Радасць Нараджэння Хрыстовага - пажылым людзям



7 снежня настаяцель царквы Успення Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч з выхаванцамі нядзельнай школы наведалі насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Госці павіншавалі пажылых людзей і работнікаў аддзялення са светлым святам Нараджэння Хрыстовага. Юныя хрыстаславы праспявалі калядкі, несучы прысутным радасць аб нараджэнні Боганемаўляці.

Айцец Георгій павіншаваў усіх са святам, пажадаў Божай дапамогі, здароўя і цярпення ў нясенні жыццёвага крыжа. Напрыканцы святар раздаў жыхарам аддзялення салодкія падарункі. Таксама Георгій Ярмоліч разам са сваімі выхаванцамі спусціўся на першы паверх будынка, дзе знаходзіцца Казлоўшчынская бальніца, і наведаў цяжка хворых пажылых людзей, якія ляжаць на сацыяльных ложках. Кожнаму такому пацыенту айцец Георгій сказаў цёплыя словы падтрымкі, пачаставаў цукеркамі. Протаіерэй Георгій Ярмоліч зазначае, што даўно духоўна апякае жыхароў аддзялення і пажылых людзей, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках, бо яны маюць патрэбу ў падтрымцы. У час паста святар паспавядаў і прычасціў усіх жадаючых, і яны сустрэлі Нараджэнне Хрыстовае са светлай радасцю ў сэрцы.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/