Рабіце дабро разумна



Больш за дзесяць гадоў жыхары шматкватэрных дамоў на перакрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Перамогі ў горадзе Дзятлаве, выпадковыя прахожыя (бо праз двары праходзяць пешыя маршруты да сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, царквы, паліклінікі, аўтастанцыі) становяцца сведкамі "цырымоніі" кармлення цэлай арміі катоў.

У такія моманты пасярод двара стаіць жанчына паважанага ўзросту з міскай корму і раздав яго 12-15 катам рознай масці і полу, малым і вялікім. Пры гэтым яна размаўляе з жывёлінамі, называв кожную па мянушцы. Каты ей у адказ мяўкаюць, труцца аб ногі ці проста сядзяць і чакаюць сваей порцыі корму. Самыя паслухмяныя "на дэсерт" атрымліваюць "кіцікэт", размарожаную кільку ці іншы пачастунак.

Кармленне звычайна доўжыцца не менш за гадзіну. За гэты час жанчына паспявае пагутарыць з прахожымі, расказаць пра цікавыя звычкі і асаблівасці характараў сваіх гадаванцаў, іх прыгоды.

Некаторыя людзі хваляць аматарку катоў за клопат, большасць - праходзіць міма, самыя адважныя - уступаюць з ёю ў палеміку, але атрымліваюць такі адпор, што ў наступны раз звычайна пераходзяць у катэгорыю маўчуноў. Аднак найчасцей кармленне прываблівае навучэнцаў суседняй школы, якія ў гэты час вяртаюцца з заняткаў.

Шкалярам падабаецца, што "цёця", нібы настаўніца, размаўляе з катамі, што ёсць магчымасць разгледзець іх, а самых ціхмяных - пагладзіць ці ўзяць на рукі, пачаставаць пячэннем, вафляй або булачкай. Пазней хлопчыкі і дзяўчынкі нямытымі рукамі даядаюць рэшткі такіх прысмакаў, дзеляцца імі з сябрамі, нават не думаючы пра рызыку захварэць ад падобных кантактаў.

А накормленыя ваські і муркі бягуць у падвалы, на клумбы, на гульнявыя пляцоўкі, каб справіць прыродную патрэбу, актыўна "мецяць" дзверы пад'ездаў і прыпаркаваныя аўтамабілі, бо лічаць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі дваровай тэрыторыі. Па начах кашачая "грамада" нярэдка ладзіць шматгадзінныя "разборкі" з "канцэртамі".

Згодзен, што жывёлін трэба любіць і даглядаць, але клапаціцца, у першую чаргу, варта аб людзях. Колькі ў наш час хворых дарослых і дзяцей, якім неабходна дапамога. Гэта - шырокае поле для дабрачыннасці.

А наконт коцікаў і сабачак, выкінутых у двары, як надакучлівыя цацкі, поўнасцю падтрымліваю абаронцаў жывёлін. Перш чым завесці жывую істоту, трэба грунтоўна ацаніць свае магчымасці і ўмовы, асабліва тым, хто жыве ў шматкватэрных дамах. Падабраўшы бадзяжнага ката ці сабаку, у першую чаргу, трэба звярнуцца да ветэрынара і зрабіць прышчэпкі, а пасля вырашаць: пакінуць жывёліну сабе ці аддаць у клапатлівыя рукі. Калі ж гэта не атрымліваецца - абавязкова стэрылізаваць, каб не пладзіць армію бяздомных жывёлін.

Згодзен, гэта не гуманна. Таму буду ўдзячны ўсім, хто адгукнецца на мае разважанні з уласнымі парадамі ці крытыкай. Загадзя папярэджваю, што не прыму парады выкарыстаць супраць коцікаў паветраныя вінтоўкі, рагаткі, атруту ці іншыя спосабы іх фізічнага знішчэння, бо за іх гаротны стан адказнасць нясе чалавек.

Людзей трэба вучыць разумна і гуманна будаваць адносіны з жывымі істотамі, а "глухіх" і ўпартых - караць рублём. Напрыклад, амаль ва ўсіх краінах Еўрасаюза штрафы за кармленне бадзяжных жывёлін даволі істотныя, а хатнія каты і сабакі павінны мець пашпарты з пазначэннямі аб прышчэпках, ашыйнікі з чыпамі і нумарамі тэлефонаў гаспадароў. У гарадскіх кватэрах строга забараняецца гадаваць больш за дзве жывёліны аднаго віду. Такія меры . прывялі да таго, што ў сталіцы суседняй Літвы, горадзе Вільнюсе, дзе мне даводзіцца часта бываць, цяпер практычна няма бяздомных катоў. Раней жа бадзяліся дзясяткі каля шматпавярховых гмахаў.

I, нарэшце, прашу лічыць гэты артыкул зваротам ад абсалютнай большасці жыхароў нашых дамоў да адпаведных службаў з просьбай дапамагчы навесці парадак, абараніць нас ад бяздумнай дабрачыннасці.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ, жыхар дома № 16 па вуліцы Чырвонаармейскай горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/