Сацыяльны работнік - памочнік і сябар



Падапечныя ласкава называюць яе "дзяржаўнай дачкой", "нашай нянькай", "нашай Іркай". У доме кожнага з іх яна жаданая госця. Ды і сама Ірына Зігмундаўна Мацешка пра сваю работу, якой аддала ўжо дзесяць гадоў, гаворыць з натхненнем. Яна працуе сацыяльнай работніцай Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дапамагае пажылым людзям у вырашэнні бытавых пытанняў і вядзенні хатняй гаспадаркі.

Нарадзілася Ірына Зігмундаўна на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Міклашы, цяпер жывуць з мужам у Змяёўцах. На абслугоўванні ў жанчыны шэсць пажылых людзей, сярод якіх ёсць і ляжачыя, таму ў кожнага з іх свой графік наведвання. Да адных сацыяльная работніца прыходзіць кожны дзень, да другіх - два-тры разы на тыдзень. Зона абслугоўвання - вёскі Савічы, Міклашы і горад Дзятлава. Кожны дзень даводзіцца пераадольваць значныя адлегласці, рабіць гэта лягчэй і хутчэй на веласіпедзе. "Службовы" транспартны сродак Ірыне Мацешка выдалі некалькі гадоў таму, і ён не падводзіць. А вось калі выпадае снег, хадзіць да падапечных даводзіцца пешшу або падвозіць на машыне муж.

Ірыне Зігмундаўне не вельмі падабаецца зіма, бо гэты сезон аказвае свой негатыўны ўплыў на пажылых людзей. У халады абвастраюцца хранічныя хваробы, пагаршаецца настрой, многія старця перастаюць выходзіць на двор, а толькі сядзяць і сумуюць, гледзячы ў акно.

Сутыкаючыся з зімовай хандрой у пажылых людзей, Ірына Мацешка стараецца хутчэй падняць ім настрой. Расказвае розныя навіны і жьщцёвыя гісторыі, просіць іх саміх узгадаць, як жылося раней. Ад падобных размоваў двайная карысць, лічыць жанчына: па-першае, старыя становяцца весялейшымі, па-другое, яна сама даведваецца шмат цікавай інфармацыі аб мінулым. Галоўнае, зазначае Ірына Зігмундаўна, адшукаць да кожнага падапечнага свой падыход, а для гэтага трэба ўласныя праблемы пакінуць за парогам, умець цярпець, слухаць, быць уважлівай.

Цікаўлюся ў субяседніцы, адкуль такая мудрасць і веданне псіхалогіі. Адказвае, што гэта не інстытуцкія веды, а жыццёвы вопыт. Ірына Мацешка ў свой час атрымала спецыяльнасць заатэхніка-селекцыянера, трынаццаць гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы, а потым вырашыла перайсці ў сацыяльную службу, каб дапамагаць людзям. Вядома, было крыху страшнавата, ці "дасца" ей новая справа. Але сама жанчына гадавалася ў вялікай сям'і, ей даводзілася спачатку клапаціцца пра бабулю, затым даглядаць сваю маці. Ранейшы вопыт і прыйшоў на дапамогу, а ўся астатняя частка абавязкаў сацыяльнай работніцы - гэта справы гаспадарскія. Даводзіцца хадзіць па пакупкі і лекі, гатаваць ежу, прыбіраць у хатах,
праводзіць гігіенічныя працэдуры і адначасова ўмець слухаць людзей.

Пасля насычанага працоўнага дня Ірына Зігмундаўна адчувае стомленасць. Тады стараецца пераключыцца на іншыя віды дзейнасці, каб крыху адпачыць. Любіць вязаць, гатаваць ежу, вельмі любіць хатніх жывёлін (яны з мужам трымаюць вялікую гаспадарку). Іх два сыны ўжо дарослыя, жывуць асобна, маюць уласныя сем'і. У Мацешкаў падрастаюць трое ўнукаў. Дзеці часта збіраюцца ў бацькоўскім доме і не перастаюць здзіўляцца, як у матулі пасля хатніх клопатаў нібыта адкрываецца другое дыханне, калі раздаецца тэлефонны званок ад каго-небудзь з падапечных. Ірына Зігмундаўна заўсёды адпраўляецца на дапамогу, калі каму-небудзь з пажылых стала кепска ці падскочыў ціск. Дома да гэтага ўжо прывыклі і не крыўдуюць, бо разумеюць, што ў матулі важная і патрэбная работа - людям дапамагаць.

Да прафесійнага свята Ірына Мацешка жадае сваім калегам здароўя, цярпення, сямейнага дабрабыту і невычэрпнай энергіі для добрых спраў.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/