ПОМНІМ ТЫХ, ХТО ВАЯВАЎ



У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава прайшла тэматычная дэкада "Непераможная і легендарная", прысвечаная вайскоўцам. Не засталіся ў баку ад падзей і прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве вучні 7-х класаў.

Ушаноўвалі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія праходзілі службу ў Афганістане. Ёсць такія людзі і ў нашым раёне. Навучэнцы 7 "А" і 7 "Б" класаў сустрэліся з ветэранам вайны ў Афганістане Аляксандрам Васільевічам Юргелем.

Аляксандр Васільевіч нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, скончыў школу, Казлоўшчынскае вучылішча і быў прызваны ў войска. Служыць трапіў у паветрана-дэсантныя войскі і ўжо праз паўгода пасля прызыву апынуўся ў Афганістане. Няпроста было беларускаму хлопцу прызвычайвацца да пяцідзесяціградуснай спёкі, штодзённага фізічнага і маральнага напружання. Але салдаты заўжды дапамагалі адзін аднаму, былі гатовыя падставіць сяброўскае плячо.

Аляксандр Васільевіч расказаў школьнікам пра баявыя аперацыі, у якіх давялося паўдзельнічаць, пра першае пападанне кулі ў бронежылет і тое, што пры гэтым адчувае салдат, пра ранение. Было цікава даведацца пра сакчкі з парашутам. А яшчэ Аляксандр Васільевіч зазначыў, што для любога юнака служба ў войску — гэта гонар, бо ты абараняеш спакой сваёй краіны, а значыць і блізкіх табе людзей.

Школьнікі задавалі госцю шмат пытанняў, а пасля падзякавалі за захапляльны і павучальны аповед. На развітанне сямікласнікі падрыхтавалі невялікі канцэрт — пачыталі вершы, паспявалі песні пад гітару.

А праз тыдзень сярод вучняў сёмых класаў прайшоў рыцарскі турнір "Прыгожы ў баі, моцны ў страі', бо кожнаму будучаму абаронцу Айчыны неабходны такія якасці, як сіла, кемлівасць, спрыт, смеласць. Сапернікамі былі каманда "Шустрыкі" 7 "А" класа і каманда "Маланка" 7 "Б" класа. У якасці ганаровага госця і члена журы на турніры прысутнічаў ветэран Узброеных Сіл СССР Барыс Уладзіміравіч Лаўнік.

Хлопчыкі спаборнічалі ў розных практыкаваннях — бегалі на хуткасць у лыжных чаравіках, выконвалі сілавыя практыкаванні, трапна кідалі рэчы, гулялі ў гульню "Бойка пеўняў", вызначалі вайсковыя званні па малюнках пагонаў. У перапынках паміж эстафетамі дзяўчынкі, якія займаюцца чарлідынгам, танцавалі для ўдзельнікаў свята. Каманды не хацелі саступаць адна адной. Набліжаўся канец спаборніцтваў, а вынікі былі роўныя (12:12), аднак апошні конкурс даў камандзе "Шустрыкі" пераможны бал.

Граматы за ўдзел у конкурсе капітанам уручыў ганаровы госць школы Барыс Уладзіміравіч Лаўнік. Ён зазначыў, што ва ўсе часы мужчыны былі абаронцамі сваёй Айчыны і рыхтаваліся да гэтага з дзяцінства. Таму і сучасным хлопчыкам трэба больш увагі надаваць фізічнай і маральнай загартоўцы.

В. СТАРЫКАВА, настаўніца СШ №1 горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/