Працоўныя перамогі хвінявіцкіх жывелаводаў



Добрай традыцыяй стала ў сельгасарганізацыях падводзіць вынікі работы за мінулы год, аналізаваць і планаваць тое, што трэба зрабіць, каб рухацца далей.

Лепшыя жывёлаводы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Хвінявічы" прымалі віншаванні ў сувязі з чарговай працоўнай перамогай у рамках акцыі "Наш жывёлавод".

Жывёлагадоўчая галіна вельмі важная для ўмацавання дабрабыту гаспадаркі. У 2017 годзе ў сельгаспрадпрыемстве атрымана 5014 кг малака, што на 379 кг больш, чым у 2016 годзе, а на МТФ "Парэчча 777" ад каровы ў сярэднім надаілі 6020 кг малака, важкі "плюс" склаў 507 кг. На высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўні праходзіць у гаспадарцы і сёлетняя зімоўка жывёлы. Такімі выдатнымі паказчыкамі можна ганарыцца.

Віншуючы жывёлаводаў са значнымі вытворчымі дасягненнямі, дырэктар прадпрыемства Мікалай Бубноўскі адзначыў, што пропускам у перадавікі з'яўляецца працавітасць і імкненне да станоўчых вынікаў у сваёй паўсядзённай працы. "Таму з упэўненасцю можна сказаць, што тыя, чые імёны гучаць сёння, ёсць сапраўдныя майстры сваёй справы, - сказаў Мікалай Анатольевіч. - Нашы работнікі заслугоўваюць самай шчырай удзячнасці. Жадаю вам захаваць і памножыць набыткі мінулых гадоў, рэалізаваць планы на бягучы год".

Словы прывітання і віншаванні жывёлаводам адрасавалі ў сваіх выступленyях старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Гранкоўскі, начальнік РУП "Селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі" Юрый Якаўчык, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" Наталля Зубко, а таксама спецыялісты і прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта гаспадаркі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі 47 работнікаў прадпрыемства, сярод іх: аператары машыннага даення, аператары малакаправода, брыгадзіры, галоўныя спецыялісты, механізатары, аператары па вырошчванні маладняку.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Слушко і галоўны ветэрынарны доктар Іван Апанасік таксама павіншавалі прысутных з прафесійнымі поспехамі, пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту. Яны адзначылі, што аснова добрых вынікаў - гэта зладжаная работа кіраўнікоў з усёй камандай жывёлаводаў. Ушанаванне лепшых працаўнікоў суправаджалася канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі артысты Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/