Сэрцам адданы Дзятлаўшчыне



Гэтыя словы можна з упэўненасцю сказаць пра Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, заснавальніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Сёлета грамадскасць горада і раёна будзе адзначаць 105-годдзе з дня яго нараджэння. I, напэўна, невыпадкова яго юбілей супаў з юбілеем нашага горада. Міхаіл Фёдаравіч за нязначны перыяд часу зрабіў для захавання гістарычнай памяці нашай малой радзімы столькі, што гэтага было б дастаткова не толькі для адкрыцця музейнай экспазіцыі, але і для напісання важкай кнігі па гісторыі Дзятлаўшчыны.

Часам бывае шкада, што не быў знаёмы з чалавекам, не размаўляў з ім, не бачыў яго захопленасці і бескарыслівых чалавечных учынкаў. Што ж, нічога не зробіш, мы людзі розных пакаленняў, аднак шмат даведацца пра чалавека можна і праз яго спадчыну, праз успаміны блізкіх і сяброў, архівы і плён той тытанічнай працы, якую ён паспеў зрабіць у сваім жыцці.

Хочацца для прыкладу прывесці толькі адзін эпізод. У музеі нядаўна працавала выстава "Кніга ў прасторы і часе", якую наведвалі гараджане і вучні школ раёна. На выставе былі прадстаўлены выданні ХІХ-ХХІ стагоддзяў з фондаў музея, якія дэманстравалі развіццё кнігавыдавецтва розных гістарычных эпох. Пра выставу даведаўся Валерый Петрыкевіч, сын Міхаіла Фёдаравіча, і прапанаваў нам кнігі з асабістай бібліятэкі юбіляра. Кніг было шмат, мы адвялі ім на выставе асобнае месца. Toe, што гэта за выданні і наколькі яны каштоўныя, вельмі ўразіла. Гэта былі і слоўнікі, і кнігі з даравальнымі надпісамі знакамітых людзей Беларусі, і кнігі на польскай і літоўскай мовах, падручнікі і энцыклапедыі, кнігі пра прыроду, культуру, літаратурныя выданні. А калі яшчэ ўлічыць, што ў XX стагоддзі кніга лічылася асноўнай крыніцай інфармацыі, то становіцца зразумелым: інтарэсы Міхаіла Фёдаравіча былі вельмі разнастайнымі. Ды інакііі і быць не магло: толькі такія людзі здольныя стварыць нешта значнае для многіх пакаленняў.

Хлопец з малазямельнай сялянскай сям'і, Міша Петрыкевіч крочыў крутымі жыццёвымі дарогамі. Спачатку паспяхова скончыў царкоўнапрыходскую школу, затым бацькі знайшлі магчымасць і адправілі яго, аднаго з шасці сынрў, у Навагрудскую беларускую гімназію.Раптоўная смерць бацькі не спыніла вучобу. Маці са старэйшымі сынамі аддавала апошняе, каб здольны сын прадоўжыў вучобу. Беднае, галоднае жыццё вучня-гімназіста не перашкодзіла паспяхова вучыцца.

У апошнія гады вучобы юнак збліжаецца з рэвалюцыйна настроенай часткай гімназістаў і ўступае ў шэрагі камсамола Заходняй Беларусі. Удзельнічае ў мітынгах, распаўсюджвае забароненую літаратуру і лістоўкі, вядзе агітацыю сярод землякоў. Такая дзейнасць была заўэажана дэфінзівай, і летам 1931 года выпускніка гімназіі Навагрудскі ваяводскі суд адпраўляе на тры гады за краты. Малыя душныя камеры турмаў у Навагрудку, знакамітых Лукішках у Вільні і Плоцку каля Варшавы былі прытулкам на перыяд лепшых гадоў маладога жыцця, а ў дадатак допыты, катаванні, карцар.

Верасень 1939 года вярнуў мару аб вышэйшай адукацыі. Летам 1940 года Міхаіл Петрыкевіч паступае ў Беластоцкі настаўніцкі інстытут. На жыццё зарабляе, праводзячы заняткі па ліквідацыі бязграматнасці на абцасавай фабрыцы. Днём - вучоба, вечарам - праца, ноччу - падрыхтоўка да заняткаў.

22 чэрвеня 1941 года павінен быў прайсці апошні экзамен за першы курс. Але замест яго паніка і доўгі шлях палявымі і ляснымі сцежкамі па начах.

Усталяванаму акупацыйнаму рэжыму патрэбны былі адукаваныя людзі. Каб не быць вывезеным у Германію, Міхаіл Фёдаравіч прымае прапанову стаць бухгалтерам на чыгунцы ў Любчы.

Менавіта гэтая пасада зблізіла пазней з сувязньім аднаго з партызанскіх атрадаў, будучым знакамітым літаратарам, прафесарам Уладзімірам Калеснікам, якому перадаваліся звесткі аб характеры перавозак на чыгунцы.

Са жніўня 1944 года Міхаіл Петрыкевіч служыць у Савецкай Арміі. Дасведчанага, граматнага салдата выкарыстоўвалі на пасадах пісара ў штабах пры розных вайсковых падраздзяленнях. У баявых дзеяннях прыняць удзел не давялося.

Пасля дэмабілізацыі з войска прыняў рашэнне прадоўжыць вучобу. У верасні 1946 года 33-гадовы Міхаіл Фёдаравіч, бацька двух сыноў, заручыўшыся падтрымкай цесця і жонкі, становіцца студэнтам другога курса Мінскага педагагічнага інстытута. Вучыўся выдатна, дапамагаў малодшым, карыстаўся павагай у студэнтаў і выкладчыкаў. У час вучобы замацаваў сяброўскія стасункі з Уладзімірам Калеснікам, які таксама быў студэнтам, а праз яго з Янкам Брылём, маладым пісьменнікам, баявым сябрам Калесніка. Ад прапановы вучыцца ў аспірантуры рашуча адмовіўся, бо загрызла сумленне сядзець "на карку" ў жонкі і цесця.

Два навучальныя гады, з 1949-га па 1951-ы, Міхаіл Фёдаравіч адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў Карэліцкай СШ. А з восені 1951 па 1966 гады - завучам Валеўскай СШ Навагрудскага раёна. Менавіта тут, у Валеўцы, раскрыліся яго педагагічны талент і арганізатарскія здольнасці.

Будаўніцтва новага двухпавярховага будынка школы, навядзенне парадку на прышкольным участку, азеляненне яго, закладка парка-дэндрарыя, стварэнне школьнага лясніцтва, арганізацыя экскурсій, першых турыстычных паходаў і як вынік - ідэя стварэння школьнага краязнаўчага музея. I ўжо ў 1955 годзе ў вясковай школе адкрываецца музей, які з кожным годам багацее, прырастае экспанатамі, павялічваецца па плошчы, становіцца знакамітым на ўсю краіну і за яе межамі.

Стваральнікі музея і яго экспазіцыі неаднаразова адзначаюцца граматамі розных ведамстваў, у тым ліку Міністэрствам адукацыі БССР і СССР, а таксама ВДНГ (выставы дасягненняў народнай гаспадаркі) у Маскве. Міхаілу Петрыкевічу прысвойваюць званне выдатнік народнай асветы БССР, а ў 1965 годзе - званне заслужанага настаўніка БССР.

У студзені 1965 года быў адноўлены Дзятлаўскі раён. Першым сакратаром РК КПБ быў прызначаны Іван Крыжаноўскі. Ён пачынаў сваю працоўную дзейнасць настаўнікам Валеўскай СШ, а пасля быў дырэктарам Цырыкскай СШ і загадчыкам РАНА ў Карэлічах і добра ведаў адданасць працы, здольнасці і магчымасці Міхаіла Петрыкевіча. Разам са старшынёй Дзятлаўскага РВК Сяргеем Кабяком Іван Крыжаноўскі амаль два гады агітаваў Петрыкевіча пераехаць у Дзятлава і ўзначаліць мясцовы музей, будынак якога яшчэ толькі пачалі ўзводзіць. Пры гэтым кіраўнікі раёна паабяцалі ўсебаковую падтрымку.

У студзені 1967 года 54-гадовы педагог рашыўся на пераезд і апантана, з юнацкім запалам узяўся за любімую справу. На працягу года аб'язджае ўсе вёскі раёна, абыходзіць амаль кожную хату, прысутнічае на ўсіх сходах у калгасах і арганізацыях, школах, бібліятэках, дамах культуры. Выступае на раённых камсамольскіх, партыйных, прафсаюзных сходах. Сустракаецца з былымі падпольшчыкамі, вайскоўцамі, партызанамі, святарамі цэркваў і касцёлаў. Тыднямі даследуе матэрыялы ў архівах гарадоў Гродна, Брэста, Мінска, Вільнюса. Вядзе перапіску са сваімі былымі сябрамі-падпольшчыкамі, пісьменнікамі, партыйнымі актывістамі, краязнаўцамі, навукоўцамі, са шматлікімі музеямі БССР і СССР.

Дзякуючы нястомнай працы, за адзін год і чатыры месяцы было сабрана звыш шасці тысяч экспанатаў, размеркавана па залах, аформлена экспазіцыя Дзятлаўскага музея народнай славы (тады ён так называўся), і 5 мая 1968 года адчынілася для наведвальнікаў.

У 2018 годзе спаўняецца 50 год з дня, калі першы экскурсант пераступіў парог музея. Слава пра Дзятлаўскі музей вельмі хутка разышлася па Беларусі і за яе межамі. Сотні тысяч людзей за гэты час пазнаёміліся з экспазіцыяй. Гэта вучні, моладзь, працоўныя, вайскоўцы, падпольшчыкі, ветэраны, журналісты, краязнаўцы, пісьменнікі, кіраўнікі розных рангаў, замежныя госці з Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Ізраіля, Люксембурга, Германіі, Англіі і іншых дзяржаў.

Вядомы навуковец, культуролаг, даследчык літаратуры, прафесар Адам Мальдзіс некалькі разоў быў у Дзятлаўскім музеі і адазваўся аб ім прыкладна так: "Я наведаў амаль усе раённыя музеі ў Беларусі. Паўсюль адна праблема: чым запоўніць залы? У лепшым выпадку - фота і ксеракопіі. I толькі ў Дзятлаве і Гудзевічах (Мастоўскі раён) іншая сітуацыя. Тут не ведаюць, як паказаць тое, што ляжыць у фондах. Не хапае ў залах месца. I гэта не ксеракопіі, а вельмі рэдкія, унікальныя экспанаты".

Ідзе час, музей змяняецца, аднаўляецца, папаўняецца паслядоўнікамі Міхаіла Фёдаравіча. Гэта жыццё ўносіць свае папраўкі. Так і трэба. Але памяць павінна жыць - памяць пра чалавека і яго добрыя справы. I яна жыве. Сёлета жыхары раёна выказалі прапанову стварыць і ўстанавіць на будынку музея мемарыяльную дошку, прысвечаную Міхаілу Петрыкевічу. За першае паўгоддзе 2018 года справа была даведзена да лагічнага завяршэння і ў жніўні ў музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё дошкі і мерапрыемства, прысвечанае юбілею Міхаіла Фёдаравіча.

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/