ШАШКІ. ПЕРШЫНСТВО СШ №1



Чэмпіёнка СШ №1 - Валерыя Жалнерчык

Больш за два месяцы доўжыўся шашачны турнір у СШ №1, удзельнікамі якога былі самыя юныя спартсмены — вучні 1-3 класаў. Стартавалі ў турніры 19 шашыстаў, большасць з якіх ужо мела вопыт спаборніцтваў нават раённага ўзроўню ў складзе камандаў дзіцячых садкоў.

На першым этапе турніру адбыўся адбор у фінальную трупу. 19 чалавек па кругавой сістэме згулялі па адной партыі. Валерыя Жалнерчык і Сяргей Цюшляеў набралі самую вялікую колькасць ачкоў — па 16,5. Вынік асабістай сустрэчы аддаў перавагу Валерыі — яна першая. Другі — Сяргей. За трэцяе месца змагаліся Ягор Ерамейчык і Павел Крывулька. Ягор набраў 14,5 ачка і апярэдзіў Паўла на 0,5 ачка. Чацвёрку мацнейшых дапоўнілі Захар Андрукевіч, Ігнат Ерамейчык, Арсень Ляшчэўскі, Мікіта Насовіч, Улад Касцюкевіч, Аляксандр Жэгала, Аляксандр Сіняк.

На другім этапе турніру 11 чалавек па кругавой сістэме гулялі па дзве партыі — белымі і чорнымі. Лідар першага этапу Валерыя Жалнерчык пацвердзіла свой узровень — набрала 18,5 ачка і стала пераможцай школьнага першынства. На другое месца з 15 ачкамі выйшаў Ягор Ерамейчык. Трэцім стаў Сяргей Цюшляеў (13,5 ачка). Пацвердзіў сваю выніковасць і Павел Крывулька, ён стаў чацвёрты і ўвайшоў у склад першай каманды школы. Вынікі турніру назвалі склад і другой каманды школы для ўдзелу ў раённым турніры юных шашыстаў.

Дарэчы, тры прызёры школьнага турніру — Валерыя Жалнерчык, Ягор Ерамейчык, Сяргей Цюшляеў — выканалі нарматыў трэцяга спартыўнага разраду. Захар Андалюкевіч, Ігнат Ерамейчык, Павел Крывулька справіліся з нарматывам чацвёртага спартыўнага разраду.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, галоўны суддзя турніру, заслужены трэнер Рэспублікі Беларусь

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/