РАТАЎНІК - ГЭТА ПРЫЗВАННЕ



Хто такі ратаўнік? Найперш, гэта мужчына, напэўна, адкажаце вы, і адразу можаце памыліцца. Сёння атрымліваць прафесію мужных збіраюцца не толькі маладыя людзі, але і дзяўчаты. Удзельніцы таварыства юных ратаўнікоў-пажарных паразважалі, чым адметная прафесія сучаснага ратаўніка.

Кацярына Губко:
— Ратаўнік — гэта чалавек, які без лішніх развагаў гатовы нават сабой ахвяраваць дзеля ўратавання іншых людзей. Таму гэта хутчэй не прафесія, а прызванне. Раўнадушны ці нясмелы чалавек не можа стаць ратаўніком, бо не справіцца з такой адказнасцю і нагрузкай. Рашучасць, смеласць і любоў да людзей дапамагае ратаўнікам выконваць самыя складаныя задачы ў працы. У наш неспакойны час здараюцца ураганы і паводкі, завеі і пажары, і ратаўнікі першыя спяшаюцца на дапамогу, кожны раз здзяйсняючы свой працоўны подзвіг.

Вікторыя Анушкевіч:
— Па-мойму, ратаўнік — адна з самых складаных прафесій з-за высокай адказнасці і вялізнай рызыкі. Выдатнае фізічнае здароўе, моцныя нервы, хуткая рэакцыя, настойлівасць — гэта нават не ўсе якасці, якімі павінен валодаць кожны ратаўнік. Прафесія ратаўніка ва ўсе часы актуальная, бо заўсёды некаму побач з намі патрэбна дапамога. Калі чалавек гатовы аддаваць справе ўсяго сябе, часта нават у выхадныя ці ў час адпачынку, ратаваць людзей, яго праца варта пашаны і захаплення.

Ганна Глубокая:
— Ратаўнік заўсёды на дзяжурстве: нёзалежна ад часу сутак і дня тыдня, на працы і дома ён заўжды гатовы ратаваць людзей і не толькі іх. Ратаўнік павінен быць мужным — і гэта тычыцца не столькі фізічнай падрыхтоўкі, колькі моцнага стойкага характеру. Гэта па праву адна з самых паважаных прафесій у сучасным свеце. Але яна ж і самая адказная: чалавек, які аднойчы стаў ратаўніком, не мае права адступаць. Ён павінен сумленна несці сваю службу, заўжды помніць, што людзі спадзяюцца на яго і давяраюць яму.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/