Пушчанскі востраў жыцця



Няўмольна бяжыць час, ператвараючы падзеі мінулых дзён у здабыткі гісторыі. Назаўсёды ў памяці народнай застануцца ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне і героях-земляках. Аб партызанскім руху на Дзятлаўшчыне вядома
нямала. Адна з яркіх яго старонак - работа партызанскага шпіталя ў Пушчы Ліпічанскай у перыяд са снежня 1942-га па ліпень 1944 года.

Дакладна вядома, што 5 мая 1942 года быў утвораны першы партызанскі атрад, які атрымаў назву "Арлянскі". Яго камандзірам выбралі Мікалая Рыгоравіча Вахоніна, начальнікам штаба - Валянціна Сцяпанавіча Біцько. Партызанскі рух набываў сілу, і аб'яднанне партызанскіх атрадаў прывяло да стварэння Ленінскай партызанскай брыгады. 3-за жорсткіх баёў з ворагамі было нямала параненых партызан, якім патрабавалася медыцынскае лячэнне. Спачатку шпіталь для іх "разгарнулі" пад адкрытым небам у Дубароўшчынскім лесе, затым з дапамогай Іосіфа Юр'евіча Філідовіча яго перамясцілі на востраў сярод балот Ліпічанскай Пушчы.

Начальнікам шпіталя стаў былы акружэнец Іван Елізаравіч Калмыкоў. На новым месцы абсталявалі ўтульныя зямлянкі, пабудавалі лазню, хлебапякарню, гаспадарчыя памяшканні, і 12 снежня 1942 года шпіталь пйчаў сваю работу. Да 9 ліпеня 1944 года ў ім паспелі вылечыць каля 500 параненых партызан. Успаміны Івана Калмыкова аб дзейнасці шпіталя ў свой час запісаў былы загадчык арганізацыйнага аддзела Дзятлаўскага РК КПб Аляксандр Юльянавіч Лях. Іх можна знайсці ў кнізе "За край родной", надрукаванай выдавецтвам Мінск "Беларусь" у 1978 годзе, таксама яны захоўваюцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У верасні 2019 года для пошуку месца размяшчэння партызанскага шпіталя была арганізавана выязная экспедыцыя пад кіраўніцтвам Валянціна Аляксеевіча Абухава, вядучага спецыяліста ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна. У ёй паўдзельнічалі праўнук Іосіфа Філідовіча - Мікалай Фёдаравіч Філідовіч, вадзіцель Мікалай Міхайлавіч Саўко і я, аўтар гэтага артыкула. Дарэчы, высветлілася, што Мікалай Фёдаравіч быў адзіным чалавекам, які ведаў месца, дзе знаходзіўся шпіталь. Праўнук героя-земляка працуе ў Дзятлаўскай сельгастэхніцы, захапляецца паляваннем, любіць збіраць грыбы, рыбачыць. У час паездкі ён падзяліўся ўспамінамі свайго бацькі, Фёдара Іосіфавіча, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанскім сувязным і правадніком.

За акном нашай машыны праносіліся маляўнічыя краявіды Пушчы Ліпічанскай. Вось і першы прыпынак - месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў хутар Іосіфа Філідовіча. Замест хаты - памятны камень з надпісам: "На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся і жыў Іосіф Юр'евіч Філідовіч (1874 - 1942 гг.) Пушчанскі Сусанін". На прысядзібным участку яшчэ засталіся старыя яблыні, груша, рэшткі калодзежа, але лес паступова "заваёўвае" гэту тэрыторыю.

Пошукі прадаўжаліся. Мікалай Фёдаравіч паказаў даволі цікавае месца, якое называлі "бугор". Бацька расказваў яму, што ў час пошуку партызанскага шпіталя фашысты высадзілі тут паветраны дэсант карных войскаў СС. Гэта адбылося пасля 16 снежня 1942 года (дзень, калі Іосіф Юр'евіч цаной свайго жыцця выратаваў партызанскі шпіталь). Ворагаў каля "бугра" сустрэлі партызаны. Адбыўся жорсткі бой, была знішчана значная колькасць эсэсаўцаў, але загінулі і 20 партызан. Пасля бою партызаны атрада прыехалі на падводах і забралі целы загінулых таварышаў, каб пахаваць іх.

Да нашага часу застаецца загадкай: хто загінуў і дзе партызанскія могілкі?

Блукаючы па гэтых мясцінах, мы зразумелі, што цяпер вельмі цяжка знайсці старую сцяжынку, якая вяла да шпіталя. Лес памяняўся: старыя ўчасткі даўно спілены, а маладняк перашкаджае дакладна вызначыць патрэбнае месца.

Дзякуючы вадзіцельскаму майстэрству Мікалая Саўко, удалося праехаць уздоўж меліярацыйнага канала да ўрочышча "Ройста". Далей - асушанае балота, вельмі небяспечнае, бо тут шмат бабровых шляхоў. Здалёк убачылі той лес, дзе быў шпіталь. Давялося вяртацца і некаторы час паблукаць, пакуль выйшлі да патрэбнага месца. А Мікалай Фёдаравіч узгадваў:

- Каб прайсці па кладках, якія вялі ў шпіталь, партызаны выстаўлялі назіральныя пасты. Параненых на конных падводах падвозілі да балота. Вартавы павінен быў даць сігнал на востраў - адзін ружэйны стрэл. Для бяспекі лёгкапараненым завязвалі вочы. 3 вострава прыходзілі санітары з насілкамі. Кладкі старанна маскіраваліся, а часцей іх знімалі. Пазней недалёка ад вострава была абсталявана ўзлётна-пасадачная паласа (аэрадром) для самалётаў з "вялікай зямлі". "У-2" забіралі цяжкапараненых, дастаўлялі зброю, боепрыпасы, харчаванне. У шпіталі працавалі вельмі кваліфікаваныя дактары і медыцынскія сёстры. Нямецкія акупанты так яго і не знайшлі.

3 успамінаў Аляксандра Ляха вядома, што дактарамі тут былі яўрэі Мяснік (галоўны доктар), Розенцвейх і Розенфельд. Ім аказвалі дапамогу медсястра Кацярына Іванаўна Трыфанава (будучая жонка Івана Калмыкова), санітары Ягор Рашэтнікаў (загінуў на фронце), Мікалай Савін (загінуў ад рук бандытаў у 1944 годзе), партызаны службы аховы і забеспячэння.

Праз некаторы час Мікалай Філідовіч падаў нам сігнал: знайшоў месца. Пайшлі ў накірунку, які ўказаў наш праваднік, спусціліся з ляснога пагорка, у алешніку, які расце ў былой балотнай упадзіне, убачылі месца размяшчэння партызанскага шпіталя. Перад намі адкрылася пляцоўка, парослая хмызняком і алешнікам. Выдзяляліся контуры тых месцаў, дзе былі зямлянкі, розныя па памерах, што сведчыць аб іх розным прызначэнні. Убачылі і магчымыя месцы калодзежа, пахавання памерлых ад ран партызан. Пасярод пляцоўкі адшукалі выкладзеныя кругам абпаленыя камяні, верагодна, след былога вогнішча. Зрабілі фотаздымкі, склалі схему шпіталя, абазначылі падыходы да вострава.

Больш дэталёвае вывучэнне гэтага месца мяркуем ажыццявіць у вясенне-летні перыяд з удзелам спецыяльнай пошукавай групы. А пакуль просім дапамогі ў жыхароў раёна: неабходна вызначыць месцы пахавання партызан, даведацца прозвішчы тых, хто лячыўся ад ран у шпіталі ці працаваў у ім са снежня 1942-га па ліпень 1944 года.

Інфармацыю можна паведамляць вядучаму спецыялісту ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянціну Аляксеевічу Абухаву па тэлефоне 2-15-03.

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, краязнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/