Перамаглі і песняй, і словам



Раз у два гады Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праводзіць рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці "Прывітанне, свет!" па розных намінацыях - ад тэатральнай, харэаграфічнай, вакальнай творчасці да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурсу відэастужак. На гэты раз ён быў прымеркаваны да Года малой радзімы і праходзіў пад дэвізам: "Я бачу свет ад вытокаў да будучыні".

Па словах дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Таццяны Ваніслаўчык, у студзені ў рамках абласнога занальнага адборачнага этапу на конкурс была прадстаўлена праграма выступленняў навучэнцаў установаў
агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Дзятлаўскага раёна, якая ўключала 14 нумароў. Абласное журы адзначыла якасць падрыхтоўкі, змест праграмы, новыя актуальныя накірункі творчасці вакальна-інструментальных ансамбляў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава (кіраўнік Валянцін Палухін), цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, (Дзяніс Клімовіч), ансамбля барабаншчыц гімназіі №1 горада Дзятлава (Святлана Андруніна).

Да ўдзелу ў абласным этапе былі запрошаны вакальна-інструментальны ансамбль "Арэал" сярэдняй школы №3 горада Дзятлава і рабяты, якія выступалі ў жанры мастацкага чытання, - Ягор Грыцук, навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы (кіраўнік Ларыса Радзівон), Аляксандр Радзецкі, навучэнец цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава (Таццяна Ваніслаўчык). Усе тры нумара дзятлаўчан былі высока ацэнены журы. Дыпломам другой ступені адзначаны ансамбль "Арэал", дыпломы першай ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама атрымалі Ягор Грыцук і Аляксандр Радзецкі. Акрамя таго, хлопцаў запрасілі прыняць удзел у гала-канцэрце Гродзенскай вобласці, прадстаўленым для рэспубліканскага журы, які прайшоў у горадзе Слоніме.

Мы пацікавіліся ўражаннямі ад паспяховых выступленняў.

Аляксандр Радзецкі:
- Прыняць удзел у конкурсе "Прывітанне, свет!" мяне запрасіла Таццяна Пятроўна Ваніслаўчык. Для мастацкага чытання выбралі твор Роберта Раждзественскага "210 крокаў", вельмі глыбою, філасофскі, пра чалавека на вайне, які мне адразу спадабаўся. Вядома, адчувалася хваляванне, але, выходзячы на сцэну, я пра яго забываўся, імкнучыся паказаць гледачам і прыгажосць вершаванага твора, і свае душэўныя перажыванні ў час яго выканання. Усе тры выступленні на розных этапах конкурсу былі паспяховыя, займеў дыпломы першай ступені ў раёне і вобласці, але хочацца спадзявацца, што паклічуць прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе. Падобныя мерапрыемствы лічу карыснымі для моладзі, бо яны дапамагаюць узрастаць маральна, прымушаюць задумвацца над выбарам чалавека, ставіць сябе на месца героя твора і ўвогуле зразумець свае ролю і месца ў жыцці.

Ягор Грыцук:
- Мы з Ларысай Вячаславаўнай Радзівон і Галінай Іванаўнай Масловіч рыхтавалі на конкурс урывак "Раніца ў нядзельку" з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля". Гэта вобразны, сакавіты беларускі твор, які я пастараўся ярка прадставіць на ўсіх этапах конкурсу. Працавалі шмат, і гэта дало плен, што пацвярджае дыплом першай ступені. Удзел у конкурсе паглыбіў мае захапленне літаратурай, надаў упэўненасці ва ўласных сілах, раскрыў здольнасці, а б якіх я раней не здагадваўся. Сваім равеснікам жадаю шмат чытаць, верыць у сябе, ніколі не здавацца. Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, сталі вядомы вынікі V рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці "Прывітанне, свет!". Дыпломам першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Мастацкае слова" ўзнагароджаны Аляксандр Радзецкі. 28-29 сакавіка Саша і яго педагог запрошаны для ўдзелу ў цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу і ўдзелу ў гала-канцэрце.

Валянцін Палухін:
- Мы рыхтавалі праграму для ўдзелу ў конкурсе, якая ўключала ўласныя нумары і сумесныя з ансамблем цэнтра творчасці. Дастойнае выступление атрымалася ў салісткі Лізавета Іода. Аднак найбольш высока журы ацаніла нашу музычную кампазіцыю "Чыстая, як сляза", якую рыхтаваў "Арэал". Песню выконвалі Лізавета Іода, Аліцыя Харэвіч, Ганна Дудкіна. Ім акампанавалі Ганна Болбат, Вікторыя Трайнель, Дыяна Болбат, Аліна Заяц, Дзмітрый Палухін, Мікіта Якубчык. Удзел у падобных конкурсах дае магчымасць паказаць сябе, пабачыць іншых, атрымаць новы вопыт, займець цікавыя ідэі. Мы не так часта выязджаем для выступления ансамблем, бо даехаць усім складам, настроіць апаратуру на новым месцы - працэс працаёмкі. Часцей "гасралююць" нашы салюты. Тым не менш, у гэты раз у ВІА ўсё атрымалася на ўзроўні, ды і ўвогуле сваім артыстам я жадаю любіць музыку, не кідаць заняткі на музычных інструментах нават пасля школы. Гэта карыснае захапленне дапамагае зрабіць наша жыццё больш яркім. Напрыклад, выпускнік Ілья Панько, калі прыязджае ў Дзятлава, абавязкова прыходзіць на заняткі ансамбля, рыхтуе з намі нумары.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/