Пуцяводнае святло "Праменьчыка"



Сёлета свой маленькі юбілей - 10 гадоў работы - святкуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык". Адкрылася яно 1 снежня 2009 года на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Увесь гэты час "Праменьчык" саграваў сэрцы асаблівых людзей нашага раёна. Для многіх з іх ён стаў прыступкай да поспеху, адкрыў дарогу да значных дасягненняў. Напярэдадні юбілею аддзялення мы цікавіліся ў яго загадчыцы і навед-вальнікаў, чым стаў "Праменьчык" у іх жыцці.

Алена Калюцік, загадчыца аддзялення:
- Лічу, што і для спецыялістаў, і для наведвальнікаў (а іх больш за тры дзясяткі чалавек) "Праменьчык" стаў другім домам. Тут утульна і цікава: праз заняткі ў гуртках і секцыях, агульныя справы мы прывіваем людзям з абмежаванымі магчымасцямі навыкі самаабслугоўвання, садзейнічаем іх сацыялізацыі. На базе аддзялення працуюць гурткі "Сувенір", "Пчолка", "Эфект", "Рух - жыццё", "Арыгамі", "Квілінг", "Чароўная іголачка", клуб "Стасункі", у аграгарадку Дварэц функцыянуе сацыяльны пункт на выязной аснове "Калейдаскоп захапленняў", дзе сустрэчы ладзяцца раз у месяц. У нас дружная каманда спецыялістаў: кіраўнікі гурткоў Валянціна Саламевіч і Валянціна Баландзіна, трэнер па спорце Аляксандр Белавус, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Нічыпаровіч. Нельга не ўзгадаць тых, хто стаяў ля вытокаў аддзялення і ствараў надзейны падмурак для сённяшніх поспехаў: былую загадчыцу "Праменьчыка", цяпер дырэктара Цэнтра Таццяну Нікіпорчык, былога кіраўніка гуртка Аксану Будзько. Аддзяленне плённа супрацоўнічае з раённымі арганізацыямі грамадскіх аб'яднанняў "БелТІ", "БелТІЗ", Таварыствам Чырвонага Крыжа, раённым саветам ветэранаў, бібліятэкай, ЦКРіР, сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, царквой. Нашымі надзейнымі шэфамі з'яўляюцца педагогі і вучні гімназіі № 1 горада Дзятлава. Мы цесна сябруем з сям'ёй Шэлегаў. Сярод добрых традыцый "Праменьчыка" - штогадовы ўдзел у фестывалі "Славянскі базар" у Віцебску (за што маем узнагароды), шашачныя турніры з прызамі, паездкі на штогадовы фестываль "Калі мы разам - мы мацнейшыя", регулярны ўдзел у штогадовых абласных спартакіядах "БелТІ", паломніцтвы, экскурсіі, многае іншае. Я жадаю "Праменьчыку", каб ён і надалей аб'ядноўваў нераўнадушных людзей, саграваў нашы сэрцы дабрынёй, каб у перспектыве ў аддзялення з'явіліся ўласны транспарт і асобны будынак.

Анжэла Абярухціна, наведвальніца і стараста аддзялення:
- "Праменьчык" для мяне - гэта надзейнае сяброўства. Тут сустрэла неабыякавых людзей, якія ў любы момант прыйдуць на дапамогу. Вельмі ўдзячна спецыялістам аддзялення, якія многаму мяне навучылі. Дзякуючы кіраўніку гуртка "Пчолка" Марыне Генадзьеўне Шэлег, я змагла развіць дробную маторыку рук і мне стала лягчэй у быце. Ніколі не думала, што навучуся шыць, але "Чароўная іголачка" Валянціны Антонаўны Баландзінай дапамагла справіцца з гэтай на першы погляд непасільнай задачай. Аляксандр Аляксандравіч Белавус прапаноўвае нам простыя спартыўныя практыкаванні, на яго занятках цікава гуляць у гарадкі. Вельмі люблю загадчыцу аддзялення Алену Пятроўну Калюцік, да якой можна звярнуцца па жыццёвыя парады. Наогул, мы ўсе - дружная кагорта сяброў з дэвізам: "Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго!". Я жадаю "Праменьчыку" працвітання, усім нам - поспехаў і здароўя.

Ульяна Лукашэня, наведвальніца аддзялення:
- "Праменьчык" адкрыў для мяне новыя гарызонты. У жыцці з'явілася шмат сяброў і стасункаў. Я захапілася танцамі, змагла паўдзельнічаць у "Славянскім базары". Сёлетняя паездка на "Славянскі базар" супала з днём майго нараджэння, і падарункам для мяне быў білет на фестываль. Яшчэ я сябрую са спортам і штогод прымаю ўдзел у абласных спартыўных спаборніцтвах "БелТІ", рэгіянальных спаборніцтвах. Люблю наведваць гурткі "Пчолка" і "Чароўная іголачка". Стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх важных справах аддзялення. Сваім сябрам жадаю быць заўжды актыўнымі, "Праменьчыку" - паспяховай работы.

Аляксандр Калодка, наведвальнік аддзялення:
- "Праменьчык" - мой шчаслівы білецік. Дзякуючы аддзяленню, паспяхова ўдзельнічаю ў конкурсах рознага ўзроўню. Цяпер рыхтуюся да паездкі на "Містар чароўнасць" у Ліду. Там буду выступаць у трох намінацыях: прадстаўлю "Візітоўку", для артыстычнага конкурсу з сябрамі па аддзяленні рыхтуем танец "Спатканне", а ў намінацыі "Зоркі эстрады" выступлю ў традыцыйнай для мяне ролі Веркі Сярдзючкі. Яшчэ ў "Праменьчыку" я займаюся карыснымі справамі: дапамагаю вырошчваць кветкі, майструю сувеніры, шыю, займаюся спортам. Вельмі люблю аддзяленне. Сябрам і спецыялістам жадаю моцнага здароўя і вялікай удачы.

Іўліянія Шах, наведвальніца аддзялення:
- "Праменьчык" - мая другая сям'я. Тут добрыя і спагадлівыя людзі, якія падтрымліваюць усе мае пачынанні. Дзякуючы ім, адбылася мая творчая выстава малюнкаў, новая таксама запланавана на бліжэйшы час. Мяркую, кожны ведае, наколькі мастаку патрэбны гледачы. Аддзяленне дапамагло мне пабыць у многіх цікавых мясцінах: гэта і паходы з летнікам сям'і Шэлегаў "Світанак", і шматлікія падарожжы, і, безумоўна, паломніцтвы. Вельмі люблю сустрэчы з благачынным цэркваў дзятлаўскай акругі айцом Іаанам. Наогул, духоўная апека святароў і сястрынства мае для наведвальнікаў "Праменьчыка" вялікае значэнне. Спадзяюся, што і надалей аддзяленне будзе нас аб'ядноўваць і ажыццяўляць нашы самыя смелыя мары і надзеі.

Таццяна Рэгіневіч, наведвальніца аддзялення:
- "Праменьчык" для мяне - гадзіны радасці, праведзеныя побач з сябрамі. Асабліва падабаюцца спартыўныя мерапрыемствы, шашачныя турніры, гурткі. Мой любімы гурток - "Пчолка". Вельмі цікава падарожнічаць, бываць на розных мерапрыемствах. Сёлета, напрыклад, у складзе дэлегацыі аддзялення я з'ездзіла на "Славянскі базар" у Віцебск - такое не забываецца. Падабаецца сустракацца з удзельнікамі дабрачыннай місіі "Рука ў руцэ", з валанцёрамі з гімназіі. Мы шчаслівыя, што мы разам. Жадаю ўсім поспехаў, здароўя, дабрабыту.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Перевод материала газеты "Перамога" выполнен администрацией портала

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/