Родам з дзяцінства



Імкліва бяжыць час, і многія падзеі мінулага застаюцца толькі ў памяці людзей, якія былі іх сведкамі. Мала хто сёння можа ўзгадаць гісторыю Казлоўшчынскага дзіцячага дома, які знаходзіўся ў вёсцы Рандзілаўшчына, недалёка ад Нянадавічаў.

Дзіцячы дом быў сфарміраваны для дзяцей-сірот і дзяцей, якія трапілі ў складаныя сямейныя ўмовы. Каб захаваць жыццё хлопчыкам і дзяўчынкам, многія бацькі або сваякі вымушаны былі накіроўваць непаўналетніх у дзіцячыя дамы пад абарону дзяржавы. У такіх установах было арганізавана сумеснае пражыванне, рэгулярнае харчаванне, матэрыяльнае забеспячэнне, навучанне дзетак. ... Выхаванцы выконвалі пасільную работу па самаабслугоўванні, рыхтаваліся да самастойнага жыцця.

Дакладная дата заснавання Казлоўшчынскага дзіцячага дома ў вёсцы Рандзілаўшчына цяпер невядома, але захаваліся ўспаміны былых выхавальнікаў, педагогаў і вучняў Нянадавіцкай васьмігадовай школы.

Так, Валянціна Аляксандраўна, жыхарка Казлоўшчыны, жонка былога выхавальніка дзіцячага дома Івана Вікенцьевіча Красоцкага, расказала, што ў 1947 годзе дзіцячы дом ужо існаваў. Яна добра амятае сваіх сябровак па вучобе Ліду Задарожную і Ганну Белавус. Дырэктарам дзіцячага дома быў Іван Дораш. Пасля заканчэння вадзіцельскіх курсаў у 1951 годзе Іван Красоцкі быў прыняты на работу ў дзіцячы дом. Там ён працаваў шаферам да рэарганізацыі ўстановы ў 1964 годзе, а пасля ўладкаваўся ў Казлоўшчынскае пажарнае дэпо.

- На работу ў Нянадавіцкую васьмігодку мяне накіравалі ў 1955 годзе, - успамінае былая завуч гэтай школы Ірына Яўгенаўна Дуброўская, заслужены настаўнік БССР, якая цяпер жыве ў аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. - Дырэктарам Нянадавіцкай школы працаваў вельмі адукаваны, душэўны, высокакультурны чалавек - Іван Міхайлавіч Бубноўскі. (I. М. Бубноўскі жыў і працаваў спачатку ў вёсцы Колкі, дзе была пачатковая школа. Там жа працавала яго жонка Зінаіда Уладзіміраўна. Пасля Колкаўскай школы прадоўжыў работу ў Нянадавічах, Харабровічах. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытзтам сярод настаўнікаў і вучняў. Памёр у 1992 годзе.) Сваёй самаадданай працай запомніўся настаўнік матэматыкі Генадзь Логінавіч Белуш. У школе вучыліся дзеці і з дзіцячага дома. Нягледзячы на некаторыя праблемы ў выхаванні, яны імкнуліся да ведаў. Дзіцячы дом размяшчаўся ў некалькіх будынках. Хлопчыкі і дзяўчынкі жылі ў розных карпусах. Там была свая актавая зала, дзе дзеці выступалі з канцэртамі, глядзелі кінастужкі. У дзіцячага дома быў свой участак зямлі, дзе вырошчвалі агародніну. Былы панскі сад даваў яблыкі і грушы. Дзеці самі нарыхтоўвалі сушаныя яблыкі для школьнай сталовай. Была свая лазня. Для вядзення гаспадаркі дзіцячаму дому выдзелілі грузавую машыну. Вадзіцелем працаваў былы выхаванец Іван Красоцкі. Гэты дзіцячы дом узначальваў мой будучы муж Іван Сцяпанавіч Дуброўскі. Раней ён працаваў у Казлоўшчынскім райкаме камсамола, Раготнаўскай МТС. У 1964 годзе дзіцячы дом расфарміравалі, а мяне накіравалі працаваць у Новадворскую сярэднюю школу Свіслацкага раёна. Дарэчы, старшай піянерважатай там была Раіса Аляксандраўна Сідаровіч (цяпер па мужу Ганчарэвіч.). Дырэктарам быў Уладзімір Антонавіч Гаўрон.

Ірына Іванаўна Бубноўская, настаўніца замежнай мовы, дачка Івана Міхайлавіча Бубноўскага, расказала:
- Мой бацька быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а маці настаўніцай пачатковых класаў і музыкі Колкаўскай пачатковай школы. Калі бацьку прызначылі дырэктарам васьмігодкі, у Нянадавічы ён дабіраўся на веласіпедзе. Бацька адзначаў, што дзетдомаўскія дзеці стараліся вучыцца, былі вельмі працавітымі і шанавалі дружбу. Яны сябравалі з нашай сям'ёй і на навагоднія святы падарылі мне саджанцы півоняў і дзве папяровыя цацкі: клоўна і папугая. Папугай захоўваецца ў мяне да гэтага часу, і кожны год у кветніку расцвітаюць півоні.

- Я нарадзіўся 12 красавіка 1942 года ў вёсцы Пруд у простай сялянскай сям'і, - успамінае былы выхаванец дзіцячага дома Іван Іванавіч Турык. - Майго бацьку забілі фашысты ў чэрвені 1944 года. 13 верасня таго ж года нарадзілася мая сястра Ганна. Жылі мы вельмі бедна. У 1949-м памерла маці. Нас да сябе ўзяла цётка Надзя, у якой былі свае чацвёра дзяцей. У сакавіку 1953 года мяне і сястру аддалі ў дзіцячы дом у Рандзілаўшчыну. I я вельмі ўдзячны лесу за гэта, бо мы з сястрой выжылі. У нас быў наладжаны быт. Старэйшыя выхаванцы дапамагалі па гаспадарцы. Памятаю, што на грузавой машыне мы ездзілі за вёску Лозкі, каб нарыхтоўваць дровы на зіму. Я любіў заняткі ў школьнай сталярнай майстэрні, дзе настаўнік працы Сцяпан Бальных многаму мяне навучыў. Разам са мною вучыліся Аляксандра Ляўко (пазней была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР), Варвара Дзябёлая (доўгі час працавала на Лідскай абутковай фабрыцы). У 1957-1959 гадах я вучыўся ў старэйшых класах Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Класным кіраўніком была Вольга Іосіфаўна Юткіна, фізіку выкладаў Іван Якаўлевіч Маслаў. Я сябраваў са спортам і выступаў за зборную школы па валейболе. Паступіў у Гродзенскі медінстытут, але кінуў вучобу праз два месяцы, бо не меў сродкаў на жыццё, ды і сястры патрэбна была дапамога. Два гады адвучыўся на поўным забеспячэнні ў ПТВ імя Счаснага. Працаваць па спецыяльнасці аўтамеханіка быў накіраваны у Слонім. Там пазнаёміўся з вайскоўцамі, якія параілі паступіць у Саратаўскае ваеннае артылерыйскае вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1965 годзе служыў у розных вайсковых падраздзяленнях. У 1971-м паступіў у Маскоўскую ваенную акадэмію імя Дзяржынскага. Службу прадаўжаў у Слуцку, у в/ч 21300 пасёлка Гезгалы, у штабе дывізіі ў горадзе Лідзе. Затым быў накіраваны ў Гродна, дзе з'яўляўся начальном штаба грамадзянскай абароны сярэдніх спецыяльных навучальных установаў. 3 1988 года па 2013 гады ў званні падпалкоўніка выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў сярэдняй школе № 28 абласнога цэнтра. У 1997-м адным з першых у рэспубліцы арганізаваў работу ваенна-патрыятычнага кадэцкага класа. Каля 100 выпускнікоў класа сталі афіцэрамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, тры афіцэры даслужыліся да звання падпалкоўніка. Мая сястра Ганна працавала на тонкасуконным камбінаце бухгалтерам, цяпер таксама жыве ў Гродне.

Шмат цікавага аб выхаванцах дзіцячага дома можа расказаць Канстанцін Аляксандравіч Шапель, настаўнік-пенсіянер былой Нянадавіцкай васьмігодкі і Казлоўшчынскай сярэдняй школы:
- У жніўні 1962 года я атрымаў накіраванне на работу ў Нянадавіцкую васьмігадовую школу. Тут вучыліся выхаванцы дзіцячага дома вёскі Рандзілаўшчына. Памятаю прозвішчы некаторых з іх: Жак, Скіба, Каракін, Маеўскі, Кедала, Пінкайліс, Мухін. Рускую мову і літаратуру я выкладаў у многіх класах. Запомніліся таксама Алег Тамілін, Ніна Карней, Якаў Падоненка, Галіна Дзянісік, Людміла Гарашчукова. У дзіцячым доме працавалі матэматык Аляксандр Якаўлевіч Буінскі, старшая піянерважатая Лілія Фамінічна Ярош, выхавальнікі Клаўдзія Белуш, Мікалай Смаглей, Алена Шалесная, Георгій Шундрык, Анастасія Юшчанка і іншыя. Калектыў дзіцячага дома ўзначальваў Іван Сцяпанавіч Дуброўскі. У 1964 годзе дзіцячы дом быў расфарміраваны, а выхаванцы накіраваны ў дзіцячыя дамы гарадскога пасёлка Мір і вёскі Абухава.

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, краязнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/