СЕЛЬСКІ СХОД У РАКЛЕВІЧАХ



У аграгарадку Раклевічы адбыўся сельскі сход па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, папярэджання надзвычайных сітуацый і аховы правапарадку. У ім узялі ўдзел намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, першы намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Кажала, старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белавус. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна электрычных сетак і Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння.

Мерапрыемству папярэднічала сустрэча мясцовых дзяцей з пажарнымі. Супрацоўнікі пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №1 горада Дзятлава прыбылі ў Раклевічы на спецтэхніцы, прадэманстравалі малечы тэхнічныя магчымасці сучасных ратаўнікоў. Садкоўцы адказалі на пытанні віктарыны, "выклікалі" ратаўнікоў, пабылі ўнутры пажарнай машыны і атрымалі прызы.

Ва ўрачыстай абстаноўцы вучань Раклевіцкай базавай школы Сяргей Язерскі быў узнагароджаны граматай раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за прызавое месца ў конкурсе "Ратаўнік — вачамі дзяцей" (падрабязней пра Сяргея і яго работу чатайце ў адным з наступных нумароў газеты "Перамога").

Удзельнікаў сельскага сходу сустракалі ля ўваходу супрацоўнікі добраахвотнага пажарнага таварыства, якія прапанавалі набыць сродкі пажарнай бяспекі і пажаратушэння, а таксама юныя ратаўнікі-пажарныя, якія правялі анкетаванне па веданні правілаў пажарнай бяспекі.

Калі жыхары Раклевічаў сабраліся ў зале, сельскі сход пачаўся праглядам фільма "Недзіцячыя гульні" і прадоўжыўся выступлением інспектара Дзятлаўскага РАНС Аляксандра Бяленкі, які прывёў статыстыку надзвычайных здарэнняў у Дзятлаўскім сельсавеце.

Намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч заклікаў сельскіх жыхароў быць асабліва пільнымі ў пажаранебяспечны перыяд і ўважлівымі да сваіх суседзяў.

Старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі трымаў даклад аб рабоце назіральных камісій. Ен падзякаваў удзельнікам камісій за работу, а мясцовым жыхарам — за разуменне.

Правілы пажарнай бяспекі на жніве нагадаў першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Уладзімір Кажала.
— Калі ў камбайне ёсць попельніца, ці можна ў ім курыць? — паступіла пытанне з залы.
— На жніве курыць нельга нідзе, і гэта закон, — даў адназначны адказ ратаўнік.

Пра неабходнасць правяраць вентыляцыйныя каналы, правільна эксплуатаваць і своечасова мяняць газавыя пліты нагадаў галоўны інжынер Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Доўжыцца акцыя, па якой новую пліту пад паўгадавую беспрацэнтную растэрміноўку можна набыць у самой арганізацыі.

Намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС Мікалай Сайчык заклікаў да пільнасці рыбакоў, распавёўшы пра апошнія здарэнні з аматарамі павудзіць рыбу пад лініямі электраперадачы.

Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай, падрыхтаванай работнікамі культуры Дзятлаўшчыны.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/