Прааналізавалі кожную сітуацыю



У раённым выканаўчым камітэце прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18. Спецыялісты службаў прафілактыкі раёна сабраліся, каб прааналізаваць выкананне раней прынятых рашэнняў па прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы.

Разгледзелі таксама вынікі сацыяльнага расследавання, якое праводзілася ў адной са шматдзетных сем'яў горада Дзятлава, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, для прыняцця рашэння членамі каар-дынацыйнага савета: ці прызнаваць чацвёра непаўналетніх дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы.

Нагодай для сацыяльнага расследавання стала паведамленне супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных ciтуацыях, якія пры наведванні кватэры, дзе жыве шматдзетная сям'я, выявілі парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі. Пры наступнай праверцы недахопы былі ліквідаваны, аднак высветліліся іншыя праблемныя моманты.

Галоўныя з іх - сістэматычная адсутнасць прадуктаў харчавання, запазычанасць па крэдытах, неаплачаныя паслугі - сведчаць аб сямейным недабрабыце. Улічыўшы гэтыя факты, члены каардынацыйнага савета прызналі чацвёра дзяцей, якія гадуюцца ў сям'і, у сацыяльна небяспечным становішчы. Раз у квартал сітуацыя будзе аналізавацца. Сям'і будзе аказана сацыяльная падтрымка: двух дзяцей прапанавалі накіраваць на аздараўленне ў санаторый.

Пры аналізе выканання ранейшых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы сітуацыю ў кожнай сям'і вывучалі асобна. Усяго на пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама былі запрошаны законныя прадстаўнікі 76 дзяцей з 22 ненадзейных сем'яў раёна.

Праўда, некаторыя праігнаравалі выклік - з імі спецыялісты службаў прафілактыкі сустрэнуцца пазней. Па выніках аналізу ранейшых рашэнняў аб прызнанні ў сацыяльна небяспечным становішчы з уліку былі зняты пяць непаўналетніх, якія гадуюцца ў дзвюх сем'ях. 3 астатнімі сем'ямі па-ранейшаму будзе весціся работа па ўхіленні недахопаў, якія садзейнічаюць недабрабыту.

Сяргей СЁМУХА, старшыня суда Дзятлаўскага раёна
Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/