Праблемы - бацькоў, лёсы - дзяцей



На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх р айвыканкама разгледжаны хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі, і пытанні аб прызнанні непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Сын прыехаў пагасціць

У жанчыны некалькі дзяцей, але толькі адзін з іх непаўналетні, астатнія - дарослыя, двое працуюць вахтавым метадам у Расійскай Федэрацыі. На навагоднія святы адзін са старэйшых сыноў прыехаў у бацькоўскі дом. Святкаваў малады чалавек з размахам: у хаце збіраліся кампаніі, пасля застолляў жылыя пакоі выглядалі не лепшым чынам. Безумоўна, гэта звярнула на сябе ўвагу службаў прафілактыкі, паколькі сям'я даўно зна-ходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, маюцца пратэрмінаваныя запазычанасці за газ і электраэнергію.

Маці выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, але першы раз яна праігнаравала выклік і толькі на другі раз прыехала ў Дзятлава. Жанчына патлумачыла, што ў большасці выпадкаў, калі сын святкаваў, яна была на рабоце, аднак падобнае не апраўдвае гора-маці, наадварот, яшчэ больш насцярожвае спецыялістаў. Значыць, у такія перыяды малодшы хлопец-школьнік адзін быў сведкай "п'яных пасядзелак". Жанчыну папярэдзілі, што сітуацыя ў сям'і патрабуе тэрміновага вырашэння. Яна запэўніла членаў камісіі: "Старэйшы сын на днях павінен зноў надоўга выехаць на заробкі". Самой маці таксама нагадалі, што і ў яе бываюць праблемы з алкаголем, ёй трэба ў бліжэйшы час наведаць доктара-нарколага. Калі патрабаванні не будуць выкананы, сына-школьніка прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Гуляць у хованкі недавядзецца

У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва аб прызнанні двух непаўналетніх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На пасяджэнне камісіі прыйшоў толькі бацька (маці некалькі дзён не з'яўлялася дахаты).

Дарэчы, падобныя сітуацыі ў сям'і не рэдкасць: апошнім часам жыццё дарослых нагадвае своеасаблівы квэст. Маці дазваляе сабе прападаць на некалькі дзён, часам з'яўляецца разам з сябрамі, што выклікае гнеў бацькі і сямейныя скандалы.

Мужчына таксама дазваляе сабе "знімаць стрэс" алкаголем, толькі нядаўна ён уладкаваўся на работу пасля значнага перапынку. Самая незайздросная роля ў дзяцей: іх забываюць забраць са школы, адсылаюць на некалькі дзён да родных. Вядома, так быць не павінна, і члены камісіі аднагалосна прынялі рашэнне, што непаўналетнія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Цяпер у дарослых будзе шэсць месяцаў, каб паспрабаваць выправіць сітуацыю. Хутчэй за ўсё, гора-маці мала хвалююць дзеці, паколькі яна не прыйшла на пасяджэнне, на якім вырашаўся далейшы лёс сям'і. Спецыялісты службаў прафілактыкі параілі бацьку ўсур'ёз задумацца над гэтым. Магчыма, вярнуць непаўналетніх удасца толькі пасля афармлення разводу. Як вырашыцца праблема, цяпер залежыць толькі ад дарослых.

Яшчэ раз на тыя ж граблі

Гэта ненадзейная сям'я, дзе гадуюцца чатырохгадовая дзяўчынка і паўгадовы хлопчык, утварылася нядаўна, але адразу ж трапіла пад пільную ўвагу службаў прафілактыкі. Справа ў тым, што бацькі непаўналетніх - людзі з гісторыяй: маці пазбаўлена правоў на трох старэйшых дзяцей, бацька - на двух. Здаецца, вопыту ў дарослых дастаткова, каб не паўтараць былых памылак, але яны так і не ацанілі нармальнага жыцця і магчымасці самастойна выхоўваць маподшых дзяцей.

У новаўтворанай сям'і старыя праблемы: бацька дазваляе сабе выпіваць, збіраць сумніўныя кампаніі. Жанчына мала клапоціцца пра здароўе дзяцей і сваё ўласнае, нягледзячы на тое, што цяжарная. Нядаўна, напрыклад, яна трапіла ў бальніцу, а бацька застаўся на бальнічным з дзецьмі. Калі дактары заўважылі, што пацыенткі доўга няма ў палаце, забілі трывогу. Аказалася, што жанчына на таксі збегла дахаты, дзе "засядала" вясёлая кампанія. Спецыялісты службаў прафілактыкі, якія па гарачых слядах наведалі сям'ю, засталі бацьку моцна п'яным, дзяцей - галоднымі, у хаце панаваў беспарадак, у даступным для малодшай дзяўчынкі месцы знаходзіўся нож. Не дзіўна, што члены камісіі па справах непаўнапетніх райвыканкама на пасяджэнні адзінагалосна прызналі дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Былі святы - з'явіліся праблемы

Жанчына гадуе двух сыноў, старэйшы з іх - навучэнец ліцэя, малодшы - спецыялізаванай школы. У час навагодніх святаў хлопцы знаходзіліся дома, маці і айчым - святкавалі. Паколькі сям'я стаіць на ўліку як сацыяльна ненадзейная, праверыць абстаноўку сюды завіталі спецыялісты адказных службаў. Яны засталі бацькоў нецвярозымі, у гасцях знаходзіўся п'яны мужчына. У час прафілактычнай гутаркі айчым і госць палічылі за лепшае пакінуць кватэру, а маці засталася з непаўналетнімі.

3-за гэтага выпадку жанчыну выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, дзе нагадалі, што падобныя праблемы здараліся з ею і раней. Маці паабяцала выправіцца, бо разумев, што дзяцей могуць адабраць.

Памылкі ўсвядомілі

На мінулым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разглядалі сітуацыю ў сям'і, дзе гадуецца дзяўчына-падлетак, якую раней два разы прызнавалі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне, бо яе бацькі схільныя да злоўжывання спіртным. Тады з членамі камісіі сустракалася маці, якая некалькі дзён не выходзіла на работу з-за канфлікту. Гаворка вялася і пра старэйшага сына жанчыны, таксама схільнага да ўжывання спіртнога, які не пускаў у хату спецыялістаў службаў прафілактыкі. Жанчыну папярэдзілі, што калі сітуацыя не выправіцца і яны з мужам не пройдуць лячэнне ад алкагольнай залежнасці, дачку забяруць.

На чарговае пасяджэнне камісіі бацькі прыйшлі ўдваіх. У іх паводзінах намеціўся прагрэс: маці выйшла на работу, наладзіла адносіны з калегамі, яна і бацька пачалі курс медыкаментознага лячэння ад алкагольнай залежнасці. Мужчына, праўда, дапусціў прагул на рабоце, які ён патлумачыў згубленым мабільным тэлефонам. Больш добразычліва са спецыялістамі адказных службаў пачаў паводзіць сябе і старэйшы сын жанчыны. Гора-бацькоў папярэдзілі, што і надалей яны будуць пад узмоцненым кантролем.

Высвятляюць адносіны кулакамі

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва аб прыняцці мераў да бацькоў двух дзяцей. Дарослыя дазваляюць сабе высвятляць адносіны ў прысутнасці непаўналетніх, п'яны бацька паднімае руку на маці, жанчына часта ходзіць з сінякамі, што не застаецца незаўважаным спецыялістамі службаў прафілактыкі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што маці цяжарная, чарговае высвятленне адносінаў можа паставіць пад пагрозу не толькі яе здароўе, але і жыццё ненароджанага дзіцяці. Таму члены камісіі сур'ёзна пагаварылі з хатнім агрэсарам, патлумачылі яму, што рукапрыкладства можа прывесці за краты, тым больш, што мужчына ўжо быў судзімы. Абодвум дарослым парэкамендавалі звярнуцца да доктара-нарколага і, пажадана, да псіхолага, які дапаможа наладзіць адносіны ў сям'і. Мужа і жонку папярэдзілі, што пры паўторных канфліктах і злоўжыванні алкаголем яны застануцца без дзяцей.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/