Добра выглядаць зусім нескладана. Заўсёды можна знайсці час, каб заняцца сабой, было б толькі жаданне. Безумоўна, тут не абысціся без ранняга пад'ёму і актыўнага ладу жыцця. Яшчэ лічу, што ніколі не трэба сумаваць, а уменне радавацца кожнаму, нават самаму нязначнаму, імгненню - увогуле дэвіз майго жыцця. Я заусёды вучу дзяцей сачыць за сваім знешнім выглядам, а калі бацькі прывучаюць дзяцей добра выглядаць, то і самі павінны быць дагледжанымі. Мама - гэта ўзор для пераймання як для сваей дачушкі, так і для будучых спадарожніц жыцця сваіх сыночкаў. А калі абавязак гэты памножыць яшчэ на пяць? Прыгожая, шчаслівая, здаровая матуля - гэта гонар дзяцей і іх штодзённы спакой.

- Чаму навучыла вас мацярынства?
- Мацярынства навучыла мяне самаму галоўнаму - бачыць і разумець, штоўжыцці сапраўды важнае, а што можна аднесці на другі план. Быць мамай - нялёгкі шлях, поўны клопатаў, перажыванняў, адказнасці, накіраваны на тое, каб маленькі чалавек, якому ты падарыла жыццё, навучыўся з тваёй дапамогай жыць самастойна.

- Як вы лічыце, кожнаму з іх аднолькава хапае ўвагі?
- Самае складанае - так размеркаваць свой час, каб кожны з іх адчуваў, што менавіта ён самы любімы. Колькі б дзяцей ні было ў сям'і, вельмі важна ўмець назіраць за кожным і з ранняга ўзросту прыкмячаць, што дастаўляе ім задавальненне, знаходзіць час на развіццё іх захапленняў. Многія памылкова лічаць, што чым больш у сям'і дзяцей, тым менш застаецца ў бацькоў часу на кожнага. Я скажу так: дзе ёсць шчырае жаданне - там ёсць мноства магчымасцяў. Аддаваць асабісты час кожнаму дзіцяці - гэта надзейны і верны падыход у выхаванні дзяцей і абавязковая ўмова.

- Алёна, вы працуеце у мясцовай гаспадарцы, сумуеце па працоўных буднях?
- Я вельмі сумую па калектыве. На работу планую выйсці раней, чым закончыцца дэкрэтны водпуск.

- Многія лічаць, што шматдзетныя мамы ставяць крыж на сваім уласным жыцці, асобасным росце, падарожжах, працы, захапленнях. Што вы думаеце пра гэта?
- Я лічу, што ўяўленне аб шматдзетных сем'ях у грамадстве не зусім дакладнае, і яго трэба змяняць. Быць шматдзетнай сям'ёй - гэта выдатна, цікава, весела. Часта ў мяне пытаюцца аб уласных інтарэсах, маючы на ўвазе, што на іх мне не хапае часу. Я гляджу на гэта па-іншаму: калі вы самі чымсьці глыбока захопленыя, то дзеці з задавальненнем пойдуць услед за вамі, перарастуць вас, а потым за сабой яшчэ і падцягнуць. Вельмі многія шматдзетныя сем'і падарожнічаюць, займаюцца бізнэсам, выглядаюць паспяховымі і прыгожымі. Дзеці не толькі не перашкаджаюць поспеху ў бізнэсе, прафесіі і ў асабістым развіцці сваіх бацькоў, яны з'яўляюцца стымулам для будучых іх поспехаў.

- Якая яна - радасць шматдзетнага мацярынства?
- Немагчыма коратка апісаць тую радасць, якая надыходзіць са з'яўленнем дзяцей. Як быццам усё ў жыцці асвячаецца і набывае новы сэнс. Быць мамай - самая сапраўдная праца, а праца любіць сваіх дзяцей - гэта самая прыемная праца ў свеце. Складанасцяў, вядома, не пазбегнуць, але яны здараюцца і з адным дзіцём, і з двума, і з пяццю. Шматдзетная сям'я - гэта не толькі і не столькі цяжкая праца, колькі шчасце для бацькоў і самой жанчыны, якой Богам прызначана кахаць, працягваць свой род, быць маці і дарыць дзецям сваю пяшчоту і клопат.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/