Рэйд па парадку



Навядзенню Парадку на зямлі, добраўпарадкаванню горада надаецца нямала ўвагі. I гэта правільна. Але аб добрым знешнім выглядзе райцэнтра неабходна клапаціцца не толькі адпаведным службам, але і арганізацыям, жыхарам.

Рэйд па праверцы парадку на прадпрыемствах райцэнтра правялі супрацоўнікі Дзятлаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з журналістам раённай газеты.

Не трэба далека ехаць, каб знайсці сметнікі. У самым цэнтры Дзятлава, за камбінатам бытавога абслугоўвання, мы знайшлі шматлікія звалкі. Тут і будаўнічае смецце, шкляныя бутэлькі, папера і кардон, ляжаць нават цэлымі мяшкамі. А насупраць усяго гэтага стаяць тры кантэйнеры для сартавання смецця і ніхто, быццам, іх не заўважае.

Прыемна было бачыць чысціню ляснога масіву недалёка ад станцыі "Белтэхагляд" і на прыдарожных пляцоўках для адпачынку каля Курпешаў у кірунку санаторыя "Радон".

Наступным пунктам прыпынку стаў ААТ "Дзятлаварамбуд". Тут мы адразу натыкнуліся на непрыбраныя кучкі смецця, акуркі, пластыкавыя бутэлькі, зношаныя аўтамабільныя шыны. Гэтыя недахопы і сталі падставай для заўвагаў і рэкамендацый іх ухіліць. Шмат часу і сродкаў на такую работу не спатрэбіцца.

Сама пляцоўка на момант візіту ў ААТ "Будкомплекс" была ачышчана і прыбрана, аднак за агароджай... Работнікі гавораць, што не раз прыходзілася ганяць адтуль людзей з бутэлькамі. Недалёка ад комплексу заўважылі недахоп, які будаўнікі павінны былі выправіць раней: не поўнасцю засыпана яма.

Парадаваў дагледжаны стан тэрыторый раёна электрасетак і ДРБУ-119. Работнікі арганізацый наводзілі парадак вакол сваіх участкаў.

Пабывалі мы і на дасарціроўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў (макулатура, пластык, шкло).

У жыхароў нашага горада ёсць магчымасць здаваць на перапрацоўку адсартаванае смецце. У кожным двары ўстаноўлены спецыяльныя ацынкаваныя кантэйнеры для пластыка, шклабою, макулатуры. 3 кантэйнераў матэрыялы трапляюць на дасарціроўку, прэсуюцца і толькі тады адвозяцца на пёрапрацоўку.

Падводзячы вынікі рэйду-праверкі, начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі адзначыў, што чысціня і прыгажосць залежаць менавіта ад кожнага з нас. Для гэтага трэба своечасова наводзіць парадак на замацаваных тэрыторыях.

Тыя злосныя парушальнікі, якім будзе недастаткова вуснага папярэджання ці пісьмовага прадпісання навесці на сваёй тэрыторыі парадак, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/