Праца - справа гонару



Актывізацыя пазакласнаи дзейнасці па працоўным навучанні выклікае ў навучэнцаў не толькі цікавасць да прадмета, але і жаданне займацца ім дадаткова. Адной з форм пазакласнаи работы па прадмеце з'яўляецца тыдзень працоўнага навучання, які прайшоў у Казлоўшчынскай СШ.

Тыдзень прайшоў пад дэвізам "Праца - справа гонару, будзь у працы на першым месцы". У гэты перыяд прайшлі адкрытыя ўрокі, майстар-класы, дзе вучні паказалі свае веды па прадмеце, а настаўнікі працоўнага навучання прадэманстравалі свае майстэрства і талент. Усе мерапрыемствы былі падзелены на катэгорыі: агульныя, у якіх удзел прымалі ўсе жадаючыя, класныя, пазнавальныя і забаўляльныя, якія праводзіліся на перапынках. Змест усіх мерапрыемстваў адпавядаў праграмнаму матэрыялу. Пры іх падрыхтоўцы ўлічваліся ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Урокі працоўнага навучання праводзіліся ў музеі "Скарбонка продкаў нашых", у час якіх дзяўчынкі знаёміліся з сялянскім бытам.

Навучэнцы 9-11 класаў прынялі ўдзел у першым этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Выставу пад назвай "Кожны вучань і бацька па-свойму здольныя" падрыхтавалі вучні 5-11 класаў і іх бацькі. Уся выстава была эстэтычна ўпрыгожана і прадстаўлена па двух напрамках: "Нам засталася спадчына" і "Дары восені ў беларускім кошыку".

На працягу ўсяго тыдня праходзілі класныя мерапрыемствы-конкурсы: "Знаўцы працоўнага навучання", "Лепшая швачка" і "Лепшы сталяр", конкурс на лепшы рэцэпт прыгатавання беларускай стравы, выпуск калажоў і газет "Беларуская культура".

Вучні 9 і 11 класаў паказалі майстар-клас па завязванні мужчынскіх гальштукаў і жаночых шалікаў.

Цімураўскія і валанцёрскія атрады школы правялі акцыю "Добразычлівае сэрца". Яны аказалі дапамогу ветэранам вайны, адзінокім і пажылым людзям.

Адным з агульных мерапрыемстваў, якія праходзілі ў шосты школьны дзень, былі акцыі "Школа - тэрыторыя чысціні" і "Чысты лес".

Правядзенне прадметнага тыдня суправаджалася разнастайнай нагляднай інфармацыяй. Пастаўленыя задачы ў ходзе правядзення тыдня працоўнага навучання былі рэалізаваны цалкам.

Рамуальда ДОБЫШ, настаўніца абслугоўваючай працы Казлоўшчынскай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/