Пошце адданыя



Сучасная пошта актыўна працуе ў сектары лагістыкі, паштова-банкаўскіх паслуг, гандлю і прамой паштовай рассылкі, развівае інфармацыйныя тэхналогіі. Напярэдадні Сусветнага дня пошты карэспандэнтка газеты паразмаўляла з супрацоўнікамі аддзяленняў паштовай сувязі Дзятлаўшчыны і даведалася, як яны прыйшлі ў сваю прафесію, што ўваходзіць у іх абавязкі, ці могуць уявіць сябе ў іншай сферы дзейнасці.

Алена Анатольеўна Альшэўская. Начальнік аддзялення паштовай сувязі "Казлоўшчына".
Я працую ў аддзяленні з 1993 года. Спачатку была тут паштальёнам, потым — аператарам, намеснікам начальніка. 3 1998 года працую начальникам аддзялення паштовай сувязі. Прафесія падабаецца. У мае абавязкі ўваходзіць праца на касе, прыём справаздач ад паштальёнаў. Нашы паштовыя аперацыі — гэта прыём пераводаў, пасылак, заказных лістоў, карэспандэнцыі, паскоранай пошты. Таксама рэалізуем тавары, якія карыстаюцца попытам і калі параўноўваць з магазінамі, маюць
больш выгадную цану. Мяняць прафесію не хачу, бо я ўжо прывыкла працаваць на пошце і мне тут падабаецца. Калегам жадаю любові да сваёй справы, а таксама добрай зарплаты.

Галіна Іванаўна Глушкевіч. Паштальён па суправаджэнні і абмене пошты.
У дзяцінстве ў мяне была знаёмая нашмат старэйшая за мяне. Пасля заканчэння школы яна стала працаваць на пошце, а я за ёй назірала. Калі ў мяне пыталіся, кім хачу стаць, я заўсёды адказвала: паштальёнам. Я раблю абмен пошты, дастаўляю карэспандэнцыю, пасылкі, тавар. У мяне ёсць вялікі ўчастак раённых адрасоў, па якіх раздаю пенсію. Часам у чым-небудзь дапамагаю пенсіянерам, калі яны папросяць. Мая праца складаная, але я яе люблю, памяняла б, можа, толькі па стане здароўя.
Праца з людзьмі нялёгкая, таму жадаю сваім калегам спакою, добрых адносінаў у калектыве і з кліентамі, паспяваць выконваць рабочыя планы.

Людміла Бенядзіктаўна Радчанка. Арганізатар рознічнага продажу.
Спецыяльнасць у мяне гандлёвая. Спачатку я працавала тавараведам, потым перайшла на пошту. Tyт працую ўжо 20 гадоў. Можна сказаць, штo я ўсё жыццё звязана з гандлем, таму сваю працу мяняць не хацела б. Калі з'яўляюцца пытанні, то ўсё вырашаем і ўзгадняем з кіраўніцтвам.

Калегам у прафесійнае свята хачу пажадаць самага галоўнага — моцнага здароўя і дабрабыту ва ўсім.

Валянціна Лявонаўна Радзюк. Інструктар па эксплуатацыйных, вытворча-тэхнічных і арганізацыйных пытаннях.
Раней я працавала апрацоўшчыкам друку, затым узначальвала раённы "Саюздрук". На пошце працую з 1999 года, ужо амаль
10 гадоў займаю сваю цяперашнюю пасаду. У мае абавязкі ўваходзіць прыём падпіскі, працую з насельніцтвам Дзятлаўшчыны. Нават калі прыходзіцца сутыкацца з пэўнымі цяжкасцямі, стараюся, каб усё атрымлівалася добра. Усім работнікам пошты жадаю здароўя, сямейнага шчасця, любові, узаемаразумення, выдатнага настрою і прыемнай працы.

Алена Вячаславаўна Гінэль. Спецыяліст па продажах.
Я вучылася ў Брэсце, потым працавала аператарам сувязі, была старэйшай на страхавым участку. На пошце працую ўжо 26 гадоў. Заключаю дагаворы з іншымі арганізацыямі, працую з кліентамі, займаюся рэалізацыяй бланкаў строгай справаздачнасці, маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі. Магчыма, дзеля цікавасці, памяняла б прафесію і стала бухгалтарам. Але ўпэўнена, што новая праца была б блізкай да той, якую я выконваю цяпер, бо ўсё звязана з лічбамі і падлікамі.
Добра, калі чалавек адданы сваей прафесіі шмат гадоў — няхай так будзе ў маіх калегаў. Жадаю, каб у іх расла зарплата і заставаліся добрыя адносіны ў калектыве.

Ю. БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/