Радавыя пясчанага кар'ера



Непадалёку ад вёскі Данілавічы знаходзіцца кар'ер, які мае падобную на "вясковую" назву. Адкрыта "данілавіцкае" радовішча было больш за 20 гадоў таму.

Палову часу яго існавання майстрам тут працуе Сяргей Макарчык. Пад яго кіраўніцтвам штодня ў кар'еры заняты 9-10 чалавек.

Як і шахцёры, месца распрацоўкі тут называюць "забоем". Сёння ў забоі — Васіль Мялешка. Экскаватарам "Хітачы" ён спрытна зачэрпвае пясчана-гравійную сумесь і насыпае ў кузаў МАЗа. Літаральна праз некалькі хвілін машына, як працавіты мураш, бяжыць да грахатоўшчыкаў. Трое з брыгады Сяргея Макарчыка маюць занятак пад такой нязвыклай назвай. Генадзь Марцінчык, Сяргей Гранкоўскі, Віталь Майсейчык, грахатоўшчыкі, а з імі і Валерый Ганчар на пагрузчыку, рыхтуюць сумесь для асфальтабетоннага завода.

За дзень працавіты МАЗ, за рулём якога Віктар Мікульскі, а ў час адпачынку можа яго падмяніць Іван Барук, робіць па 40-50 рэйсаў. Перавозіць з забоя да 1,5 тысячы тон.

Паспрабавала падлічыць: колькі ж пяску-гравію здабыта за 20 гадоў існавання кар'ера і па маіх сціплых падліках выходзіць больш за 7 мільёнаў тон.

Цікаўлюся ў майстра, што тут будзе, калі радовішча аддасць свае багацці? Лес. Але да гэтага яшчэ далека, бо кар'ер мае дастаткова рэсурсаў. Працы хопіць для ўсёй брыгады Сяргея Макарчыка. А менавіта стабільнага занятку, добрай зарплаты і каб тэхніка нe падводзіла, майстар жадае сваім падначаленым - радавым пясчанага кар'ера.

Ірына СТЫРНІК, Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/