Самадысцыпліна. Стараннасць. Цвёрдасць характару



Самы надзейны спосаб праверыць, што ты можаш дасягнуць вяршынь - паспрабаваць зрабіць самы цяжкі: першы ўпэўнены крок да перамогі. I спорт таму не выключэнне. Спартсмен з Дзятлава Арцём Урбановіч стаў пераможцам Кубка Еўропы па кіакушынкай каратэ "Kyokushin Karate European Cup", які быў арганізаваны Нацыянальнай спартыўнай Федэрацыяй каратэ-кіакушынкай ІКО Малдовы і праходзіў у Кішынёве.

Выступаючы ў вагавой катэгорыі да 75 кг, Арцём правёў тры баі. У фінале ён сустрэўся са спартсменам з Польшчы.

- Арцём, віншуем цябе з перамогай! Раскажы, як ты пачынаў свой шлях у спорце?
- Спортам, а менавіта каратэ, пачаў займацца з 8 гадоў. Прыйшоў у гэты від баявога майстэрства выпадкова. Аднойчы з сябрам за кампанію вырашыў прыйсці на трэніроўку. Спачатку назіраў за тэхнікай баёў спартсменаў, затым паспрабаваў сам. 3 першых заняткаў адчуў, што атрымліваецца, гэта заўважыў і мой першы трэнер. Прапанову запісацца ў секцыю і пачаць актыўна трэніравацца ўспрыняў з ахвотай, паралельна працягваў займацца футболам. Праз паўгода стаў адным з лепшых спартсменаў у секцыі кіакушынкай каратэ.

- Хто твой трэнер па кіакушынкай каратэ?
- Вялікую ролю ў маім станаўленні адыграў мой першы трэнер Максім Максімаў. Ён развіў ува мне цікавасць да гэтага віду баявога майстэрства, дапамог дасягнуць першых вяршынь. Я яму вельмі за гэта ўдзячны. На дадзены момант я трэніруюся ў Дзмітрыя Вараб'я, трэнера спартыўнага клуба "Самурай" у Мінску. Ён з'яўляецца вядучым спартсменам, вельмі мудры настаўнік. Я марыў трэніравацца менавіта ў яго, таму і выбар працягнуць вучобу ва ўніверсітэце фізічнай культуры ў Мінску напрамую залежаў ад гэтага жадання.

- Ведаю, што пэўны час ты сам трэніраваў дзяцей.
- Рэгулярна трэніраваць дзяцей я пачаў з дзясятага класа, нягледзячы на ўласную падрыхтоўку да спаборніцтваў і падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. Мне падабалася працаваць з дзецьмі. Да кожнага стараўся знайсці індывідуальны падыход. Для таго, каб пачынаючы спартсмен застаўся ў гэтым няпростым відзе адзінаборства і не пакінуў секцыю праз год, трэба было прыкласці шмат намаганняў.

- Раскажы пра чэмпіянат Еўропы, на якім заняў першае месца. Як табе дасталася перамога?
- Спаборніцтвы праходзілі ў Кішынёве. Я выступаў ва ўзроставай групе юніёраў 16-17 гадоў, у катэгорыі да 75 кілаграмаў. Правёў тры баі. Hi з адным са сваіх сапернікаў раней мне сустракацца не даводзілася. У першым баі з каратыстам з Украіны перамогу атрымаў датэрмінова. Затым была сустрэча з каратыстам з Расіі, тут перамогу атрымаў па рашэнні суддзі. А ў фінальным баі змагаўся з каратыстам з Польшчы.

Адзначу, што гэта не першы чэмпіянат такога ўзроўню ў маёй спартыўнай кар'еры. Выступленнем я цалкам задаволены. Доўга і старанна рыхтаваўся да гэтага чэмпіянату, выкладваўся па поўнай. Аднак падобныя спаборніцтвы на чэмпіянаце Еўропы можна лічыць апошнімі ў маёй кар'еры - хутка мне спаўняецца 18 гадоў, і сярод юніёраў я ўжо выступаць не змагу. Вельмі рады, што перамога і кубак чэмпіёна Еўропы ўсё ж такі ў скарбонцы маіх да-сягненняў, доўга я да яе ішоў.

- Якія яшчэ дасягненні на тваім рахунку?
- Я маю першую майстарскую ступень - чорны пояс першы дан. Актыўна выступаю на розных рэпянальных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. Перамог шмат, і яны розныя, адразу ўсе не ўзгадаеш.

- Якія якасці ты выхаваў у сабе за даволі працяглы перыяд трэніровак кіакушынкай каратэ?
- Асноўным пастулатам усходніх адзінаборстваў з'яўляецца самадысцыпліна. Дзякуючы каратэ, я і набыў гэту якасць, а яшчэ цвёрдасць характару, стараннасць. Кіакушынкай надзяліў мяне моцным духам, вынослівасцю, незгасальным жаданнем дамагацца пастаўленых задач, навучыў не спыняцца на дасягнутым, быць мужным і духоўна моцным.

- Што з'яўляецца матывацыяй перад выхадам на татамі?
- Самая галоўная мая матывацыя - гэта падтрымка і гонар маіх бацькоў і маіх дарагіх трэнераў, сяброў - тых, хто верыў і працягвае верыць у мае сілы і моц, у маю будучыню. Безумоўна, гэту перамогу я прысвячаю і ім.

- А як бацькі адносяцца да таго, чым ты займаешся?
- Станоўча. Яны выступаюць свайго роду спонсарамі, памочнікамі, актыўнымі балельшчыкамі, дапамагаюць мне ў дасягненні мэтаў і новых вяршыняў.

- Арцём, табе ўсяго 17, а ты ўжо паспрабаваў сябе ў ролі трэнера, вучышся ва ўніверсітэце, актыўна трэніруешся, выступаеш на спаборніцтвах. Як усё паспяваеш?
- Усё проста: гэта сістэма, штодзённы рэжым. Неабходна дакладна ведаць, для чаго гэта ўсё робіцца. Разам з тым, я заўсёды імкнуся развівацца ў розных аспектах і выпрацаваў для сябе правіла: ніколі не стаяць на месцы.

- Што б ты параіў нашым чытачам, юным спартсменам, якія толькі прыйшлі ў спорт?
- Штодзённа трэніравацца, як бы цяжка ні было і які б лад жыцця ні вёў - займацца абавязкова, не трэба імкнуцца стаць лепшым на ўсіх спаборніцтвах. Для спартсменаў скажу так: ніколі не адступаць і не здавацца, як бы цяжка ні было.

- Падзяліся сваімі планамі на будучыню?
- Працягнуць вучобу ва ўніверсітэце, па-ранейшаму актыуна трэніравацца, дасягаць майстэрства, планую прыняць удзел у спаббрніцтвах на Адкрытым чэмпіянаце па кіакушынкай каратэ ў Расіі і Адкрытым чэмпіянаце Іспаніі ў Барселоне. Калі мне споўніцца 18 гадоў, паспрабую свае здольнасці на Чэмпіянаце Беларусі.

- Што неабходна, каб быць першым? Тры найбольш важныя аспекты на твой погляд.
- Каб быць першым, трэба жаданне, мэтанакіраванасць і, вядома ж, добры трэнер. У нашым відзе барацьбы поспехаў дамагаецца, як правіла, той, хто здольны ўпарта працаваць на трэніроўках, нават праз "не магу". Кіакушын наогул - для працавітых, праз працу тут можна шмат дасягнуць, стаць вядомым чэмпіёнам.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/