Прыёмнае дзіця ў вашай сям'і



Што варта ведаць, чаго не трэба баяцца Людзі, якія мяркуюць стаць прыёмнымі бацькамі, часта доўга вагаюцца, перш чым зрабіць важны жыццёвы выбар. У многіх з іх узнікае шэраг пытанняў, якія яны не адважваюцца задаць або не ведаюць, да якога спецыяліста звярнуцца па парады. У гэтым артыкуле разгледжаны асноўныя думкі, якія звычайна хвалююць будучых прыёмных бацькоў.

Дрэнныя гены

Магчыма, гэта самы распаўсюджаны стэрэатып аб дзецях-сіротах: "Усе дзетдомаўцы - дзеці наркаманаў і алкаголікаў, рана ці позна гэта выявіцца" - пачуць падобнае можна часта. Між тым, на фарміраванне асобы ўплываюць як гены, так і саЦыяльнае асяроддзе дзіцяці. Вядома, ёсць асаблівасці, якія сапраўды шмат у чым вызначаюцца генамі, напрыклад, тэмперамент ці матэматычныя здольнасці. Але пры гэтым не генамі вызначаюцца такія якасці чалавека, як сумленнасць, дабрыня, здольнасць любіць, быць шчаслівым. Тут усё залежыць ад сям'і і ад выбару самога чалавека.

Забіраючы дзіця ў сям'ю, мы мяняем сацыяльнае асяроддзе, і малое, як правіла, расце не такім, як яго кроўныя бацькі. Няма такіх генаў, як "ген крадзяжу" або "ген прастытуцыі". Гаворачы аб непрадказальнай спадчыннасці дзіцяці, будучыя прыёмныя бацькі часам забываюць, што родныя сын ці дачка таксама могуць аказацца не падобнымі на маму і тату. Калі прыёмная сям'я будзе жыць у страху перад генамі, у любых паводзінах дзіцяці адшукваць задаткі "амаральнага ладу жыцця" ці "крымінальнасці", то м'ожа ўзнікнуць сітуацыя "ажыццяўлення прароцтва".

У дзіцячых дамах-хворыя дзеці

На самой справе ўсё не так адназначна. У дзіцячых установах сапраўды шмат хворых дзяцей. Практычна ўсе маюць сацыяльна-педагагічную запушчанасць, парушэнні развіцця маўлення, многія - затрымку псіхічнага развіцця. Але трэба памятаць, што ўсе дзетдомаўскія дзеці знаходзяцца ў псіхатраўмуючай сітуацыі, у пастаянным стрэсе, што адмоўна ўплывае на здароўе. Яны перажылі вопыт адзіноты, пагарды, жорсткага абыходжання з боку родных бацькоў.

Адсутнасць у дзіцяці "значнага" дарослага і пачуццё пастаяннай татальнай неабароненасці перад светам нярэдка прыводзяць да сур'ёзных стратаў зда-роўя. Кінутае дзіця можа адставаць у развіцці не таму, што яго мама была алкагалічкай, а таму, што яно ў глыбокім стрэсе. Значная колькасць дыягназаў можа быць знята пасля паспяховай перадачы дзіцяці ў сям'ю.

У дачыненні да здароўя прыёмных дзяцей назіраюцца дзве крайнасці. Адны бацькі вельмі баяцца дыягназаў, іншыя, наадварот, упэўнены, што змогуць усё вылечыць любоўю. I тое, і другое не зусім правільна. Трэба раіцца з дактарамі, каб выразна разумець перспектывы дзіцяці і разлічваць свае сілы.

У сям'і прыёмнае дзіця пачынае новае жыццё

Магчыма, самая небяспечная памылка, што сіроты - гэта мілыя, цудоўныя, але кінутыя дзеці, якія вельмі хочуць да новай мамы і ўсё жыццё будуць ёй удзячныя. Думаць, што дзіця - гэта чалавек без мінулага, - памылка. Ёсць вопыт, які дзіця набыло да сустрэчы з прыёмнымі бацькамі. Часам, гЗіта вопыт гвалту ці няшчасця ў роднай сям'і, а часам - наадварот (у сям'і дзіцяці было добра, і яно востра перажывае страту), плюс вопыт выжывання ў дзіцячым доме. Нельга ўсё гэта проста забыць і ў адзін момант пачаць жыццё з чыстага ліста. Таму важна разумець, з якой сітуацыі да вас трапіла прыёмнае дзіця.

Ілюзорнае стаўленне да сямейнага ладу часам прыводзіць да тага, што некаторыя прыёмныя бацькі не спраўляюцца са сваей роляй. Пры прыняцці рашэння трэба пастарацца атрымаць максімум інфармацыі ад органаў апекі. А пасля старацца быць далікатнымі і ўважліва слухаць дзіця, што яно гаворыць пра мінулае жыццё, бо рэсурсы выхавання можна чэрпаць і ў добрым стаўленні да яго кроўных сваякоў.

Сэрца павінна "ёкнуць"

Сэрца падкажа, ці "наша" гэта дзіця, - такой думкай кіруюцца некаторыя будучыя прыёмныя бацькі, абмяркоўваючы нюансы падбору дзіцяці. Ці варта чакаць "сігнала" ад сэрца? Дзіця павінна быць фізічна прыемным, не выклікаць агіды, трэба, каб яго было прыемна абдымаць. Памятайце, што потым вы будзеце праводзіць разам 24 гадзіны ў суткі, і калі дзіця падабаецца, гэта дае сілы. Што тычыцца сітуацыі "сэрца ёкнула", то гэта рэдкі выпадак.

Эксперты папярэджваюць, што прыхільнасць да прыёмнага дзіцяці не з'яўляецца адразу, якім бы родным яно ні здалося пры знаёмстве ў дзіцячай установе. Для наладжвання добрых узаемаадносінаў з дзіцём трэба прайсці складаны перыяд адаптацыі. Першы год разам напэўна будзе няпростым, хоць і не абавязкова.

Браць дзіця ў сям'ю - складаная працэдура

На самой справе, падрыхтоўка дакументаў для прыёму дзіцяці ў сям'ю - працэс адносна просты і нядоўгі. Калі яшчэ на этапе збору дакументаў бацькоў палохае стаянне ў чэргах, ім цяжка знайсці час для праходжання навучання кандыдатаў у прыёмныя бацькі, то варта яшчэ раз задумацца, ці правільнае рашэнне яны прынялі.

Вольга ЛАМАКА, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/