Сакрэты даўгалецця Валянціны Яфімчык



У рамках праекта "Глыбінкай жыве Беларусь", прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспеды-цыю пад назвай "Па сакрэты даўгалецця".

Пра сваё жыццё расказала 90-гадовая жыхарка вёскі Навікі Валянціна Аляксандраўна Яфімчык. Яна нарадзілася ў Раманавічах, выйшла замуж у Навіках. 3 мужам пражыла доўгае і шчаслівае жыццё: нарадзілі і выгадавалі пяць дзяцей - чатыры дачкі і сына, за што жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці. Валянціна Аляксандраўна распавяла, што пазнаёмілася з будучым мужам на танцах.

"Тады ўсё было па-іншаму. У вёсцы жыло шмат моладзі, кожную нядзелю мы ладзілі танцы, дзе знаёміліся адзін з адным і весела праводзілі час. Тады нават танцавалі па-іншаму - рукамі не махалі, і танчылі, у асноўным, разам. Полька, вальс, кракавяк - чаго толькі не было!" - успамінае жанчына.

Цяпер усе дзеці, дарослыя, жывуць хто дзе - сын пераехаў у сталіцу, старэйшая дачка - у Маскву, таксама жывуць у Дзятлаве і Ляхавічах. Ва ўсіх ёсць сем'і, праца і іншыя справы, аднак маці дзеці не забываюць і рэгулярна прыязджаюць у госці. Сям'я ў Валянціны Аляксандраўны вялікая: акрамя пяці дзяцей, у яе ужо 9 унукаў і 13 праўнукаў.

Доўгажыхарка ўспамінае, што ў школу яна амаль не хадзіла з-за вайны. Калі пачалася вайна, яна была дома. "У Нямеччыну не сагналі, было ўсяго дванаццаць гадоў", - падзялілася жанчына. Па яе словах, яна ўсё жыццё працавала ў калгасе паляводам і жывёлаводам. Вучыцца часу не было - трэба было клапаціцца пра сям'ю і працаваць.

Муж таксама працаваў у калгасе. У вольны час любіў спяваць. Любоў да музыкі - у іх сямейнае. Гэта перадалося і дзецям. Адна з дачок нават захапілася спевам сур'ёзна і выступала на сцэне.

"У вёсцы, дзе мы жылі, вельмі любілі святы. Ладзіць шумныя і вясёлыя святы з часам стала добрай традыцыяй. Мы гулялі разам, спявалі, плялі вянкі", - успамінае Валянціна Аляксандраўна.

Здымкаў з тых часоў у яе амаль не засталося, нешта ў дзяцей ёсць, але няшмат. Усе ўспаміны захоўваюцца ў памяці.

Сакрэт даўгалецця Валянціны Яфімчык просты - любіць жыццё і родную хату, сумленна працаваць і не рабіць зла. "Заўсёды старалася жыць сумленна і нікога не крыўдзіць, і мне адказвалі тым жа", - гаворыць жанчына.

Марыя ПАПОВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/