П'юць бацькі - пакутуюць дзеці



Прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага са-вета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18. Пашыраным саставам спецыялісты службаў прафілактыкі раёна сабраліся, каб прааналізаваць выкананне рашэння па прызнанні нованароджанага дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Разгледзелі яшчэ два пытанні: ці прызнаваць дзяцей з сем'яў, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, у сацыяльна небяспечным становішчы.

"Зялёны змій" - кепскі сябар

Члены каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама прынялі рашэнне прызнаць, што дзяўчынка-дзевяцікласніца знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Віной усяму - паводзіны бацькі. На маці непаўналетняй у службаў прафілактыкі нараканняў няма: жанчына спраўляецца з працоўнымі і хатнімі абавязкамі.

Затое яе муж знаходзіцца на ўліку ў доктара-нарколага, наведвае спецыяліста нерэгулярна. Нядаўна яго засталі п'яным на рабочым месцы. Мужчына сцвярджае, што ў час працы спіртное не ўжываў, проста не паспеў працверазіцца. На рахунку аматара алкаголю ёсць тры адміністрацыйныя правапарушэнні і пройдзены папярэдні медыцынскі агляд для накіравання ў ЛПП. Члены савета прапанавалі яму не чакаць прымусовага накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, а прайсці курс добраахвотнага лячэння ў стацыянары. Аднак незалежна ад рашэння бацькі, сям'я будзе знаходзіцца на кантролі службаў прафілактыкі.

На першы раз папярэдзілі

З-за сямейнага скандала мужа і жонку, якія гадуюць двух непаўналетніх дзяцей, выклікалі на пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама. Разглядалася пытанне аб прызнанні дзяцей з гэтай сям'і ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Тым не менш, ярка выражаных прыкметаў недабрабыту не адзначаецца. Сям'я жыве ў дастатку, дзеці забяспечаны ўсім неабходным. Муж сцвярджае, што сямейны канфлікт адбыўся з-за алкаголю і накалу эмоцый. Пасля інцыдэнту мужчына прайшоў добраахвотную кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці. На першы раз дарослых папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў у далейшым. Таксама члены савета параілі сямейнай пары схадзіць на кансультацыю да псіхолага, каб наладзіць узаемаадносіны.

Не пагадавала і месяца

Каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама на мінулым пасяджэнні вынес рашэнне лічыць, што непаўналетняя 2019 года нараджэння знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сачыць за бяспекай жыцця немаўляці спецыялістам службаў гірафілактыкі нашага раёна давялося з-за паводзінаў маці. Жанчына раней жыла ў суседнім раёне. Яшчэ ў час цяжарнасці яна асабліва не задумвалася аб здароўі будучага дзіцяці: не выконвала патрабаванняў медыкаў, вяла амаральны лад жыцця, была схільная да бадзяжніцтва і ўжывання алкаголю.
Першым "трывожным званочкам" сталі роды, якія прайшлі дома без дапамогі спецыялістаў. Затым нованароджаную тэрмінова шпіталізавалі ў Гродзенскую бальніцу.

Гадаваць дзіця жанчына вырашыла на Дзятлаўшчыне, дзе мае аднапакаёвую кватэру. Магчыма, прымаючы такое рашэнне, гора-маці спадзявалася, што і кантроль з боку адказных службаў у іншым раёне будзе менш пільны. Аднак першыя дні знаходжання тут паказалі, што за сітуацыя ў сям'і сочаць. Жанчыну выклікалі на пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама, дзе па выніках праведзенага сацыяльнага расследавання прызналі, што немаўля знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і патлумачылі адказнасць згодна з патрабаваннямі Дэкрэта №18.

На жаль, жанчына не засвоіла ўрок. Праз некалькі дзён медыцынская сястра, якая прыйшла на патранаж немаўляці, не змагла трапіць у кватэру. З-за зачыненых дзвярэй чуўся плач. Медработнік паведаміла аб інцыдэнце ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Праз некаторы час гора-маці знайшлася: яна прыйшла з суседняга пад'езда, была нецвярозай.
Колькі маленькае дзіця знаходзілася адно - невядома, шчасце, што з ім не здарылася бяда.

Каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18, вывучыўшы сітуацыю, якая паставіла пад пагрозу жыццё дзіцяці, прыняў рашэнне аб накіраванні дакументаў y камісію па справах непаўналетніх райвыканкама для прызнання немаўляці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Камісія прыняла рашэнне аб адабранні дзіцяці, цяпер дзяўчынка будзе знаходзіцца ў Гродзенскім доме дзіцяці. Маці папярэдзілі, што ў яе ёсць паўгода, каб выправіць сітуацыю і вярнуць дачку. Калі гэтага не здарыцца, дакументы на пазбаўленне жанчыны бацькоўскіх правоў будуць накіраваны ў суд.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/