Работа па закліку сэрца



Ёсць у Наваельнянскай сярэдняй школе традыцыя - віншаваць з нагоды юбілею ветэранаў педагагічнай працы. Такі дзень настаў і для Ірыны Кулеш, былой настаўніцы нашай школы, якая адзначыла свае 90-годдзе. Адміністрацыя і педагагічны калектыў дасылае ёй свае Найлепшыя пажаданні здароўя, шчасця, душэўнага багацця.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Ірына Казіміраўна застаецца ў настаўніцкім страі, заўсёды цікавіцца тым, чым жыве сучасная школа. Яна і сёння можа даць слушную параду і тым, хто вучыць, і тым, хто вучыцца. Пра сябе яна гаворыць сціпла: "Сваю працу вельмі любіла. Да любой справы ставілася адказна. Але цяжкасцяў не баялася, і дзякуючы штодзённай настойлівай працы ўмела знайсці падыход да кожнага свайго выхаванца. Цярпліва падбірала ключык да кожнага дзіцяці".

А пачынала свой педагагічны шлях Ірына Казіміраўна ў далёкім 1946 годзе настаўніцай Круцілавіцкай пачатковай школы, пасля перайшла на працу ў Наваельнянскую сярэднюю школу. Таксама да 1990 года працавала ў Данілавіцкай сярэдняй школе падменнай настаўніцай. Урокі Ірыны Казіміраўны памятаюць і сёння.

Таццяна Умоўская, завуч школы:
- Я памятаю Ірыну Казіміраўну выхавальнікам групы падоўжанага дня, куды запісала мяне, першакласніцу, мама. Гэтую сціплую настаўніцу мы палюбілі за дабрыню, ласку, цярпенне.

Тамара Крывеня, киращник школьнага музея:
- Я і сёння падтрымліваю цесную сувязь з Ірынай Казіміраўнай. Яна вельмі мудрая, разважлівая жанчына. Жыццёвыя выпрабаванні не схілілі яе, а яшчэ больш надалі сіл. Для яе заўсёды было вельмі важным сваю працу выконваць якасна, з годнасцю несці званне настаўніка. Сёння яе гордасцю з'яўляюцца дзеці. Старэйшы сын - Аляксей свае жыццё прысвяціў службе ва Узброеных Сілах, працаваў у Цэнтральным апараце Міністэрства абароны СССР, ваяваў у Афганістане, мае шмат дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў. Цяпер ён на пенсіі. Жыве ў Маскоўскай вобласці. Акрамя ўсяго, Аляксей Анатольевіч валодае пісьменніцкім талентам, піша цудоўныя нарысы пра службу ў войску, апавяданні пра сваю малую радзіму. Другі яе сын - Уладзімір таксама больш за 20 гадоў аддаў службе ў арміі. Цяпер ён кіруе Гродзенскай "Спецаўтагаспадаркай".

Усе, хто сустракаўся з гэтай жанчынай, ведаюць: Ірына Казіміраўна - гаспадыня ў сям'і, доме і ўласным лёсе.

Кацярына МІХАЛЕВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/