РАЕННЫ ЛІДАР "ГРАНІТ-АГРА"



ЗАХАВАЛІ КАЛЕКТЫЎ

Не сакрэт, што сельгасарганізацыі раёна працуюць сёлета ў складаных умовах. Не абыходзяць праблемы і лідара раённай сельгасвытворчасці СВК "Граніт-Агра". Вось і ў дзень, калі мы гутарылі, гранітаўскі старшыня С. Мазур займаўся разрульваннем гэтых самых праблемаў. Званіў, удакладняў, вылічваў на калькулятары, зноў тэлефанаваў, пытаўся, адказваў, раздаваў указанні — дзёйнічаў энергічна.

— Што надае вам сёння аптымізму, Станіслаў Станіслававіч?
— Галоўнае, што мы захавалі калектыў. Гэта самае галоўнае. Людзі не разбегліся, людзі працуюць. Побач працуюць і вопытныя работнікі, і маладыя. Моладзь складае больш за чвэрць працоўнага калектыву. Імкнёмся для ўсіх работнікаў стварыць належныя ўмовы працы і быту. Удасканальваем вытворчасць, эканомім рэсурсы. Парадкуем, рамантуем фермы, мехдвары, пачалі рэканструкцыю аднаго корпуса свінакомплек-са, закладваем будаўніцтва 4-кватэрнага дома ў Круцілавічах. Не буду засыпаць вас лічбамі, назаву, на мой погляд, толькі самыя важныя: мы на 7,6 працэнта павялічылі сёлета заработную плату. Зарплату выплачваем рэгулярна і за 9 месяцаў у сярэднім яна склала ў нас 478,1 рубля. На 10,8 працэнта, паведамляе наша бухгалтэрыя, узрасла ў параўнанні з леташнім адпаведным перыядам выручку ад рэалізацыі нашай прадукцыі.

СТРАТЭГІЧНЫ ТАВАР - МАЛАКО

80 працэнтаў выручкі гаспадаркі дае жывёлагадоўля. Стратэгічны тавар — малако. За 10 месяцаў ад каровы надаілі па 4.982 кілаграмы, прыбавіўшы да леташняга 228 кілаграмаў. Валавую рэалізацыю павялічылі на 380 тон. Самым высокааплатным гатункам "экстра" з пачатку года прадалі 69 працэнтаў малака, на 10 больш, чым летась. Яшчэ 22 працэнты малака рэалізавалі вышэйшым гатункам. Высакаякаснае малако дае і самую вялікую выручку (нават большую, чым свінакомплекс), і самы вялікі чысты прыбытак (прыбытак ад рэалізацыі малака амаль у два разы большы, чым ад рэалізацыі свініны). Рэнтабельнасць малака сёлета складае 34,8 працэнта, вырасла да леташняга ўзроўню на 2,5 працэнта.

— Лічыце, пяць апошніх гадоў мы працуем на якасць малака, — каменціруе лічбы галоўны заатэхнік "Граніт-Агра" Яўген Дворык. 3 комплексаў да 99 працэнтаў малака ідзе самым высокім гатункам "экстра". Не забываемся, вядома, і пра колькасць, але на першым плане — якасць. Штодня, мабыць, паляпшаем умовы працы жывёлаводаў, адгэтуль і аддача.

Яўген Дворык, сам маладога веку, усцешана адзначае, што ў жывёлагадоўлі з "новага прызыву" не ён адзін. Загадчыкам фермы "Круцілавічы" (самай выніковай па надою ад адной каровы, між іншым) ужо год адпрацаваў малады спецыяліст Сяргей Смурага, і ёсць надзеі, што хлопец застанецца ў гаспадарцы і надалей. Віталь Бакей працаваў тэхнікам, завочна адвучыўся тры гады, цяпер яму даручана селекцыя жывёлы. Племянная работа мэтанакіравана пасоўваецца наперад. Галштынізацыя чорна-стракатай пароды кароў павінна павялічыць прадуктыўны патэнцыял малочнага статку. Есць і яшчэ маладыя работнікі ў жывёлагадоўлі. Увогуле, жывёлаводаў у гаспадарцы шануюць, клапоцяцца пра іх. Да прыкладу, самая высокая сярэдняя заработная плата менавіта ў жывёлаводаў. Іх стараюцца забяспечыць камфортным жыллём, выхаднымі днямі, іншымі дабротамі. На жывёлагадоўлю, урэшце, працуюць іншыя службы, у тым ліку — агранамічная.

КАРАЛЕВА ПАЛЁЎ I ЧОРНАЕ ЗОЛАТА

Хлебаробы "Граніт-Arpa" свой зорны час перажылі летась — тады быў сабраны рэкордны для гаспадаркі ўраджай зерня — 18 121 тона ў бункернай вазе (ураджайнасць - 51,1 цэнтнера з гектара). Сёлета надвор'е работнікам палёў не паспрыяла, засуха ў першай палове лета знізіла ураджайнасць да 43,1 цэнтнера. Але важную задачу — забяспечыць малочны статак кармамі на ўзроўні, не меншым за леташні — агранамічная служба выканала. I не проста дасягнула леташняга ўзроўню, але і прыбавіла ў зімовы запас яшчэ 8 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Выратавала сітуацыю каралева палёў — кукуруза. Па 354 цэнтнеры зялёнай масы з гектара вывезлі нарыхтоўшчыкі кармоў, мабілізавалі на закладку фуражу ўсе траншэі. А якім шчодрым золатам сыпалася кукурузнае зерне ў кузавы з 248 гектараў, пакінутых да выспявання пачаткаў. Бункерная ураджайнасць — 122 цэнтнеры на круг! Плюс 55,6 цэнтнера да леташняга. Вось і падстава яшчэ і яшчэ раз падумаць, ці варта рэзка змяншаць пасяўны клін пад кукурузай, вылічваючы яе эканамічную эфектыўнасць.

Другая сёлетняя прыемнасць для маладога галоўнага агранома Антона Тарасевіча — ураджай азімага рапсу. 33,6 цэнтнера з гектара. А ўсяго іх было 300. I цана на рапс сёлета была добрая. Таму што ў многіх гаспадарках рапс увогуле не перазімаваў, давялося перасяваць яго яравым (у раёне — каля 800 гектараў), а з прычыны раннялетняй засухі і перасеў сітуацыю не выратаваў. Тут жа — цэлая тысяча тон чорнага (колер рапсавага зерня — чорны) золата.

Падобна, што Антон Тарасевіч чароўны ключык да зусім не простай культуры рапсу знайшоў, другі год запар рапс яму ўдаецца. Засталося ключыкам трывала завалодаць. На гэта працуе ягo палявая агранамічная лабараторыя. Сёлета ў палявым вопыце выпрабоўваліся тры рапсавыя гібрыды і адзін кантрольны сорт. Кожнага пасеялі па 8 гектараў. Вынік наступны: сорт "арсенал" даў па 32 цэнтнерьу гібрыды "марафон" — 35, "верытас" — 40, "рохан" — 47 (рэнтабельнасць "рохана" — 81 працэнт). "Рохан" з эксперыментальнага поля перайшоў у вытворчае і цяпер пад зіму ім засеяны 70 працэнтаў рапсавай плошчы, якая ўвогуле павялічана на 100 гектараў — да 400. А на эксперыментальным полі атрымалі месца чарговыя гібрыды — ужо дзевяць ад двух спецыялізаваных фірмаў "Paпуль" і "Сінгента".

ІНЖЫНЕРНАЯ СЛУЖБА ГАРАНТУЕ

"Граніт-Агра" гаспадарыць амаль на 10 000 гектарах, гадуе больш за 20 000 галоваў жывёлы (буйной рагатай і свіней). Справіцца з такою аравай без дапамогі машын, вядома, немагчыма. Галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Падліпскі — ён таксама з маладых — у тэхнічным парку сельгаспрадпрыемства зафіксаваў (якраз цяпер праводзіць інвентарызацыю) каля 300 адзінак тэхнікі, у тым ліку 72 трактары і пагрузчыкі, 60 аўтамабіляў і з уласцівым яму гумарам "дастае" сваіх калег — галоўнага агранома і галоўнага заатэхніка:
— Усе іх дасягненні, па-праўдзе кажучы, — гэта дасягненні інжынернай службы. Што яны могуць зрабіць без нас? Нічога. Толькі ходзяць і вымагаюць: дай трактар, дай машыну, бо ў іх, бачыце, тэрміны, ім трэба...

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што інжынерная служба сваіх калег не падводзіць. Тэхніку дае. Не памятаю такога, каб на інжынерную службу "Граніт-Arpa" выразна наракалі за негатоўнасць тэхнікі да якой-небудзь сельгаскампаніі. Без праблемаў, вядома, не абыходзіцца і тут, але сеюць своечасова, са жнівом спраўляюцца раней за іншых, фермы абслугоўваюць. Між тым, парк тэхнікі ў "Граніце" даволі "пажылы". Паступленне імпартнай было ў 2005 — 2006 гадах. За дзесяцігоддзе "Лексіёны" і "Джон Дзіры" добра-такі знасіліся. Апошнім часам Андрэй Падліпскі дняваў, а, здаралася, і начаваў у полі каля буракаўборачнага камбайна "Кlеіnе". Машына выпрацавала амартызацыйны тэрмін і "сыплецца" ўсё часцей. А буракі, як кажа галоўны аграном, выкапаць трэба.

Тэхніку абслугоўваюць і рамантуюць, вядома, механізатары і вадзіцелі. Надзейныя памочнікі ў іх токар Мікалай Станцэль (любую работу зробіць у любы час, кажа А. Падліпскі), акумулятаршчык і запраўшчык Станіслаў Харошка (калі трэба, заправіць і ў чатыры гадзіны раніцы). Побач з вопытнымі калегамі працуе на мехдвары малады зваршчык Аляксандр Кур'ян. Большасць імён тэхнічнай гвардыі "Граніт-Агра" (58 механізатараў, 42 вадзіцелі) добра вядомы ў раёне, яны на слыху. Андрэй Падліпскі авансуе новыя, з маладых: Аляксей Лашкоўскі, Алег Грыб, Аляксандр Майсейчык, Андрэй Літвінскі, Уладзімір Кохан, Аляксандр Аўсянік.

ЛЕПШЫЯ ПА ПРАФЕСІІ

Да прафесійнага свята ў гаспадарцы арганізавалі конкурс "Лепшыя па прафесіі" і вызначылі яго лідараў. Пераможцы конкурсу засведчаны адпаведнымі дыпломамі і, вядома, адзначаны прэміямі. Варта назваць сёлетніх лепшых пайменна. Гэта памочнік начальніка вытворчага аддзялення Ніна Аўсянік, начальнік цэха адкорму свінакомплекса Анатоль Яхнавец, інжынер-механік Уладзімір Падліпскі, галоўны заатэхнік Яўген Дворык, загадчыца МТФ "Данілавічы" Наталля Болтач, электрык Іван Яўсейчык, вадзіцелі Віктар Тарас і Міхаіл Нагорны, трактарысты-машыністы Віктар Крамянеўскі, Аляксандр Кардаш, Уладзімір Буткевіч, будаўнік Уладзімір Жых, аператары свінакомплекса Марыя Пенда і Алена Асокіна, слесар свінакомплекса Васіль Пажароўскі, аператары машыннага даення Святлана Гізоўская і Марына Радзевіч, аператар малакаправода Эдуард Сёмуха, жывёлавод Валянціна Старук.
Наступны год назаве, мабыць, новыя імёны. У "Граніт-Arpa" ёсць з каго выбіраць.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/