Проста настаўніца



10 сакавіка 1948 года ў горадзе Навагрудку ў сям'і настаўнікаў Васіля і Ганны Івашкіных нарадзілася дзяўчынка Рыма, якая расла, вучылася ў школе, а закончыўшы яе, выбрала прафесію сваіх бацькоў. У1968 годзе паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на факультэт пачатковых класаў.

Так як вайна бацьку падарвала здароўе і ён хварэў, Рыме Васільеўне як старэйшай сярод сясцёр прыйшлося рана пачаць працоўную дзейнасць і вучыцца на завочным аддзяленні. 3 1966 па 1971 год яна працавала старшай піянерважатай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры на Навагрудчыне.

У 1973 годзе Рыма Нячай пераехала з мужам у Дзятлаўскі раён. Спачатку працавала старшай піянерважатай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў Нагародавіцкай васьмігадовай школе, затым выхавальнікам групы падоўжанага дня, настаўніцай пачатковых класаў у Раготнаўскай школе, сем гадоў адпрацавала ў Яварскай СШ, а з 1986 па 2004 год - у Вензавецкай сярэдняй школе. Так складваўся лес, бо мужа пераводзілі з аднаго месца работы на другое.

Настаўніцы пачатковых класаў у свой час была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. За дасягнутыя поспехі ў рабоце яна ўзнагароджана граматамі і дыпломамі раённага і абласнога значэння.

Рыма Васільеўна разам з мужам Аляксандрам Піліпавічам выгадавалі дваіх дзяцей - сына Андрэя і дачку Ганну, якія прадоўжылі працоўную дынастыю педагогаў. Андрэй працуе ў Гродзенскай абласной спартыўнай школе трэнерам па боксе, Ганна — дацэнт кафедры музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Бабуля з дзядулем дапамагаюць выхоўваць траіх унукау — Аляксея, Алену і Арцёма.

Калі ідзеш з Рымай Нячай па вуліцах горада Дзятлава, то складваецца такое ўражанне, што яе ведаюць усе. 3 ёю вітаюцца, цікавяцца аб здароўі.

Паважаную Рыму Васільеўну віншуем з юбілеем. Няхай жыццё праходзіць без клопатаў, ніколі не ведайце смутку і гора. Жадаем, каб побач былі верныя сябры, родныя людзі.

Калектыў Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/