Шашачны турнір у Дзятлаве



У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбыўся аматарскі турнір па шашках. Удзельнікі — гэта наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў "Праменьчык" і раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Мерапрыемства ўжо стала традыцыйным і праходзіць штогод некалькі гадоў запар.

Для ўдзелу заявіліся 10 жадаючых. Яны, згодна з правіламі турніру, павінны былі згуляць па 9 партый. Мікалай Венславоўскі, суддзя спаборніцтваў, правёў жараб'ёўку, каб вызначыць пару кожнаму ўдзельніку. Далей гульня ішла па кругавой сістэме. Усе ўдзельнікі годна паказалі сябе за шашачнай гульнёй і атрымалі невялікія грашовыя ўзнагароджанні. Пераможцамі сталі Канстанцін Дораш, Уладзімір Нічыпар і Іўліянія Шах, якія адпаведна занялі першае, другое і трэцяе месцы. Яны дадаткова ўзнагароджаны дыпломамі, a пазней адправяцца на абласныя спаборніцтвы.

Пасля мерапрыемства арганізатары і ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі аб турніры.

А. Калюцік:
— Добра, калі праходзяць такія гульні. Гэта развівае мышленне, карысна для людзей.

А. Ляпешка:
— У час трэніровак перад спаборніцтвамі ўсе ўдзельнікі стараюцца. Малайцы! У кожнага ёсць свае асаблівасці здароўя, таму займаюцца яны па сваіх магчымасцях. Гэта пакуль толькі пачатак, жадаем, каб гульні праходзілі часцей. Спадзяёмся на падтрымку спонсараў, каб папулярызаваць такі занятак сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

М. Венславоўскі:
— Добра было б спартакіяду, у якой будуць не толькі шашкі, але і іншыя даступныя віды спорту: настольны тэніс, дартс. Можна зрабіць камандныя спаборніцтвы.

Юлія, удзельніца турніру:
— Самае галоўнае — святло ўсмешак, стасункі. Я даўно ўжо ўдзельнічаю ў турніры, а тры гады таму заняла першае месца. Хачу, каб такія сустрэчы праходзілі як мага часцей.

М. САВІЦКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/