"Шчасце дзяцей у нашых руках"



Гэта думка праходзіць лейтматывам праз усё жыццё шматдзетнай матулі Марыны Генадзьеўны Шэлег. Яна нарадзіла сем сваіх дзяцей, двое з якіх ужо маюць уласныя сем'і. А ў снежні 2014 года Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна Шэлегі сталі
бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, які адкрыўся ў Дзятлаве. Цяпер яны, акрамя пяці родных, гадуюць яшчэ пяць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

У 2007 годзе Марына Генадзьеўна Шэлег была ўзнагароджана ордэнам Маці, а 18 сакавіка гэтага года прыняла ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання па вышках рэспубліканскага конкурсу грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" - "Жанчына года-2016". Пераможца конкурсу сталі 44 жанчыны з розных рэгіёнаў нашай краіны. Марына Генадзьеўна была адзначана дыпломам пераможцы ў намінацыі "За выхаванне дзяцей і моладзі".

Дэманстраваць вопыт станоўчага сямейнага выхавання ў наш час вельмі важна. Гэта дапамагае стаць добрым прыкладам, узорам для пераймання для іншых бацькоў, якія любяць дзяцей, але пакуль вагаюцца, ці паспрабаваць сябе ў ролі прыёмных бацькоў або бацькоў выхавальнікаў, ці рашыцца прыняць у сваю сям'ю дзяцей, якім так неабходны бацькоўская пяшчота, клопат, падтрымка. А што скажа пра гэта сама Марына Генадзьеўна Шэлег, заслужаная мама Дзятлаўскага раё-на, "Жанчына года-2016".

Слова — Жанчыне!

— Раніца. Рэдзенькія палоскі світання на небе. Лёгкі ветрык казыча сонны твар. Воддаль раскінуліся бяскрайнія палі з жоўтымі плямамі дзьмухаўцоў. Зрэдку чуюцца гукі птушыных спеваў. Пад нагамі нясмела перакатваюцца з травінкі на травінку зіхоткія кропелькі расы. Наперадзе вялікае шкляное люстэрка возера зліваецца з лініяй гарызонту. Я дастаю з сумкі белы аркуш паперы, на якім гуляюць трапяткія промні ранішняга сонца, раблю караблік, даю яму просценькую назву Жыццё" — і пускаю на ваду. Ужо праз некалькі хвілін на возеры бачны толькі танюсенькі шлейф і белая кропелька ўдалечыні...

Якім будзе маё жыццё? Пра што я мару? Усе мы розныя, і мары нашы розныя. Адзін чалавек марыць аб багацці, раскошы, уладзе, другі — пра далёкія падарожжы, трэці хоча быць знакамітым і збіраць поўныя залы прыхільнікаў. А я марыла пра дружную сям'ю.

У 19 гадоў я выйшла замуж. Са сваім мужам Аляксандрам мы ніколі не марылі быць шматдзетнымі або прыёмнымі бацькамі. Спачатку ў нас, як і ў многіх іншых сямейных параў, было двое дзяцей. Затым на працягу 10 гадоў з'явіліся на свет яшчэ пяцёра і з кожным немаўляткам у нашых сэрцах множыліся любоў і разуменне.

Гасподзь даў нам шчасце перажыць пачуццё мацярынства і бацькоўства сем разоў. Сем цудоўных дзетак гадаваліся ў нашай сям'і, сем маленькіх чалавечкаў радавалі нас з мужам. На працягу жыцця ў мітусні і клопатах многае забываецца. Аднак ёсць тое, чаго я ніколі ні пры якіх умовах забыць не змагу. Гэта тварыкі маіх нованароджаных дзетак, іх першы позірк, ружовыя вусны, маленькія пальчыкі. Раман, Юлія, Ілья, Танюша, Лізачка, Віялета, Давід...

Ішлі гады. Дзеці падрасталі і пачалі ствараць свае сем'і. Мы радуемся, гледзячы на іх. Але ў нашых сэрцах ёсць яшчэ столькі непатрачанай любові! Менавіта з-за гэтага два гады таму мы прынялі рашэнне ўзяць пад сваю апеку дзетак, у якіх няма бацькоў, падарыць ім мацярынскую любоў і бацькоўскі клопат. Так у нас з'явіліся Вова, Арцём, Данік, Сямён і Кірыл. Цяпер у нас вялікая сям'я. Мы можам зноў перажыць тыя пачуцці, якія адчувалі раней.

Сям'ю нашу ўмацоўваюць традыцыі. Магчыма, дзякуючы ім наша сям'я становіцца яшчэ больш дружней і шчаслівай. Адной з такіх традыцый з'яўляецца святкаванне дзён нараджэння. Задуваючы свечкі на торце, імяніннік загадвае жаданне. Мы ўпэўнены, што жаданні кожнага з нашых дзяцей збудуцца, бо яны мараць пра шчасце для сябе і ўсёй сям'і.

Калі прыязджаюць дзеці, унукі, блізкія, сябры, па традыцыі мы збіраемся на сумесную вячэру. У цэнтры пакоя ставім стол, вакол якога ўсе садзімся, ядзім смачныя хатнія стравы і дзелімся ўсім, што адбылося ў кожнага з нас за гэты час. Такія сустрэчы напоўнены цеплынёй і любоўю. Калі ў каго ёсць праблема, то сумесна яе можна вырашыць, а калі хто-небудзь раскажа пра свае дасягненні, то мы ўсе разам нарадуемся.

Мы любім і сумесны адпачынак на рацэ Шчара. Напярэдадні рыхтуем вопратку, набываем прадукты для прыгатавання страваў на вогнішчы, бяром дзіцячыя цацкі. Калі прыязджаем на месца, ставім палаткі, распальваем вогнішча, гатуем абед. 3 якім задавальненнем дзеці ядуць юшку! А пасля іх чакае цэлы дзень гульняў і весялосці. Мы можам не толькі ўдосталь накупацца, пазагараць на сонейку, пабудаваць замкі з пяску, але і палюбавацца на прыгожыя эолкі, пагуляць па беразе і проста пагаварыць. На прыродзе мы адпачываем шмат дзён. Нас не пужае дрэннае надвор'е, бо мы ўсе разам. Такі адпачынак вельмі аб'ядноўвае нас.

3 ранняга дзяцінства нашы дзеці разумеюць, што трэба дапамагаць адзін аднаму, вучыцца падтрымліваць блізкіх. Акрамя таго, у час такіх вандровак яны вучацца самым простым, але важным рэчам: чысціць бульбу, распальваць вогнішча, нарыхтоўваць для яго галлё і дровы, падтрымлі-ваць чысціню ў палатцы. Вельмі любіць наша дзятва, калі вечарам ля вогнішча дарослыя расказваюць цікавыя гісторыі. Так заканчваецца дзень. I ўсе стомленыя, але шчаслівыя ідуць спаць.

Як выхаваць дзяцей сумленнымі, прыстойнымі, справядлівымі? Як навучыць іх паважаць іншых людзей? Як навучыць цаніць кожнае імгненне жыцця? На гэтыя пытанні даюць адказы Божыя запаведзі. Гэта і ёсць галоўная традыцыя нашай сям'і — жыць па запаведзях Божых. Мы стараемся развіваць у дзяцей вышэйшыя душэўныя здольнасці, без якіх чалавек не можа жыць сярод людзей — здольнасць верыць, здольнасць спадзявацца, здольнасць любіць. Мы хочам выхаваць дзяцей так, каб яны верылі ў дабро і дабро рабілі. Дзеці растуць, і мы хочам "выпусціць" іх у дарогу з душамі, якія ўмеюць любіць.

Шчасце дзяцей — у нашых руках. Шмат трэба працаваць, каб заваяваць давер нашых дзяцей, бо адно слова, адзін неабдуманы ўчынак могуць усё скасаваць. Лёгка схаваць любоў, складана схаваць раўнадушша. Не хавайце любоў да людзей — і вашы дзеці вырастуць добрымі, з адкрытымі для свету сэрцамі.

Няхай Гасподзь дасць прагнучаму славы — славу, смеламу — каня, моцнаму — доорае сэрца абаронцы, а ўсім дзеткам на планеце — поўныя радасці і шчасця сем'і.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/