"РОЗНЫЯ — РОЎНЫЯ". ЛІТАРАТУРА ДЛЯ ЎСІХ



Ha Дзятлаўшчыне ў рамках Года культуры прайшла дабрачынная акцыя "Розныя — роўныя" па забеспячэнні сацыяльнай інтэграцыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Мерапрыемства падрыхтавалі работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі і раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі сабраліся ў чытальнай зале за кубачкам чаю, каб даведацца аб тым, што цяпер і яны маюць магчымасць стаць наведвальнікамі раённай бібліятэкі, і якія навінкі прагрэсу прыйдуць ім на дапамогу ў час знаёмства з мастацкай літаратурай.

Першай павітала гасцей загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Ларыса Іванаўна Шыцько. Яна расказала аб пісьменніках-юбілярах гэтага года, аб вядомых дзеячах беларускай культуры, юбілеі якіх сёлета будзем святкаваць.

Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Святлана Пятроўна Крэйдзіч пазнаёміла інвалідаў па зроку з навінкамі мастацкай літаратуры, якія сёння можна адшукаць у фармаце аўдыёкнігі. Шмат аўдыёкніг можна сустрэць запісанымі на касетах, аднак цяпер болыи шырокае распаўсюджанне атрымалі аўдыёкнігі на дысках і ў электронным варыянце, якія лёгка можна адшукаць у інтэрнэце.

Святлана Пятроўна паабяцала, што ўжо ў сакавіку яна з'ездзіць у бібліятэку Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якая перадасць Дзятлаўскай раённай бібліятэцы шмат твораў мастацкай літаратуры ў электронным варыянце — у фармаце аўдыёкніжак.

Таксама старшыня раённай арганізацыі "БелТІЗ" прарэкламавала людзям з парушэннямі зроку навінку, якою пакуль што карыстаецца пераважна моладзь для праслухоўвання музычных твораў — партатыўную аўдыёкалонку. Да яе можна падключаць флэшкарту і слухаць не толькі музыку, але і мастацкія творы ў аўдыёфармаце.

Яшчэ адна навінка, якая дапамагае палегчыць і разнастаіць жыццё людзям з парушэннямі зроку — мультыплікацыйныя і мастацкія стужкі з тыфлакаментарыем (закадравым слоўным апісаннем візуальнай інфармацыі). Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку передала ў Дзятлава дзве кінастужкі з тыфлакаментарыем — "Горад майстроў" і "У жніўні сорак чацвёртага".

Яшчэ некалькі кінастужак з уласнай бібліятэкі з тыфлакаментарыем Дзятлаўскай раённай бібліятэцы падарыў удзельнік раённай арганізацыі "БелТІЗ" Віталь Крэйдзіч. Сярод іх — класіка савецкага кіно: "Каўказская палонніца", "Брыльянтавая рука", "Іван Васільевіч мяняе прафесію", "А світанкі тут ціхія".

Удзельнікаў акцыі "Розныя — роўныя" павіталі і парадавалі музычнай праграмай работаю культуры Васіль Шпігановіч і Ірына Бакшук. Некаторыя песні ў іх выкананні прагучалі па заяўках слухачоў.

Госці таксама дэманстравалі свае таленты. Удзельніца раённай арганізацыі "БелТІЗ" Гэля Браніславаўна Красоцкая прачытала некалькі баек Веры Ігнатаўны Хрышчановіч.

Напрыканцы сустрэчы людзі з парушэннямі зроку змаглі запісацца ў бібліятэку. Работнікі бібліятэкі дапамаглі тым, хто здольны чытаць самастойна, адшукаць цікавыя творы, надрукаваныя буйным шрыфтам. На развітанне работнікі ўстановы запрасілі сваіх гасцей прыходзіць да іх яшчэ, паабяцалі, што на наступную сустрэчу запросяць мясцовых пісьменнікаў і паэтаў.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і ўдзельнікі сустрэчы шчыра падзякавалі работнікам раённай бібліятэкі і работникам культуры за цікавае мерапрыемства, якое пашырыла кругагляд, дапамагло даведацца шмат новага і карыснага, падарыла добры настрой.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/