Шчаслівыя ноткі сакавіка



Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня прайшла ўрачыстая сустрэча ўдзельніц раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын". На гэты раз гасцей прымала пярвічная арганізацыя жансавета сярэдняй школы №3 горада Дзятлава на чале са старшынёй Ларысай Жэгалік.

Гаспадары пляцоўкі падрыхтавалі для гасцей цікавую святочную праграму з выступленнем навучэнцаў установы і вакальна-інструментальнага ансамбля "Арэал" пад кіраўніцтвам Валянціна Палухіна. Юныя таленты здзіўлялі ўдзельніц раённай жаночай арганізацыі вершамі і песнямі. Нотку гумару ў праграму ўрачыстасці дадала жартоўная калекцыя моднага адзення і віктарына "Якой павінна быць супердзяўчына?".

У цёплай сяброўскай атмасферы ўдзельніцы жансавета абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў. Да актывістак жаночага руху звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Жадзейка. Яна заклікала пярвічныя арганізацыі больш актыўна ўдзельнічаць у творчых конкурсах, акцыях і праектах Беларускага саюза жанчын, сярод якіх акцыі "Дзякуй вам, таты", "Гаворым на роднай мове", "Здароўе жанчыны - здароўе нацыі", "Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі", праект "Патрыятычныя экскурсе". Гродзенская раённая арганізацыя таксама заклікае арганізацыі раёнаў да ўдзелу ў восьмай рэспубліканскай навукова-практычнай канферэн-цыі "Захаванне памяці аб малой радзіме праз лёсы простых людзей", прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Гродзенскай вобласці.

Алена Іванаўна падзякавала за работу пярвічным арганізацыям БСЖ Данілавіцкага і Наваельнянскага сельвыканкамаў, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Дарэчы, на абласны этап конкурсу "Жанчына года" ў намінацыі "За вернасць Беларускаму саюзу жанчын" выйшла дырэктар Вензавецкай школы-сада, удзельніца пярвічкі Ганна Франюк, а мабільную агітацыйную групу вензавецкіх жанчын-актывістак выдатна ведаюць не толькі на Дзятлаўшчыне, але і ў вобласці.

Напрыканцы свайго выступлення Алена Жадзейка зазначыла, што ў нашым раёне шмат дастойных прадстаўніц жансавета, ім варта актыўней дзяліцца творчым вопытам і дасягненнямі.

Намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна Нікіпорчык расказала аб магчымасцях прыцягнення фінансавання з-за мяжы на сацыяльна значныя праекты раёна.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўшанаванне жанчын да 8 Сакавіка, усе прысутныя з дапамогай бяспройгрышнай латарэі атрымалі памятныя падарункі ад жансавета.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/