Прызёр міжнароднага фестывалю



У лістападзе 2019 года споўнілася 10 гадоў з дня ўтварэння Іаанаўскай сям'і. У сувязі з гэтым у Санкт-Пецярбургу прайшла юбілейная сустрэча "Іаанаўская сям'я - 10 гадоў працы і малітваў", у рамках якой быў праведзены Міжнародны фестываль народнай творчасці "Іаан Кранштацкі - святы нашага часу" з удзелам членаў Іаанаўскай сям'і Расіі і замежжа.

У намінацыі "Выяўленчае мастацтва" навучэнка Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Ломаць з работай "Памяць велічы" стала прызёрам фестывалю. Для ўрачыстага ўзнагароджання Марына і яе настаўніца Алена Гайдук былі запрошены ў Санкт-Пецярбург.

Урачыстае ўзнагароджанне аўтараў лепшых работ адбылося ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Санкт-Пецярбургу ў рамках афіцыйнай часткі міжнароднага фестывалю.

Іаана Кранштацкага шануюць у розных краінах. Ён упершыню ў свеце арганізаваў дзіцячыя яслі для дапамогі маці, умацоўваў веру, адукацыю, захоўваў патрыятычную і культурную спадчыну.

Дабрачынны фонд "Іаанаўская сям'я" плануе выпусціць альбом работ, напоўненых асаблівай стараннасцю, малітвай і любоўю, які ўбачаць у розных кутках нашай планеты.

Таццяна ШЭНАЕВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/