Расцвілі тэкстыльныя цюльпаны



На выязным пасяджэнні калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, якое сёлета праходзіла ў Шчучыне, рахункавалася работа галіны. За дасягненне найлепшых вынікаў выканання асноўных паказчыкаў развіцця сацыяльна-працоўнай сферы за 2018 год Дзятлаўскі раён заняў другое месца.

У форме выставаў творчасці свае дасягненні на сустрэчы прадстаўлялі аддзяленні тэрытарыяльных Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сярод экспазіцый пачэснае месца заняла выстава "Джынсавая фантазія" аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" ЦСАН Дзятлаўскага раёна. Яе дзятлаўчане ў свой час прэзентавалі на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў "Віцебск-2018", які праходзіў у рамках "Славянскага базару", адкуль вярнуліся з узнагародай.

Цяпер "Джынсавая фантазія" папоўнілася новымі экспанатамі і ператварылася ў выставу-продаж, гэта значыць, любы жадаючы можа набыць вырабы спецыялістаў "Праменьчыка" для ўласнага карыстання.

Ідэя стварэння штучных рэчаў з былога ў выкарыстанні джынсу спадабалася ўдзельнікам абласной калегіі, і нядаўна для абмену вопытам да дзятлаўчан завіталі калегі з Навагрудка. Кіраўнікі гурткоў па дэкаратыўна-прыкладной творчасці Валянціна Баландзіна і Валянціна Саламевіч расказалі гасцям, што працуюць у цесным тандэме, і да аднаго вырабу могуць прыкласці рукі абедзве майстрыхі.

Захапляе багацце іх фантазіі, бо ў калекцыі ёсць шмат рознафункцыянальных, але вельмі яркіх, прыгожых рэчаў: жаночыя сумкі, касметычкі, арганайзеры, сурвэткі, "кампанія" прывабных коцікаў і парасят, а напярэдадні 8 Сакавіка "Джынсавая фантазія" папоўнілася тэкстыльнымі букетамі цюльпанаў.

Алена КАЛЮЦІК, загадчыца аддзялення "Праменьчык" ЦСАН Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/