Працавітым людзям - пашана і ўдзячнасць



У рамках акцыі "Наш жывёлавод" падзякі і падарункі атрымалі лепшыя работнікі жывёлагадоўчай галіны КСУП "Жукоўшчына".

На Дзятлаўшчыне працягваецца акцыя "Наш жывёлавод", ініцыяваная рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, у рамках якой ушаноўваюць лепшых жывёлаводаў сельгасарганізацый.

Акцыя праводзіцца з мэтай паляпшэння санітарна-бытавых умоваў на жывёлагадоўчых фермах, стымулявання працы работнікаў жывёлагадоўлі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Першы месяц новага года прынёс нямала хвалюючых і прыемных момантаў для работнікаў жывёлагадоўчай галіны КСУП "Жукоўшчына".

Словы віншаванняў, Падзячныя лісты і гіадарункі ад Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК на пачатку года атрымалі адразу пяць жывёлаводаў.

Сустрэча старшыні Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака з лепшымі работнікамі сельгасарганізацыі праходзіла на малочнатаварнай ферме "Краглі".

Спачатку госці і работнікі спыніліся на пытаннях, якія тычацца арганізацыі і бяспекі працы, затым у сяброўскай гутарцы разгледзелі пытанні развіцці і агракомплексу, узгадалі, як змяняўся час, а разам з ім і гісторыя калгасаў, успомнілі перыяды рэканструкцый малочнатаварных фермаў на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, не засталіся па-за ўвагай і важныя аспекты штодзённых пытанняў па ўдасканальванні ўмоваў працы і вытворчых працэсаў.

Працягнулася сустрэча ўшанаваннем лепшых работнікаў прадпрыемства Падзячнымі лістамі і падарункамі ад Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Уладзімір Казак падзякаваў за добрасумленную і шматгадовую працу на жывёлагадоўчых комплексах і механізаваных фермах аператару па штучным асемяненні малочнатаварнай фермы "Погіры" Рэгіне Паўлоўскай, жывёлаводам малочнатаварнай фермы "Краглі" Галіне Зайцавай і Валянціне Аўцынавай, аператару па штучным асемяненні жывёл малочнатаварнай фермы "Краглі" Галіне Вайтушка, аператару малакасховішча малочнатаварнай фермы "Краглі" Вацлаву Грэйню.

Віншуючы адказных работнікаў з працоўнымі поспехамі, Уладзімір Фёдаравіч адзначыў, што за любымі дасягненнямі і паказчыкамі сельгаспрадпрыемстваў абавязкова стаяць людзі, якія ўкладваюць у сваю працу душу, уменні, час. Праца жывёлавода ва ўсе часы была і застаецца вартай павагі, а людзі са стажам - гэта людзі асаблівай загартоўкі, якія не баяцца цяжкасцяў і ведаюць, што клопат пра харчовую бяспеку - задача нумар адзін, якую неабходна выканаць, нягледзячы на знешнія абставіны. Дзякуючы тым, хто старанна працуе і ўкладвае ўвесь свой вопыт, уменне ў работу, дасягае добрых вытворчых паказчыкаў, поспехаў дасягае і прадпрыемства.

Уладзімір Фёдаравіч выказаў словы шчырай удзячнасці за працавітасць, вернасць абранай прафесіі, адданасць свайму працоунаму калектыву, роднай зямлі і пажадаў работнікам малочнатаварных фермаў моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ў сем'ях і новых вытворчых поспехаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/