Праз паўстагоддзя зноў маладажоны



У народзе кажуць, залатое вяселле бывае толькі раз у жыцці. Пяцьдзясят гадоў таму ў Навасёлкаўскім сельскім Савеце быў зарэгістраваны шлюб Сямёна і Тамары Баброўскіх, а праз палову стагоддзя яны зноў далі клятву вернасці, ужо ў Дзятлаве.

У зале рэгістрацыі ўрачыстых абрадаў сабраліся родныя і блізкія сям'і Баброўскіх. Юбіляраў павітала галоўны спецыяліст аддзела рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану Святлана Вінакурава і запрасіла па традыцыі стаць на ручнік - сімвал сумеснай сямейнай дарогі, якая і далей павядзе іх да брыльянтавага сямейнага юбілею.

Да запаветнай падзеі, якая адбылася пяцьдзясят гадоў таму, кожны з юбіляраў ішоў сваімі сцяжынамі. У 1949 годзе ў вёсцы Уланаўшчына Дзятлаўскага раёна ў Міхаіла і Анастасіі Баброўскіх нарадзілася другое дзіця - сын Сямён. Ішоў год за годам, у сям'і з'явіліся яшчэ шасцёра дзяцей. Нялёгкімі былі пасляваенныя гады, але ў любові, клопаце і сумленнай працы рос Сямён Міхайлавіч са сваімі братамі і сёстрамі. Па заканчэнні васьмі класаў Таркачоўскай сярэдняй школы паступіў у Навагрудскае прафтэхвучылішча, затым два гады служыў у арміі ў далёкай Германіі. У 1970 годзе, вярнуўшыся з войска, Сямён Баброўскі пачаў сваю працоўную біяграфію ў аўтабазе № 10 горада Навагрудка, дзе працаваў вадзіцелем аўтобуса. А далей 33 гады прысвяціў працоўнай дзейнасці на Новаяльнянскім камбінаце хлебапрадуктаў вадзіцелем пажарнай машыны, адкуль і сышоў у 2013 годзе на заслужаны адпачынак.

У 1951 годзе ў Ліжэйках, што на Дзятлаўшчыне, у сям'і Івана і Агаф'і Гранкоўскіх нарадзілася бойкая дзяўчынка Тамара. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, а Тамара і яшчэ тры яе сястры і брат, як і ўсе дзеці таго часу, вучыліся, гарэзнічалі і дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Тамара Іванаўна таксама скончыла восем класаў Таркачоўскай сярэдняй школы. Па заканчэнні паступіла ў Шчучынскае вучылішча на повара. Пасля вучобы працавала буфетчыцай у вёсцы Шабакова, затым шмат гадоў - касірам аўтавакзала ў гарпасёлку Наваельня. Свой працоўны стаж яна завяршыла таксама на Новаяльнянскім камбінаце хлебапрадуктаў майстрам на элеватары.

Іх лесы злучыў 1969 год, калі малады салдат Сямён, заслужыўшы доўгачаканы адпа-чынак на радзіму, ужо ішоў па родных мясцінах і завітаў у мясцовы буфет. Убачыўшы за прылаўкам маладую прыгажуню, радасна вымавіў:
- Усё старое, а буфетчыца новая...

Так адбылося знаёмства будучых мужа і жонкі. Але пра тое, што ім наканавана ісці разам па жыцці, тады яны яшчэ не ведалі.

Сямён вярнуўся ў войска і далей працягваў службу, а Тамара радавала сваей гасціннай усмешкай наведвальнікаў буфета. I толькі вярнуўшыся з войска, ужо будучы вадзіцелем аўтобуса, Сямён стаў заязджаць па цукеркі ў гэты прыдарожны буфет. Так сяброўства маладых людзей аднавілася і перарасло ў каханне, нарадзілася новая сям'я.

Маладажоны засталіся жыць у бацькоў ва Уланаўшчыне, дзе ў 1972 годзе з'явіўся іх першынец - сын Юрый. Мінула сем гадоў, і Тамара Іванаўна падарыла мужу і сыну адразу дзвюх дзяўчынак - двайнятак Таццяну і Наталлю. А праз год Баброўскія пераехалі жыць ва ўласны дом у гарпасёлку Наваельня, які самі ж будавалі з любоўю і цеплынёй.

За столькі гадоў сумеснага жыцця былі радасці і засмучэнні, былі смех і слёзы. Разам выгадавалі і ажанілі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Разам перажылі ўсе выпрабаванні і цяжкасці, захавалі ўзаемную любоў і адданасць, прайшлі сямейны шлях, які з'яўляецца выдатным прыкладам для пераймання.

Іх сын Юрый, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, паступіў на службу ратаўніком, развёў сваімі рукамі не адну бяду. Дочкі Таццяна і Наталля - медыкі, яны таксама, як і брат, дапамагаюць людзям. Юбіляры маюць чацвёра ўнукаў і прыгажуню ўнучку, якія радуюць іх сваімі дасягненнямі і поспехамі.

У марозны суботні дзень ва ўрачыстай абстаноўцы побач з дзецьмі і ўнукамі Сямён Міхайлавіч і Тамара Іванаўна паўтарылі клятву вернасці і кахання, якую давалі адзін аднаму пяцьдзясят гадоў таму, пакінулі свае подпісы ў ганаровай кнізе юбіляраў, павіншавалі адзін аднаго пацалункам і кранальным сямейным танцам. На добрую памяць аб урачыстасці ад Дзятлаўскага аддзела ЗАГС юбіляры атрымалі сімвал сямейнага дабрабыту - духмяны каравай.

За сваё жыццё і годнае выхаванне дзеці нізка пакланіліся бацькам, падзякавалі ім за клопат і любоў, зрабілі гэты важны для іх дзень па-сапраўднаму святочным і памятным.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/