Ратаўнік - прафесія шматгранная



Нездарма Дошка гонару Дзятлаўскага раёна знаходзіцца практычна ў цэнтры горада, на перасячэнні вуліц Леніна і Чырвонаармейскай. Штогод сваё месца тут займаюць партрэты васямнаццаці лепшых з лепшых работнікаў розных працоўных калектываў Дзятлаўшчыны. Уцешна побач з вопытнымі працаўнікамі бачыць тут маладых.

Старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях маёр унутранай службы Сяргей Новік, напэўна, уладальнік самай "доўгай" пасады ў раёне. Як і ўсе яго калегі па службе, ён нясе павышаную асабістую адказнасць і мае немалое кола абавязкаў, з якімі спраўляецца на "выдатна".

Сяргей Новік - ураджэнец Ваўкавыска, на Дзятлаўшчыну ў 2012 годзе яго прывяло размеркаванне пасля заканчэння тагачаснага Мінскага камандна-інжынернага інстытута.

Сваю працоўную сцяжыну Сяргей Новік выбраў у выпускным класе школы. Як ён сам узгадвае, на выбар паўплываў папяровы буклет, у якім даступна і натхняльна расказвалася аб атрыманні вышэйшай адукацыі па прафесіі ратаўніка.

- Паступаючы ў інстытут, я ўяўляў сабе толькі адзін бок будучай прафесіі - пажаратушэнне. Як зразумеў з гадамі, справа гэта шматгранная.

У Дзятлаве Сяргей Анатольевіч пачынаў з працы ў інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду. Малады інспектар атрымліваў практычныя навыкі справы ў дружным, зладжаным калектыве, паспеў папрацаваць пад мудрым кіраўніцтвам такіх начальнікаў інспекцыі, як Сяргей Саламевіч, Сяргей Казак, Сяргей Кухарчык.

Штодзённыя абавязкі Сяргея Новіка разнастайныя і рознанакіраваныя. Гэта планаванне дзейнасці сектара, падрыхтоўка дакументацыі, інфармаванне аб пагрозе ўзнікнення надзвычайных сітуацый, аб выяўленых недахопах, якія могуць прывесці даіх.

Ратаўнік адзначыў, што ў пытаннях папярэджання надзвычайных сітуацый і выканання патрабаванняў аддзела па надзвычайных сітуацыях дзятлаўчане вельмі дысцыплінаваныя. Людзі наведваюць сельскія сходы, якія да ўскладнення эпідэміялагічнай сітуацыі рэгулярна праводзіліся ў вёсках і аграгарадках, уважліва знаёмяцца з інфармацыяй, выконваюць прадпісанні ратаўнікоў, выпраўляючы пажаранебяспечныя недахопы ў сваіх дамах. Пажылым людзям у гэтым дапамагаюць іх дзеці або мясцовыя органы ўлады. Людзі добразычліва ставяцца да супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, пры гэтым у кожным рэгіёне Дзятлаўшчыны людзі розныя. За гады працы з насельніцтвам раёна Сяргей Новік навучыўся нават вызначаць характер, кожнага з сельскіх саветаў і будаваць сваю адмысловую лінію работы.

- 3 тае прычыны, што наш аддзел невялікі, каля 70 чалавек, тут працуюць універсальныя спецыялісты: усе ўдзельнічаюць ва ўсім, - адзначыў інжынер. Таму заўжды працуюць законы ўзаемнай падтрымкі і таварыскасці.

На Дзятлаўшчыне нядаўняга маладога спецыяліста, а сёння - вопытнага работніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргея Новіка затрымаў не толькі добры калектыў і спрыяльныя ўмовы працы, але і асабістае шчасце. У 2015 годзе Сяргей Анатольевіч стварыў сям'ю, а сёлета ўжо другі раз стаў татам.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/